Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне “Свабоды” – ці зьбіраюцца людзі на "Чарнобыльскі шлях"?


Радыё Свабода "Як вы ставіцеся да намеру апазыцыі зладзіць 26 красавіка "Чарнобыльскі шлях"? Гэтае пытаньне нашая карэспандэнтка задавала людзям на менскіх вуліцах.

(Карэспандэнтка: ) “Як вы ставіцеся да намеру апазыцыі правесьці заўтра Чарнобыльскі шлях?”

(Спадарыня: ) “Я лічу, гэта нармальна. Толькі вось што яны зробяць — гэта іншае пытаньне”.

(Карэспандэнтка: ) “Як вы ставіцеся да намеру апазыцыі правесьці заўтра Чарнобыльскі шлях?”

(Іншая спадарыня: ) “Адмоўна”.

(Спадар: ) “Мяне гэта не цікавіць. Я нават пра гэта ня ведаў, пакуль вы мне пра гэта не сказалі”.

(Спадарыня: ) “Гэта права апазыцыі. Апазыцыя, напэўна, патрэбная, безь яе прагрэсу ня будзе. Канечне, можна праводзіць, толькі без інцыдэнтаў розных”.

(Спадар: ) “Я супраць”.

(Хлопцы: ) “Нам, шчыра кажучы, гэта… Нам па барабане. Мы ідзем у краму”.

(Карэспандэнтка: ) “Як вы ставіцеся да намеру апазыцыі правесьці заўтра Чарнобыльскі шлях?”

(Спадар: ) “З задавальненьнем!”

(Іншы спадар: ) “Добра. Гэта неабходнасьць”.

(Карэспандэнтка: ) “Чым яна прадыктаваная?”

(Іншы спадар: ) “Я мяркую, гэта лішні раз паспрыяе зьяднаньню апазыцыі. Апрача таго, гэта пазытыўна ўвогуле адаб’ецца на правядзеньні ўсіх чарнобыльскіх нейкіх праграмаў”.

(Спадарыня: ) “Гэта павінна быць. Павінна быць! Каб усе гэта ведалі, усе гэта разумелі — што гэта такое было, каб гэта не паўтарылася нідзе”.

(Хлопец: ) “Добра ставімся”.

(Спадарыня: ) “Ой ня ведаю, ня ведаю… Чарнобыльскі шлях — гэта сур’ёзнае пытаньне. Памяць страшная. Але ўвогуле трэба, трэба”.

(Карэспандэнтка: ) “Гэта палітычная акцыя, з вашага гледзішча?”

(Спадарыня: ) “Чаму палітычная? Гэта гуманітарная акцыя, я лічу. А што, наш урад супраць гэтага? Ён не павінен быць супраць гэтага. Я мяркую, гэта памяць, і гэта натуральна — рабіць дзеля людзей, якія загінулі там, дзеля тых, хто там яшчэ працуе. Дык а чаму не падтрымаць? Ня супраць ураду, а падтрымаць гэтых людзей, падтрымаць беларускі дух. Вось што трэба зрабіць!”

(Спадар: ) “Я падтрымліваю”.

(Карэспандэнтка: ) “Які плён можа даць такая акцыя?”

(Спадар: ) “Гэта адзінае, што можа апазыцыя ў дадзены адрэзак часу. Я мяркую, што плён будзе ў пэрспэктыве. Будуць перамены”.

***

Першы раз беларуская апазыцыя правяла “Чарнобыльскі шлях” 26 красавіка 1989 году, на трэцюю гадавіну трагедыі. У гэты дзень зь ініцыятывы БНФ у Менску адбылася акцыя "Гадзіна смутку і маўчаньня". Яе ўдзельнікі (каля 8-10 тысяч чалавек) выйшлі на плошчу Незалежнасьці са сьвечкамі пад звон чарнобыльскіх званоў. Не было прамоваў, толькі плякаты зь лічбамі забруджваньня ды чорныя жалобныя сьцягі. З таго часу і дагэтуль дэмакратычныя сілы праводзяць акцыі “Чарнобыльскі шлях” штогод – у Менску і ў іншых гарадох. Адным з самых вялікіх быў “Шлях” у Менску ў 1996 годзе – на дзясятую гадавіну катастрофы. Тады шэсьце было азмрочанае жорсткім зьбіцьцём дэманстрантаў міліцыяй і АМОНам, дзесяткі людзей былі арыштаваныя. З 1997 году менскія гарадзкія ўлады не давалі дазволу на шэсьце, а толькі на жалобны мітынг. Тым ня менш, апазыцыя штогод ладзіла менавіта шлях – жалобнае шэсьце ў памяць ахвяраў Чарнобыля. У розныя гады ў гэтых традыцыйных акцыях удзельнічала ад некалькі тысячаў да некалькіх дзясяткаў тысячаў чалавек.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG