Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка вітае “адраджэньне” забруджаных тэрыторыяў


Радыё Свабода Сёньня Аляксандар Лукашэнка абляцеў на верталёце Калінкавіцкі раён Гомельскай вобласьці, дзе з вышыні агледзеў вернутыя ва ўжытак землі. У размове з жыхарамі вёскі Сырод Лукашэнка заявіў, што вяртаньне кінутых земляў — адзін з пунктаў дзяржаўнай праграмы.

Першае прызямленьне прэзыдэнцкага верталёта на Гомельшчыне адбылося на полі сельскагаспадарчага каапэратыву “Дружба—Аўцюкі” Калінкавіцкага раёну. Там кіраўніку краіны расказалі аб посьпехах у пераспэцыялізацыі сельгасвытворчасьці на тэрыторыях, што пацярпелі ў выніку катастрофы на ЧАЭС. Гаварылі, што пасьля пераарыентацыі гаспадаркі на вырошчваньне кукурузы й будаўніцтва тут кукуруза-каліброўнага заводу паўстала патрэба ў пашырэньні вытворчасьці. Аляксандар Лукашэнка паабяцаў дапамагчы фінансамі.

(Лукашэнка: ) “Калі ёсьць рынак і мы ўмеем гэта рабіць, сяляне гатовыя гэта рабіць з 50-працэнтнай рэнтабэльнасьцю, тады давайце вырашаць пытаньне з будаўніцтвам яшчэ аднаго заводу. Адным словам, пачакаем два-тры гады, а потым будзем прымаць канчатковае рашэньне. Урэшце, знойдзем мы гэтыя 20 мільёнаў даляраў і пабудуем завод, калі патрэбна будзе. А не патрэбна — пашырым гэты”.

У першыя гадзіны знаходжаньня на Гомельшчыне Аляксандар Лукашэнка зрабіў некалькі заяваў пра выкананьне дзяржавай чарнобыльскіх праграмаў. Паводле Лукашэнкі, людзі, колісь пераселеныя ў іншыя рэгіёны, не прыжыліся на новых месцах і цяпер хочуць вярнуцца. “Цяпер гэтыя працэсы ідуць”, — заявіў Лукашэнка.

Адзін з калінкавіцкіх актывістаў дэмакратычнага руху Васіль Сіліверст абураны, што праз дваццаць гадоў пасьля аварыі на ЧАЭС улады імкнуцца стварыць уражаньне, што на забруджаных тэрыторыях няма праблемаў. Спадар Сіліверст — ліквідатар-чарнобылец, інвалід ІІ групы. Праз два гады пасьля аварыі цягам шасьці месяцаў быў задзейнічаны на выратавальных працах непасрэдна ў Чарнобылі. Пасьля вяртаньня пачалі імкліва разьвівацца катаракта, хваробы сэрца і шчытападобнай залозы, зьявілася пухліна ў жываце. Аднак днямі Рэспубліканскі міжведамасны савет Міністэрства аховы здароўя вызначыў, што Сіліверст практычна здаровы і можа быць пераведзены на ІІІ групу.

(Сіліверст: ) “Гэта звычайны гвалт датычна нас, чарнобыльцаў. Прасьцей кажучы, нашыя льготы забралі сабе чыноўнікі й імі карыстаюцца. Яны цяпер, гэтыя чыноўнікі (а я маю канкрэтныя прозьвішчы) маюць ІІ працаздольную групу інваліднасьці. Але ж нейкім чынам зьвязалі гэта з тым, што яны нібыта інваліды Чарнобылю. Гэта вельмі шмат ільготаў дае, вельмі вялікую пэнсію. А мяне пачалі пужаць, што, маўляў, і ІІ групу забяром. Канечне, у мяне з гэтай прычыны быў эмацыйны выбух, пасьля чаго яны ўсё ж зрабілі крок назад. Гэта добра. У мяне яшчэ час ёсьць, дай Бог здароўя — і я даб’юся яшчэ чарнобыльскай групы”.

Падчас кантактаў Аляксандра Лукашэнкі з кіраўнікамі гомельскай вэртыкалі ня раз гучала, што забруджаныя тэрыторыі й надалей будуць актыўна ўводзіцца ў сельскагаспадарчы ўжытак. Заяўлена, што да канца 2006 году зь дзяржаўнага бюджэту ў Гомельскую вобласьць будзе накіравана больш за 33 мільярды рублёў капіталаўкладаньняў. Апроч усяго, працягнуць газыфікаваць чарнобыльскія раёны — цяпер у плянах Буда-Кашалёўскі й Брагінскі.
XS
SM
MD
LG