Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польскіх журналістаў не пусьцілі ў Беларусь


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Сёньня дзьве здымачныя групы польскага грамадзкага тэлебачаньня (TVP), нягледзячы на сапраўдныя візы і акрэдытацыі журналістаў, ня былі ўпушчаныя на тэрыторыю Беларусі.

Адна са здымачных групаў польскага грамадзкага тэлебачаньня накіроўвалася ў Менск самалётам, але ў аэрапорце беларускія памежнікі не дазволілі журналістам выйсьці ў горад і змусілі бліжэйшым рэйсам вярнуцца ў Варшаву.

Іншая здымачная група з штотыднёвай праграмы “Беларусь, Беларусь” накіроўвалася ў Менск аўтамабілем, але журналістам таксама не дазволілі перасячы мяжу.

Камэнтуючы гэтыя здарэньні, прэсавы прадстаўнік польскага грамадзкага тэлебачаньня Яраслаў Шчэпаньскі сказаў радыё Свабода.

(Шчэпаньскі: ) “Гэта хіба значыць, што польскае тэлебачаньне настолькі незалежны і аб’ектыўны сродак масавай інфармацыі, што беларускія ўлады ня вельмі яго хочуць бачыць у сябе. Мы, канешне, накіруем пратэст у МЗС Беларусі, але гэта ўжо традыцыйная рэч – нашых журналістаў не ў першыню не пускаюць у Беларусь і чакаць нейкіх канкрэтных тлумачэньняў не выпадае”.

Журналісты польскага грамадзкага тэлебачаньня ехалі здымаць Чарнобыльскі шлях.

Раней беларускія ўлады двойчы не пусьцілі ў краіну рэпартэрку гэтага ж тэлебачаньня Агнешку Рамашэўскую.
XS
SM
MD
LG