Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне на Меншчыне: ці бясьпечнае жыцьцё пасьля Чарнобылю?


Радыё Свабода Ці непакояць вас наступствы Чарнобылю? Ці зьвязваеце цяперашнія захворваньні з чарнобыльскай радыяцыяй? З такімі пытаньнямі наш карэспандэнт зьвярнуўся да жыхароў мястэчка Бараўляны Менскага раёну, дзе жывуць многія перасяленцы з чарнобыльскіх рэгіёнаў.

(Спадарыня Ала: ) “А што нам Чарнобыль?! Ужо ўсё прайшло з Чарнобылем”.

(Карэспандэнт: ) “Ці непакояць вас наступствы Чарнобылю?”

(Спадарыня Іра: ) “Мне ўсё роўна. Ад гэтага мне ня лепш і ня горш”.

(Спадарыня Вера: ) “Асабіста мяне — не”.

(Спадарыня Вольга: ) “Ну, вядома. Усіх людзей турбуе Чарнобыль”.

(Спадарыня Сьвятлана: ) “Так, вядома. Ужо маё пакаленьне — і тое пацярпела. Я лічу, што я пацярпела, хаця мне было дваццаць гадоў, калі адбыўся выбух”.

(Карэспандэнт: ) “Якія наступствы Чарнобылю ўсё яшчэ засталіся ў Бараўлянах?”

(Спадарыня Марыя: ) “Я сама зь Берасьцейскай вобласьці. Там у нас ёсьць радыяцыя. А тут — я ня ведаю”.

(Спадар Аляксей: ) “Я сам з Гомельшчыны — Кармянскі раён, вёска Струмень. Там у нас было больш як трыста дамоў. Дамы засталіся, а людзі разьбегліся. Вось у мяне дзьве сястры ў Гомелі, яшчэ адна ў Берасьці, яшчэ адна ў Маладэчне, я ў Бараўлянах”.

(Карэспандэнт: ) “Ці ёсьць у Бараўлянах радыяцыя?”

(Спадарыня Галіна: ) “Я не вымярала, ня ведаю”.

(Спадар Аляксей: ) “Ёсьць і тут радыяцыя”.

(Спадарыня Вольга: ) “Ня ведаю”.

(Спадарыня Надзея: ) “Тут шмат лякарняў. Ёсьць апраменьваньне. Таму можа быць”.

(Карэспандэнт: ) “Ці ёсьць у харчах, якія вы спажываеце, чарнобыльская радыяцыя?”

(Спадар Віктар: ) “Ня ведаю, ці гэта чарнобыльская, але радыяцыя ёсьць. У нас яна, пэўна, зьявілася раней за Чарнобыль. Тут знаходзіцца інстытут анкалёгіі”.

(Спадарыня Сьвятлана: ) “Так. Паглядзіце, ва ўсіх дзетак — дыятэзы. Я лічу, што гэта ад харчоў”.

(Карэспандэнт: ) “ Ці зьвязваеце вы цяперашнія захворваньні людзей з чарнобыльскай радыяцыяй?”

(Спадарыня Ганна: ) “Вядома. У мяне самой пачаліся праблемы з суставамі пасьля аварыі. Мне зрабілі апэрацыю, паставілі штучны пратэз. Дагэтуль не магу хадзіць. Мне кепска. Я сама мэдык, адпрацавала ў інстытуце анкалёгіі дваццаць гадоў. І пасьля Чарнобылю палезьлі ўсе гэтыя болькі”.

(Спадарыня Ларыса: ) “Цяпер неяк усе больш-менш супакоіліся. Але хацелася б, каб крыху больш увагі надавалася гэтым радыяцыйным праблемам”.

(Карэспандэнт: ) “Ці непакоіць вас Чарнобыль?”

(Спадар Генадзь: ) “Вядома! А як жа! Турбуе. Бо ёсьць жа людзі, якія напраўду пакутуюць з-за яго”.

(Спадарыня Сьвятлана: ) “Гэтае пытаньне нават не абмяркоўваецца. Натуральна, мы пацярпелі…”
XS
SM
MD
LG