Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Галасы і твары Плошчы”. Віктар Грынчык


Міхал Стэльмак, Менск Радыё Свабода працягвае расказваць пра прыхільнікаў пераменаў, якія падчас нядаўніх прэзыдэнцкіх выбараў пацярпелі за падтрымку апазыцыйных кандыдатаў і ўдзел у акцыях пратэсту. Менскі праграміст Віктар Грынчык стаў палітвязьнем у дзевятнаццаць гадоў.

Віктар Грынчык – прыроджаны “тэхнар”. Паводле сваякоў, большую частку дня ён праводзіць за кампутарам:

(Віктар: ) “Я наагул займаюся праграмаваньнем. Гэта мая справа, мой бізнэс. Вучыўся ў каледжы сувязі, потым адтуль сышоў. Цяпер сярэднюю адукацыю атрымліваю ў вечаровай школе, потым буду паступаць у БДУІР”.

Пра акцыю на Кастрычніцкай плошчы Віктар даведаўся з навінаў незалежных інтэрнэт-сайтаў. Юнак вырашыў пабачыць пратэст на свае вочы. Акцыя ўзрушыла, і ён штодня пачаў прыяжджаць на плошчу. Цётка Віктара Галіна Дайнэка прыгадвае:

(Дайнэка: ) “Атрымалася, што ён застаўся толькі ў апошнюю ноч. Мы не маглі яго адгаварыць, таму што ён стаяў у шэрагах. Побач такія ж хлопцы. Мы ежу прыносілі. У адну ноч яго забраў бацька – прыехаў на машыне. А ў гэтую ён стаў і было бачна, што ён ня пойдзе. Як мы яго маглі адгаворваць, гледзячы ў твары гэтых маладых хлопцаў?!”

Прынамсі, учынак Віктара наўрад ці быў выпадковым. У сям’і, дзе ён рос, у асяродзьдзі сваякоў і блізкіх да свабодалюбівых ідэяў ставяцца як да вялікай каштоўнасьці. Гаворыць маці юнака Лілія Грынчык.

(Лілія Грынчык: ) “Дзеці гэтыя каму пагражалі?! Проста яны хацелі выказаць сваё меркаваньне. Яны там не стаялі п’яныя, як гэта апісвалі. Стаялі са сьвечкамі, з балёнчыкамі, з плякатамі. І за гэта хіба трэба было хапаць? Ужо страшна. У нас такое пачуцьцё, што можа стаць, як пры Сталіне. Што будуць саджаць і саджаць…”

За ўдзел у акцыі суд пакараў Віктара Грынчыка дванаццацьцю суткамі арышту, якія ён адбываў у Жодзінскай турме. Зьняволеньне, аднак, не зламала хлопца. Тут ён знайшоў шмат сяброў-аднадумцаў:

(Грынчык Віктар: ) “Было самае прыемнае тое, што з кім бы ты там ня меў зносіны, усё роўна адчувалася адзінства. Людзі там былі зьяднаныя адной ідэяй. Мы там разумелі адзін аднаго з паўслова. Такой кампаніі ў адным месцы, напэўна, нідзе не спаткаеш ва ўсёй Беларусі. Толькі, можа, хіба што яшчэ была такая на Плошчы. Дзе сабраліся людзі, вартыя павагі і вельмі каштоўныя”.
XS
SM
MD
LG