Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Чаму студэнтаў прымушаюць каяцца?


Валер Карбалевіч, Менск (эфір 20 красавіка) Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Удзельнікі: філёзаф Валянцін Акудовіч і культуроляг Максім Жбанкоў.

(Валер Карбалевіч: ) “Беларускіх студэнтаў прымусілі каяцца на сходах. Ужо былі тры выпадкі ў Беларускім эканамічным унівэрсытэце. Змушваньне да публічных пакаяньняў палітычных ці ідэалягічных праціўнікаў — рэч з гісторыі вядомая. Падчас сярэднявечных судоў інквізыцыі ерэтыкі, перш чым узысьці на вогнішча, павінны былі пакаяцца ў граху. Падчас сталінскіх рэпрэсіяў 1930-х гадоў апазыцыянэраў і “ворагаў народу” на сходах, а таксама на вядомых судовых працэсах прымушалі каяцца й, як тады казалі “раззброіцца перад партыяй”. Можна прыгадаць таксама, як падчас так званай “культурнай рэвалюцыі” ў Кітаі хунвэйбіны патрабавалі пакаяньня ад ворагаў Мао Дзэ-дуна на шматлюдных мітынгах. Навошта патрэбнае пакаяньне палітычных праціўнікаў?”

(Валянцін Акудовіч: ) “Рэч у тым, што юда-хрысьціянская мадэль цывілізацыі ў сваёй аснове мае панятак граху. Паводле яе чалавек нараджаецца ўжо грахоўным. Уласна кажучы, усё жыцьцё хрысьціяніна — гэта пакаяньне за першагрэх Адама й Евы. А інстытут споведзі — гэта пастаяннае пакаяньне чалавека за свае грахі. Калі чалавек пакаецца, то Бог яму даруе за ягоныя грахі. Таму страшна не рабіць грэх, а страшна не пакаяцца. Пакаяньне — натуральны чыньнік існаваньня эўрапейскага чалавека.

Але ёсьць розьніца. Адна рэч — пакаяньне, да якога ты прыходзіш сам, усьведамляючы сваю няправеднасьць, і пакаяньне пад прымусам. Прымусовае пакаяньне — гэта самы жорсткі, страшны інструмэнт маральнай ломкі чалавека. Калі чалавека змушаюць каяцца, то яго змушаюць выступаць супраць самага сябе, сваёй прыроды й ідэалаў. Таму таталітарныя рэжымы ўсіх часоў выкарыстоўваюць пакаяньне як інструмэнт ломкі сваіх праціўнікаў. Бо забіць чалавека — гэта страшна. А пакінуць яго жывым, але не самім сабой, — гэта найгоршае, што можна зрабіць з чалавекам”.

(Максім Жбанкоў: ) “У нашай сытуацыі гэтая ініцыятыва мае некалькі аспэктаў. Найперш, гэта форма псыхалягічнага ціску адначасова на пацярпелых і іхных калегаў. Гэта спроба адбудаваць нейкую калектыўную ляяльнасьць, прычым, выключна штучнымі мэтадамі. Па-другое, гэта пэўнае сканаваньне масавых настрояў. Ці падтрымаюць калегі таго, каму прапануюць пакаяцца, ці, наадварот — будуць паводзіць сябе ў звычайным фармаце канфармізму? Па-трэцяе, гэта спроба кіраўніцтва ВНУ абараніць сваю кар’еру, прадэманстраваць ляяльнасьць да ўлады. Мы маем справу з штучнай адбудовай ілюзіі адзінасьці пад сьцягам улады.

У той жа час, гэта выглядае не як рэпрэсіі, не судовыя працэсы, не зьбіцьцё спэцназам, а “мяккая” форма прэсінгу. Студэнтам нібыта кажуць: “Ніхто вас не выключае з унівэрсытэту. Толькі пакайцеся, выкажыце сваю гатоўнасьць падпарадкавацца сыстэме”. То бок, гэта нейкая штучная дэманстрацыя адзінасьці нацыі пад сьцягам агульнай ідэалёгіі”.

(Карбалевіч: ) “У Беларусі палітычная традыцыя прымушаць апанэнтаў цяперашняга рэжыму каяцца ўжо зьявілася колькі гадоў таму. Напрыклад, людзей прымушалі пісаць пакаянныя лісты на імя Лукашэнкі. Гэта было падчас скандальнай “справы Шарамета” ў 1997 годзе, справы Васіля Старавойтава і іншых. І вось цяпер таварыскія суды. Што азначае зьяўленьне такой традыцыі ў Беларусі? Як гэта характарызуе сутнасьць рэжыму?”

(Акудовіч: ) “Зьяўленьне такой традыцыі ў Беларусі — гэта, у пэўным сэнсе, знак вяртаньня да часу сталінскіх рэпрэсіяў у іншым выглядзе. Такі тып рэжыму ня можа існаваць без пакаяньня. Гэта патрыярхальная мадэль. У зьвязку з гэтай праблемай філёзаф Алесь Анціпенка мне нагадаў прыпавесьць пра вяртаньне блуднага сыну. Пакаяньне — інструмэнт вяртаньня пад бацькоўскую апеку. Ты можаш здрадзіць бацьку, недзе паблукаць па сьвеце. Але калі ты вяртаесься, то атрымліваеш дараваньне бацькі й дэманструеш падпарадкаваньне яму — зноў становісься членам сям’і. У нашым выпадку, членам вялікай агульнай сям’і, якую ўзначальвае Лукашэнка”.

(Жбанкоў: ) “Па-першае, мы маем справу з адраджэньнем у новых умовах орўэлаўскай схемы падвойнага мысьленьня, якое падзяляецца на вонкавае й патаемнае. Публічнае пакаяньне — гэта культурны рытуал, публічны крок, дэманстрацыя ляяльнасьці. Прычым, на мой погляд, на самай справе ніхто не разьлічвае на тое, што гэтае публічнае пакаяньне будзе мець сваім вынікам нейкія зрухі ў сьвядомасьці таго, хто каецца. Патрэбная толькі дэманстрацыя паслухмянасьці. Гэта таксама моцны прапагандысцкі крок, сыгнал тым, хто сумняваецца. Маўляў, вось глядзіце, чаго вартыя іхныя ідэалы. Адначасова пакаяньне — фіксацыя існаваньня ў грамадзтве іншых ідэалаў. Зь іншага боку, гэта знак таго, што з гэтымі ідэаламі трэба неяк лічыцца, няхай нават у фармаце адмовы ад іх.

Ва ўлады збольшага няма варыянтаў: альбо пакаяньне, альбо палітычныя судовыя працэсы. Даць права кожнаму на самастойнае мысьленьне — да гэтага варыянту наша сыстэма абсалютна не гатовая. Таму застаюцца толькі мяккія ці жорсткія формы прэсінгу. Мяккая форма — менавіта такія публічныя пакаяньні”.

(Карбалевіч: ) “Дагэтуль пераважаюць менавіта судовыя працэсы. А якіх практычных вынікаў хочуць дасягнуць кіраўнікі эканамічнага ўнівэрсытэту, прымушаючы студэнтаў каяцца? Яны імкнуцца такім чынам зьбіць апазыцыйныя настроі сярод студэнцтва, застрашыць, прынізіць апанэнтаў рэжыму, ці тут нешта іншае?”

(Акудовіч: ) “Пакуль незразумела, ці гэта прыватная ініцыятыва аднаго рэктара, ці гэта ідэя, сфармуляваная ў адміністрацыі прэзыдэнта і будзе распаўсюджаная на ўсе ВНУ краіны, а эканамічны ўнівэрсытэт выбраны пробнай пляцоўкай. Калі гэта прыватная ініцыятыва аднаго рэктара, то я яму выказваю самыя горшыя словы, якія можна выказаць публічна. Бо ён бярэ на сябе страшны грэх. Магчыма, гэта спроба засьведчыць сваю звышляяльнасьць. Магчыма, на яго ёсьць кампрамат. Калі гэта сыстэмная зьява, то яна можа сьведчыць пра дрэнныя рэчы. У сталінскі час пік пакаяньняў папярэднічаў масавым фізычным рэпрэсіям. Тады гэта знак, што ўлада гатовая пайсьці амаль на ўсё”.

(Жбанкоў: ) “Найперш, відавочна, што гэта патрэбна тым дэканам і рэктару, якія такімі сродкамі спрабуюць абараніць сваю кар’еру. Па-другое, гэтыя жэсты ляяльнасьці патрэбныя вышэйшай уладзе, якую запэўніваюць, што ўсё нармальна і пад кантролем. А напраўду гэта ня так. Трэба зьвярнуць увагу, што гэтыя пакаяльныя сходы будуюцца згодна з пэўным сцэнаром. У дэканат запрашаюцца студэнты з групы і размяркоўваюцца ролі. То бок, пакаяньне адбудоўваецца як нейкі прапагандысцкі рытуал. Ніякіх практычных вынікаў ад яго ніхто й не чакае. Гэта публічнае шоў.

Праца зь іншадумцамі ідзе ў кірунку не перакананьня, таму што аргумэнтаў няма, а запалохваньня. Але без асаблівага плёну. Бо пакуль на гэтых сходах абвінавачаныя студэнты не каяліся. Больш за тое, яны атрымалі масавую падтрымку другіх студэнтаў. Адміністрацыйны рэсурс сустракае супраціў моладзевай салідарнасьці”.

(Акудовіч: ) “Гэта знак таго, што наша грамадзтва, асабліва маладое, расьце. Моладзь ужо не баіцца рэпрэсіяў. Гэты пробны шар засьведчыў, што сіла ўлады пайшла на схіл”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, прымушэньне да публічнага адказу ад сваіх перакананьняў — зьява, характэрная для таталітарнага грамадзтва. І тое, што гэта пачало адбывацца ў вышэйшай навучальнай установе, сьведчыць пра той кірунак, у якім рухаецца дзяржава”.

(Акудовіч: ) “Дзяржава працягвае рухацца ў той бок, а грамадзтва ўжо зрушылася ў іншы бок. Гэта сытуацыя паказала разрыў паміж дзяржавай і грамадзтвам”.
XS
SM
MD
LG