Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская амбасада ў Эгіпце пацьвердзіла сьмерць беларуса


Ігар Карней, Менск Амбасада Беларусі ў Эгіпце афіцыйна пацьвердзіла, што грамадзянін Беларусі Аляксандр Шлык загінуў у часе тэракту 24 красавіка ў эгіпецкім курортным горадзе Дагабе. Цела загіблага беларуса ў адным са шпіталёў суседняга курорту Шарм-эш-Шэйха апазналі сябры, з якімі ён разам прыехаў адпачываць на Чырвонае мора ў мінулую пятніцу.

Амбасадар Беларусі ў Каіры Сяргей Міхневіч расказаў, што адзін з супрацоўнікаў дыпляматычнага ведамства афіцыйна пацьвердзіў факт гібелі грамадзяніна Беларусі Аляксандра Шлыка ў часе тэрактаў 24 красавіка.

(Міхневіч: ) “Ёсьць новая інфармацыя. На жаль, здарылася найгоршае, што магло быць. Паводле інфармацыі, якую мы атрымалі ад нашага супрацоўніка, які знаходзіцца ў правінцыі Паўднёвы Сінай, сапраўды, грамадзянін Рэспублікі Беларусь Аляксандр Шлык загінуў у выніку тэрарыстычных актаў”.

(Карэспандэнт: ) “І яго ўжо апазналі?”

(Міхневіч: ) “Так, яго апазналі ягоныя сябры і зараз амбасада працуе над тым, каб аформіць неабходныя дакумэнты і адправіць загіблага на радзіму”.

(Карэспандэнт: ) “Скажыце, ці ёсьць інфармацыя адносна іншых беларусаў, якія маглі быць у гэты час у Эгіпце?”.

(Міхневіч: ) “Працуем, працуем і над гэтым пытаньнем. Справа ў тым, што вялікія разбурэньні ў выніку выбухаў адбыліся, шмат якія дакумэнты страчаныя. Таму працуем у гэтым кірунку разам з турыстычнымі кампаніямі і ўладамі Эгіпту”.

Паводле афіцыйных зьвестак, разам з Аляксандрам Шлыкам загінуў і грамадзянін Расеі Леанід Цітарэнка – у момант выбуху яны якраз выходзілі з гатэлю. Аляксандр Шлык нарадзіўся ў 1976 годзе і да апошняга часу працаваў намесьнікам дырэктара кампаніі “Мистерия звука”, якая валодае сеткай крамаў у продажы музычнай прадукцыі. У Эгіпет Шлык адляцеў пры канцы мінулага тыдня.
XS
SM
MD
LG