Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьвесткі пра сьмерць беларуса ад тэрактаў у Эгіпце не пацьверджаныя


Алег Грузьдзіловіч, Менск Амбасадар Беларусі ў Эгіпце Сяргей Міхневіч пакуль не пацьвердзіў зьвестак пра ахвяры сярод беларусаў у выніку тэракту ў Дагабе. Між тым, некаторыя інфармацыйныя крыніцы называюць імя беларуса, які нібыта падзяліў лёс болей за дваццаці ахвяраў тэракту.

Ці ёсьць беларусы сярод ахвяраў тэракту, які адбыўся 24 красавіка на эгіпецкім курорце Дагаб? Зьвесткі на гэты конт супярэчлівыя. Некаторыя неафіцыйныя крыніцы пасьпелі паведаміць, нібыта сярод ахвяраў ёсьць беларус Аляксандар Шлык, аднак афіцыйна гэтая інфармацыя дагэтуль не пацьверджаная.

Вось што распавёў “Свабодзе” амбасадар Беларусі ў Эгіпце Сяргей Міхневіч:

(Міхневіч: ) “Цяпер гэтае пытаньне высьвятляецца. Наш прадстаўнік выехаў у Дагаб, каб на месцы ў ім разабрацца. Але афіцыйнай інфармацыі, што сярод загінулых ёсьць грамадзяне Беларусі, пакуль няма. Але ў нас ёсьць падазрэньні, што можа быць сярод ахвяраў тэракту і наш суайчыньнік. Таму мы й высьвятляем гэтае пытаньне на месцы”.

Паводле спадара Міхневіча, беларусы могуць быць на курорце ў Дагабе і як турысты, і як супрацоўнікі турбізнэсу. Сяргей Міхневіч мяркуе, што да канца дня будзе вядома, ці пацярпелі беларусы ад тэракту.

Раней агенцтва “Інтэрфакс” паведаміла, што сярод загінулых ад тэракту ёсьць беларус Аляксандар Шлык. Агенцтва спаслалася на зьвесткі беларускай турфірмы “Топ-Тур”. Між тым, у “Топ-туры” абверглі гэтую інфармацыю. Паводле супрацоўніцы “Топ-Туру” Вольгі Якаўлевай, у фірме вядома толькі , што такога чалавека шукаюць праз Інтэрнэт.

(Якаўлева: ) “Гэта ў Інтэрнэце напісана, што шукаюць такога грамадзяніна й што ён быццам беларус. Але гэтая інфармацыя ёсьць ва ўсіх, чаму яны спаслаліся на нашу фірму, я ня ведаю”.

Вольга Якаўлева адзначыла, што Аляксандар Шлык, якога шукаюць праз Інтэрнэт, у Эгіпет празь фірму “Топ-тур” ня выяжджаў. Паводле спадарыні Якаўлевай, шмат беларусаў трапляюць ў Эгіпет з дапамогай расейскіх турыстычных фірмаў, бо гэта таньней.

Паводле зьвестак з Эгіпту, у выніку тэракту ў Дагабе, які адбыўся ўвечары 24 красавіка, загінула болей за дваццаць чалавек. Зьвесткі пра колькасьць ахвяраў удакладняюцца.

***

Аляксандар Шлык, якога шукаюць праз Інтэрнэт, працаваў у менскай фірме “Містэрыя гуку”. Гэта “Свабодзе” пацьвердзілі ў фірме, але ня сталі камэнтаваць зьвестак пра тое, што ён стаўся ахвярай тэракту ў Эгіпце. Між тым, паводле інтэрнэт-рэсурсу naviny.by, беларус Аляксандар Шлык апынуўся сярод тых, хто пацярпеў ад выбуху ў горадзе Дагаб. Паводле naviny.by, пацярпелага Аляксандра Шлыка завезьлі ў шпіталь гораду Шарм-эш-Шэйх, ягоны далейшы лёс высьвятляюць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG