Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урад ПНР адзін зь першых пачаў інфармаваць пра Чарнобыль


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Польшча была першай замежнай краінай у сьвеце, дзе даведаліся пра значнае падвышэньне ўзроўню радыяцыі і дзе ўрад, нягледзячы на тое, што пры ўладзе тады былі камуністы, ужо празь некалькі дзён пачаў інфармаваць насельніцтва пра небясьпеку і рабіў захады ў абароне людзей ад наступстваў катастрофы.

У 80-я гады ў Польшчы існавала каля 140 станцыяў радыялягічнага кантролю, якія існавалі, каб рэгістраваць зьмяненьне ўзроўню радыяцыі на выпадак вайны.

Уначы з 27 на 28 красавіка, адна зь іх у мясцовасьці Мікалайкі – недалёка ад мяжы зь Беларусьсю – зафіксавала значнае падвышэньне ўзроўню радыяцыі – да Польшчы дайшла радыеактыўная хмара. У гэты ж дзень польскія навукоўцы паінфармавалі ўрад, што гэта хутчэй за ўсё вынік выбуху на нейкай з атамных электрастанцыяў.

Савецкі саюз, нягледзячы на адпаведныя міждзяржаўныя пагадненьні нічога Польшчы не паведамляў.

Успамінае прафэсар Збігнеў Явароўскі – у 80-я гады супрацоўнік Цэнтральнай лябараторыі радыялягічнай абароны:

(Явароўскі: ) “Наш урад быў адзіным урадам у Эўропе, які сабраўся ўвечары на паседжаньне ў гэтай справе – каля чацьвертай гадзіны раніцы запрасілі навукоўцаў, была створаная гэтак званая чарнобыльская камісія, якая вельмі эфэктыўна кіравала акцыяй абароны людзей ад наступстваў катастрофы. Ніхто ў сьвеце нічога падобнага не зрабіў”.

Ужо 29 сакавіка польскі ўрад загадаў не спажываць малако ад кароваў з рэгіёнаў, дзе можа быць забруджанай зямля, дакладна мыць грыбы і ягады, было вырашана набыць на Захадзе вялікую колькасьць малака ў парашку – людзі пачалі атрымліваць ёдавы напой.

Паводле навукоўцаў, такія хуткія захады выратавалі тысячы палякаў – ад 1986 году колькасьць ракавых захворваньняў у Польшчы не павялічылася.

Адметна, што на пачатку ва ўрадзе ПНР спрачаліся – паведамляць насельніцтву праўдзівую інфармацыю пра тое, што адбылося ці не. Праўду пачалі казаць ужо 30 красавіка, аднак адмяніць у краіне першамайскія дэманстрацыі камуністы не адважыліся.

У Польшчы добра ведаюць, што такое Чарнобыль.

“У пабытовых размовах, калі нехта кажа Чарнобыль, дык гэта сымбаль пагрозы, няшчасьця”, – кажа сацыёляг Ежы Новак.

Праз два тыдні пасьля выбуху ў Чарнобылі бард “Салідарнасьці” Яцак Качмарскі напісаў песьню, прысьвечаную трагедыі, дзе ёсьць такія словы:

"Іх забіваюць паволі Як бы мімаходам Не пужае і не баліць Паўзучая сьмерць каля парогу".
XS
SM
MD
LG