Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыя папярэджвае кіраўнікоў партыяў пра магчымыя арышты


Радыё Свабода Пракуратура Менску папярэдзіла сябра рады аб’яднаных дэмакратычных сілаў Аляксандра Бухвостава, што прыходзіць на Кастрычніцкую плошчу перад пачаткам Чарнобыльскага шляху недапушчальна. Прыйсьці на плошчу пастанавіла рада дэмсілаў. Яна плянавала сабраць там актывістаў партыяў і грамадзянаў і давесьці іх да месца збору. Спачатку плянавалі распачаць Чарнобыльскі шлях ад Кастрычніцкай плошчы, але Менгарвыканкам дазволіў сабрацца толькі каля Акадэміі навук.

У зьвязку зь пераносам месца збору арганізатары Чарнобыльскага шляху непакояцца, што многія палітычна актыўныя грамадзяне будуць дэзарыентаваныя. Таму й вырашылі спачатку наведаць Кастрычніцкую плошчу, каб перавесьці людзей да месца дазволенага збору. Аднак міліцыя забараняе гэта рабіць, кажа заяўнік акцыі Віктар Івашкевіч.

(Івашкевіч: ) “У міліцыі мне заявілі, што калі на Кастрычніцкай плошчы зьявяцца палітычныя лідэры, то яны могуць быць арыштаваныя”.

Сёньня ж пісьмовае папярэджаньне пра гэта з гарадзкой пракуратуры Менску атрымаў адзін з актывістаў рады аб’яднаных дэмсілаў Аляксандар Бухвостаў:

(Бухвостаў: ) “Яны мне прыслалі паперу, у якой папярэдзілі, што калі мы пойдзем на Кастрычніцкую плошчу, то будзем прыцягнутыя да адказнасьці”.

Спадар Бухвостаў мяркуе, што гэткія ж папярэджаньні атрымаюць усе лідэры палітычных партыяў. Намесьнік кіраўніка аддзелу грамадзка-масавай работы Менгарвыканкаму Эдуард Тамільчык намеры прадстаўнікоў улады пракамэнтаваў гэтак.

(Тамільчык: ) “Ва ўсе СМІ дазвол аб правядзеньні быў разасланы. І правакаваць ня трэба, знарок ехаць на Кастрычніцкую плошчу й там зьбірацца”.

Пра новыя захады сілавых структураў Менску лідэр Партыі БНФ Вінцук Вячорка сказаў:

(Вячорка: ) “Гэта значыць, што ўлады асьцерагаюцца любых збораў людзей. Хоць насамрэч, калі людзі зьбіраюцца на іншым месцы, чым дазволена, варта даць ім магчымасьць перайсьці на дазволенае месца. І ніхто ня мае права нікому абмяжоўваць свабоду перамяшчэньня, калі гэта не зьвязана з парушэньнем закону. З гэтага мы й будзем зыходзіць”.

Улады Менску папярэдзілі заяўніка й старшыню аргкамітэту ў правядзеньні Чарнобыльскага шляху Віктара Івашкевіча, што недапушчальна выкарыстоўваць незарэгістраваную сымболіку. Акрамя таго, міліцыя адмаўляецца перакрыць рух грамадзкага транспарту й патрабуе, каб удзельнікі шэсьця ішлі па ходніках. Калі ж гэтыя патрабаваньні ня будуць выкананыя, спадара Івашкевіча папярэдзілі, што ён будзе аштрафаны альбо арыштаваны на 15 сутак.
XS
SM
MD
LG