Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці захаваецца ў Беларусі памяць пра зьніклыя чарнобыльскія вёскі?


Радыё Свабода Паводле афіцыйных дадзеных, у Беларусі ад 1986 году страчана амаль 500 так званых “чарнобыльскіх” вёсак. Прыкладна столькі ж знаходзіцца ў стане адсяленьня юрыдычна альбо фактычна. З гэтай нагоды дзеячы беларускай культуры выказваюць занепакоенасьць стратай матэрыяльнай й духоўнай спадчыны.

Цяпер лічыцца, што вёску Савічы Брагінскага раёну ў 1986 годзе адсялілі памылкова. Усяго некалькі месяцаў тут пуставалі хаты. Але, як кажа мясцовая жыхарка Кацярына Чачко, лепшыя пабудовы разабралі й вывезьлі.

(Чачко: ) “ Калі я вярнулася, то маёй хаты ўжо не было. І ў іншых – нідзе й нічога. Паразьбівалі й закінулі. А людзі, якія выехалі, мужыкі й жанчыны – усе памерлі”.

Са словаў Кацярыны Чачко, зараз Савічам пагражае поўная ліквідацыя. Улада абяцае перасяліць тамтэйшых жыхароў у аграгарадок. Яшчэ летась Аляксандар Лукашэнка заявіў: за 5 альбо 7 гадоў тут у кожным “чарнобыльскім” раёне плянуецца стварыць да 15 паселішчаў новага тыпу. Але нават чыноўнікі мусяць прызнаць, што гэты экспэрымэнт абернецца новымі стратамі. Гаворыць начальнік управы Міністэрства культуры Васіль Абламскі.

(Абламскі: ) “Архітэктурная частка закансэрваваная. У якім стане – гэта таксама пытаньне на сёньняшні дзень. Больш складана, вядома, па духоўнай спадчыне...”

Раней у Гомельскай й Магілёўскай абласьцях працавала адмысловая экспэдыцыя па выратаваньні культурнай спадчыны чарнобыльскіх вёсак. Старшыня Беларускага фонду культуры Ўладзімер Гілеп даводзіць: ейная дзейнасьць спыненая заўчасна. “Улада цяпер таксама адмаўляецца ад яшчэ аднаго праекту такога накірунку”, – кажа суразмоўца.

(Гілеп: ) “Гэта тэма мэмарыялізацыі ўсіх зьніклых вёсак на нашай зямлі. Гэта ня толькі чарнобыльскія, але й тыя, што зараз зьнікаюць, калі зьяўляюцца аграгарадкі. Як захаваць назву вёскі й прозьвішчы яе насельнікаў? Зараз нават у сельсавеце не адшукаеш назвы вёсак, якія зьніклі 10 гадоў таму. Мы губляем агромністы пласт культуры разам з назвамі й прозьвішчамі”.

Заявіў Уладзімер Гілеп. Зь яго ініцыятывы Беларускі фонд культуры распачынае грамадзкую акцыю па складаньні поўнага сьпісу зьніклых вёсак у Беларусі пасьля 26 красавіка 1986 году.
XS
SM
MD
LG