Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэстаўрацыя ў Горадні выклікае трывогу ў гісторыкаў і археолягаў


Радыё Свабода, Горадня У цэнтры Горадні цяпер адбываецца маштабная перабудова Савецкай плошчы, якая знаходзіцца на падмурках старых камяніц, у тым ліку ратушы і палаца Радзівілаў.

Гарадзкі квартал на гэтым месцы забудоўваўся пачынаючы з 14-га стагодзьдзя. Каб абараніць ад будаўнікоў гістарычныя падмуркі, група моладзі нядаўна спыняла працу экскаватара. Трывожную сытуацыю ў Старым горадзе ўчора разглядалі ў гарадзенскім грамадзкім прэс-клюбе.

Цяперашняя сытуацыя нагадвае падзеі 20-гадовай даўніны. Тады ў горадзе ўтварыўся клюб “Паходня”, ім кіраваў прафэсар Міхась Ткачоў. Удзельнікаў турбавалі дзеяньні ўладаў адносна архітэктурных помнікаў. Сябры “Паходні” імкнуліся іх абараніць, не заўсёды ўдала.

Былы ўдзельнік “Паходні” Юрась Мацко сёньня займаецца кавальствам, таксама архітэктурным.

(Мацко:) “З пункту гледжаньня архітэктара-рэстаўратара, якім я раней працаваў, робіцца непапраўная шкода гістарычнай спадчыне нашага гораду. У свой час, канечне, “Паходня” шмат спрабавала зрабіць для захаваньня гістарычнай спадчыны. Але па вялікім рахунку, гэта справа не “Паходні” і ня нейкай грамадзкай арганізацыі, гэта справа дзяржавы — ахоўваць нашую гістарычную спадчыну.

Людзі ўжо прызвычаіліся да таго, што ўвесь час нешта руйнуецца, і я думаю, што ў пэўным сэнсе такая сытуацыя склалася з-за апатыі ў людзей”.

Тое, што моладзь спрабуе паўстрымаць будаўнікоў, можна вітаць, – гаворыць Юрась Мацко і зазначае, што 15 гадоў таму было лягчэй знайсьці агульную мову з уладамі. Такія праекты абмяркоўвала грамадзкасьць, а цяпер улады нават рэстаўрацыйныя майстэрні ў горадзе зьліквідавалі.

Адзін з маладых актывістаў, аматар гісторыі Янка Лялевіч гаворыць: яму дагэтуль ня верыцца, што на Савецкай плошчы яны чагосьці дамагліся.

(Лялевіч:) “Гэта была рашучая акцыя з боку моладзі: прыехалі спадар Дзяшко з “Гроднаграмадзянпраекту” і спадар Захарчук — архітэктар праекту. Яны нейк дзіўна пайшлі насустрач і сказалі: вой, якая цудоўная прапанова збудаваць выйсьце падземнага пераходу ў адзін бок. І, праўдападобна, гэтая акцыя выратавала гэтую частку падмуркаў”.

Але моладзь разумее, што любую акцыю, нават па абароне археалягічнага аб’екту можа спыніць міліцыя. На наступны дзень моладзь хацела правесьці на тым месцы флэшмоб, але там ужо чакалі міліцыянты.

Гісторык архітэктуры Ігар Трусаў згадвае, што ў 1992 годзе быў створаны праект аднаўленьня Старога гораду ў Горадні. Дарэчы, тады пра гэта дбалі старшыня гарвыканкаму Сямён Домаш і ягоны намесьнік Аляксандар Мілінкевіч. Праект накіравалі ў UNESCO, ён чакаў сваёй чаргі, маючы шанцы на ажыцьцяўленьне.

(Трусаў:) “А вось тое, што зрабілі на Савецкай плошчы, азначае, што гэты праект, які ў UNESCO ляжыць, хутчэй за ўсё ня будзе прыняты, гэта маё асабістае меркаваньне”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG