Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня ў Варшаве адкрыты Беларускі інфармацыйны пункт


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Сёньня былі згорнутыя намёты каля амбасады Беларусі ў Варшаве, якія прастаялі там паўтары месяцы – актывісты Саюза на карысьць дэмакратыі ў Беларусі з намётаў перабраліся ў офіс, дзе адкрылі Беларускі інфармацыйны пункт.

Намёт каля амбасады Беларусі ў Варшаве быў усталяваны 14 сакавіка перадусім дзеля таго, каб інфармаваць палякаў пра апошнія падзеі ў Беларусі і каардынаваць шматлікія акцыі пратэсту, што адбываліся ў тыя дні каля будынку пасольства.

(Славамір: ) “Былі такія моманты, калі я пачаў сумнявацца, але неяк перажыў усё і надалей упэўнены, што быў тут у слушнай справе. Мы яшчэ не скончылі змаганьне, гэта была толькі адна бітва”, - сказаў нашаму радыё 35-гадовы актывіст Зьвязу на карысьць дэмакратыі ў Беларусі Славамір, які дзяжурыў у намётах ад самога пачатку.

Цягам гэтага часу намёты наведалі шмат вядомых людзей – прадстаўнікі ўраду, кіраўнікі польскага Сэйму і Эўрапейскага парлямэнту. Жыхарам намётаў дапамагалі і звычайныя палякі – жыхары суседніх дамоў прыносілі ім гарачую ежу.

Адзін зь лідэраў Зьвязу на карысьць дэмакратыі ў Беларусі Віталь Лоцманаў кажа, што акцыя каля пасольства прайшла пасьпяхова:

(Лоцманаў: ) “Тое, што тут адбывалася, мела вялікі розгалас ня толькі ў Польшчы, але і ў іншых краінах Эўразьвязу – да беларускага пытаньня была прыцягнутая вялікая ўвага”

Спадар Лоцманаў кажа, што “Амбасада свабоднай Беларусі” – а менавіта так называлі намёты каля пасольства – не спыняе сваю дзейнасьць. Згарнуўшы намёты, актывісты Зьвязу пераехалі ў офіс у Варшаве, дзе быў адкрыты незалежны Беларускі інфармацыйны пункт.

(Лоцманаў: ) “Сюды змогуць прыйсьці беларускія студэнты, іншыя грамадзяне Беларусі, атрымаць сьвежую інфармацыю зь Беларусі, інфармацыю, якой няма ў афіцыйных СМІ. Мы будзем дапамагаць выконваць стыпэндыяльную праграму для студэнтаў, дапамагаць, як можам”.

Памяшканьне для дзейнасьці пункту пагадзілася выдзеліць дэпутат Сэйму ад кіруючай партыі “Права і справядлівасьць” Малгажата Гасеўска.

(Гасеўска: ) “Скажу так – калісьці дапамагалі нам і цяпер мы адчуваем абавязак дапамагаць тым, у каго свабоды і дэмакратыі няма. Я была ў Беларусі і бачыла, як людзі там патрабуюць ня толькі нейкіх матэрыяльных рэчаў, але менавіта звычайнай свабоды”.

Ужо ў бліжэйшыя дні інфармацыйны пункт пачне працаваць у нармальным рэжыме – у працоўныя гадзіны тут можна будзе атрымаць інфармацыйныя матэрыялы, паразмаўляць з кансультантам.

Адрас беларускага інфармацыйнага пункту ў Варшаве: вуліца Вашынгтона, 30/36 www.solidarni.com
XS
SM
MD
LG