Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Віцебская моладзь правяла чарнобыльскую акцыю салідарнасьці (фота)<b/>


Радыё Свабода, Віцебск А палове на сёмую вечара 15 хлапцоў і дзяўчат прыйшлі да будынка Акадэмічнага тэатра імя Якуба Коласа са сьвечкамі і скруткамі паперы. На вачох у мінакоў, апрануўшы на твары рэсьпіратары, яны малявалі плякаты, прысьвечаныя трагедыі ў Чарнобылі.

Гэтую акцыю моладзь назвала таксама “акцыяй салідарнасьці”, бо няшмат хто з віцебскіх студэнтаў ды навучэнцаў мае магчымасьці паехаць заўтра ў Менск на “Чарнобыльскі шлях”. Пра гэта распавёў адзін з удзельнікаў акцыі ў Віцебску.

(Хлопец:) “Мы ня можам там быць заўтра, таму вырашылі зрабіць гэта тут – дзеля памяці загіблых ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, дзеля памяці загіблых ад палітыкі замоўчваньня наступстваў аварыі. А таксама на знак салідарнасьці з тымі студэнтамі, якія мусяць ехаць у забруджаныя раёны паводле разьмеркаваньня. Хаця гэта нелягічна і незразумела, навошта нашыя ўлады гэта робяць. Беларусі патрэбная свабода, Беларусі патрэбны новы прэзыдэнт і новая палітыка!”

Удзельнікамі акцыі сталіся студэнты розных віцебскіх навучальных установаў і сябры розных грамадзкіх аб”яднаньняў, у тым ліку й тых, што пакуль ня маюць ня тое што рэгістрацыі ў Мінюсце, але нават назвы.

Мінакі пачалі зьвяртаць увагу на купку маладых людзей, частка якіх малявала плякат, а частка – проста сядзела ўзбоч з запаленымі сьвечкамі. І нехта з “пільных грамадзянаў”, верагодна, патэлефанаваў ў міліцыю, бо неўзабаве аднекуль зьявіўся міліцэйскі патруль.

Міліцыянты чамусьці адразу зьвярнуліся да журналістаў, якія назіралі за падзеямі. І пакуль ахоўнікі парадку высьвятлялі, хто ёсьць арганізатарамі несанкцыянаванай акцыі, моладзь пасьпела разьбегчыся. Такім чынам, нікога з удзельнікаў не затрымалі, але акцыя доўжылася ўсяго каля 20-ці хвілінаў.

XS
SM
MD
LG