Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі ствараецца судружнасьць удзельнікаў намётавага лягеру


Радыё Свабода Міліцыя ня здолела адшукаць чалавека, які 24 красавіка на Кастрычніцкай плошчы Менску ўсталяваў сымбалічны намёт з надпісам “Нас не спыніць!”. Тым часам моладзь стварае судружнасьць абаронцаў намётавага лягеру.

Адказнасьць за акцыю, якая адбылася 24 красавіка на Кастрычніцкай плошчы, узяў на сябе незарэгістраваны рух беларускай салідарнасьці “Разам”. Паводле існых правілаў, імёны актывістаў не раскрываюцца. Гаворыць актывіст арганізацыі Дзяніс Дзянісаў:

(Дзянісаў: ) “Неабавязкова ведаць яго імя. Галоўнае, што гэта справа рук моладзі — значыць, справа ўсіх”.

Са словаў суразмоўцы, цяпер у Беларусі разьвіваецца працэс аб’яднаньня патрыятычнага моладзевага руху. “Ствараецца судружнасьць абаронцаў намётавага лягеру”, — кажа Дзяніс Дзянісаў і называе ўчорашнюю акцыю на Кастрычніцкай плошчы “удалым пачаткам”.

(Дзянісаў: ) “Сэнс быў у тым, каб паказаць, што сіла, якая паднялася дзякуючы намётаваму лягеру, нарастае”.

Пра прынцыпы, на якіх цяпер у Беларусі грунтуецца моладзевая салідарнасьць, гаворыць Крысьціна Шацікава:

(Шацікава: ) “У нас людзі з розных палітычных партыяў і рухаў. Гэта садружнасьць беларускай моладзі, якая жадае зьменаў. Патрыятычныя акцыі падтрымліваюцца намі адразу. Я тэлефаную, напрыклад, па трох нумарах. Гэтыя трое тэлефануюць яшчэ дзевяцярым. У сваю чаргу кожны зь іх — яшчэ траім. Літаральна праз хвіліны людзі з усіх бакоў падцягваюцца”.

Крысьціна Шацікава кажа, што сотавая структура арганізацыі напрацаваная ў намётавым лягеры:

(Шацікава: ) “Я называла свой нумар тэлефону й гаварыла: “Перадайце іншаму, няхай запамінае, каб пасьля не губляцца”. І цяпер у нас сабраныя практычна ўсе тэлефоны — больш як пяцьсот”.

Крысьціна Шацікава паведаміла таксама, што заўтра ўдзел у Чарнобыльскім шляху сябры судружнасьці абаронцаў намётавага лягеру пачнуць з Кастрычніцкай плошчы.
XS
SM
MD
LG