Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

А.Мілінкевіч: У нас ня толькі радыяцыйны, але і палітычны Чарнобыль


Радыё Свабода Сёньня ў Гомелі праходзіць навукова-практычная канфэрэнцыя “20 гадоў з Чарнобылем”, у ёй бярэ ўдзел лідэр аб’яднаных дэмакратычных сілаў Аляксандар Мілінкевіч. Вядомыя навукоўцы й палітыкі абмяркоўваюць экалягічныя, сацыяльныя й палітычныя наступствы аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

Навуковая-практычная канфэрэнцыя адбываецца ў офісе мясцовых дэмакратычных арганізацыяў, бо гомельскія ўлады адмовіліся здаць у арэнду памяшканьне ў палацы культуры. Лідэр аб’яднанай беларускай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч павітаў удзельнікаў канфэрэнцыі:

(Мілінкевіч: ) “Я казаў пра тое, што вялікае значэньне заўсёды маюць дачыненьні ўлады з грамадзянскай супольнасьцю. І ва ўсіх краінах, калі ёсьць праблемы, грамадзтва аб’ядноўваецца. А ў нас страшэнны падзел, проста бездань паміж уладай, рэжымам і людзьмі. Я гаварыў пра тое, што ў нас ня толькі радыялягічны Чарнобыль, а ў нас і палітычны Чарнобыль, і духоўны… Сёлета дзесяць гадоў палітычнаму Чарнобылю, калі адбыўся канстытуцыйны пераварот у выніку рэфэрэндуму”.

Акадэмік Іван Нікітчанка заявіў на канфэрэнцыі, што цяпер найгалоўнейшая мэта — гэта абарона беларусаў ад чарнобыльскай навалы.

(Нікітчанка: ) “Наступствы толькі пачынаюцца. Таму трэба на першае месца сярод усіх дзяржаўных праблемаў паставіць чарнобыльскія. Таму што беларусам пагражае выміраньне. Ад 1993 году ў нас ужо няма 462 тысяч чалавек, насельніцтва скарацілася. Да 2020 году мы не далічымся мільёна”.

Сярод амаль паўсотні удзельнікаў канфэрэнцыі было шмат актывістаў дэмакратычных арганізацыяў з розных гарадоў і мястэчак Гомельшчыны. Сьвятлана Гальдадэ, якая ў 1991—1996 гадах узначальвала гарсавет Гомелю, у сваім выступе на канфэрэнцыі казала пра тое, што сёньня, як і дваццаць гадоў таму, людзі ня маюць праўдзівай інфармацыі пра наступствы Чарнобылю.

(Гальдадэ: ) “Мы сёньня знаходзімся ў інфармацыйнай блякадзе па ўсіх праблемах, якія тычацца Чарнобылю. І таму наша задача сёньня ў тым, каб мы не былі хранічнымі чарнобыльцамі, а былі людзьмі, якія хочуць ведаць праўду, карыстацца гэтай праўдай, трымаць сваё здароўе пад кантролем, і самае галоўнае — здароўе нашых дзяцей, бо гэта здароўе нацыі”.

Пра недаход праўдзівай інфармацыі казаў і старшыня камісіі ў праблемах чарнобыльскай катастрофы ў Вярхоўным Савеце 13-га скліканьня Віктар Хоміч:

(Хоміч: ) “Калі мы ня будзем аб’ектыўна, навукова абгрунтавана інфармаваць насельніцтва аб праблемах Чарнобылю, то будзем ізноў залазіць у пастку гэтага інфармацыйнага вакуўму, блытацца, і ўвесь час падтрымліваць стрэсавую сытуацыю ў грамадзтве”.

Па завяршэньні канфэрэнцыі яе ўдзельнікі плянуюць ускласьці кветкі да Чарнобыльскай капліцы ў адным зь мікрараёнаў Гомелю. Мясцовая міліцыя папярэдзіла арганізатараў мерапрыемства, каб яны туды не хадзілі, на што кіраўнік штабу аб’яднаных дэмсілаў Віктар Карняенка адказаў, што такога права іх пазбавіць няможна. Плянавалася, што сёньня ў Гомелі адбудзецца мітынг, прысьвечаны 20-й гадавіне чарнобыльскай катастрофы. Аднак аблвыканкам ня даў на яго дазволу. Як будуць далей разьвівацца падзеі — пазьней у нашым эфіры й на сайце.
XS
SM
MD
LG