Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галасы і твары плошчы: Юрась Сідун


Радыё Свабода Cвабода працягвае распавядаць пра людзей, якія пацярпелі з-за ўдзелу ў акцыях пратэсту на Кастрычніцкай плошчы. Юрась Сідун, дызайнэр, адзін з супрацоўнікаў інтэрнэт-рэсурсу studenty.by

Разам зь ягонай дзяўчынай Вольгай Кузьміч і сябрамі Юрася затрымалі ў першую ноч існаваньня намётавага лягеру. Дзесяць сутак, пакуль знаходзіўся на Акрэсьціна, Юрась пакутаваў ад невядомасьці. Ён ня ведаў, што сталася зь ягонай Вольгай – колькі ёй далі сутак і дзе яна знаходзіцца, ці даходзяць ёй перадачы. Апроч таго, у іхнай хаце засталіся котка і два папугаі. Перадаць ключы выглядала на немагчымае. Тым часам, сваякі ня мелі інфармацыі пра затрыманых, распавядае сястра Юрася, Хрысьціна Сідун.

(Хрысьціна: ) “У судах катэгарычна сьцьвярджалі, што нікога з затрыманых прывозіць ня будуць... Мабыць, інтуіцыя падказала, і знаходзячыся ў судзе Цэнтральнага раёну, я вырашыла пачакаць да апошняга... І дачакалася. Апошнім аўтобусам прывезьлі і Юрку. Сказаўшы, што пра гэтых людзей наагул забыліся, нават пратаколаў на іх няма...”

Цягам суду Юрасю ўдалося ўсё ж перадаць ключы ад кватэры. Хрысьціна кажа: нягледзячы на нэрвовае напружаньне, цягам 10 сутак арышту брата і ягонай сяброўкі былі і станоўчыя эмоцыі.

(Хрысьціна: ) “Уразіла, колькі сяброў высьветлілася і ў мяне, і ў Юркі, і ў Волі... Я нават не чакала! Людзі, зь якімі мы проста некалькі разоў кантактавалі-сутыкаліся, якіх я не лічыла блізкімі сябрамі, тэлефанавалі і рэальна дапамагалі... Мы дамаўляліся, займалі чаргу, каб перадаць перадачу, а пятай раніцы. Мяняліся, перадавалі, потым нехта падвозіў...”

На думку Юрася, улада меркавала запужаць людзей арыштамі. Але дамаглася цалкам супрацьлеглага выніку. \

(Юрась: ) “Адзін хлопец, які быў са мной у камэры, таксаваў уначы. Ехаў міма плошчы – яго затрымалі. Разам з ДАІшнікамі прыехаў на Акрэсьціна. Яму далі 12 сутак, сказаўшы, што ён выкрыкваў стандартныя лёзунгі “Ганьба” і гэтак далей. Праз гэтыя суткі хлопец выйшаў на волю зусім іншым чалавекам – пачаў прапаноўваць нейкія цікавыя акцыі свае, шэраг ініцыятываў...”

Магчыма, мяркуе Юрась, гэткім мэтамарфозам спрыялі ледзьве не сэмінары на тэму палітадукацыі, якія ладзіў Алесь Янукевіч, намесьнік старшыні БНФ. На думку Юрася Сідуна, прымаўка:“Усё, што ні робіцца, – да лепшага!” – акурат пра сёньняшні час Беларусі.

(Юрась: ) “Грамадзтва вельмі моцна зьмянілася. Гэтыя масавыя арышты зрабілі нашмат горш уладам, чым тым, хто сядзеў на Акрэсьціна. Людзі выходзілі з Акрэсьціна зусім зь іншым поглядам на жыцьцё і сытуацыю ў Беларусі. Мяне асабіста заўсёды стрымліваў фактар: маўляў, затрымаюць. Цяпер я ведаю, што страшнага й жахлівага ў гэтым нічога няма. Будуць яшчэ суткі – значыць будуць. Спакойна да гэтага стаўлюся”.
XS
SM
MD
LG