Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чарнобыльскі мітынг ў Гомелі забаронены


Радыё Свабода Сёньня ў Гомелі павінны былі адбыцца мітынг, прысьвечаны 20-м угодкам чарнобыльскай катастрофы, і навукова-практычная канфэрэнцыя. Аднак аблвыканкам ня даў дазволу абласным арганізацыям Аб’яднанай грамадзянскай партыі і Партыі камуністаў Беларускай на правядзеньне мітынгу.

Адмоўлена дэмакратычным актывістам і ў арэндзе памяшканьня ў Палацы культуры таварыства глухіх “Віпра”. Тут меркавалася правесьці канфэрэнцыю з удзелам вядомых навукоўцаў у галіне чарнобыльскіх дасьледаваньняў прафэсараў Несьцярэнкі й Нікітчанкі, а таксама экс-кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Мілінкевіча.

Шмат хто ў горадзе лічаць, што ўлады пайшлі на такі крок дзеля таго, каб падчас традыцыйнай паездкі ў Гомельскую вобласьць кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі не гучала альтэрнатыўных меркаваньняў наконт пераадоленьня наступстваў Чарнобылю.

Вось што кажа адзін з заяўнікаў чарнобыльскага мітынгу, лідэр абласной арганізацыі ПКБ Уладзімер Сякерка.

(Сякерка: ) “Чарнобыльская праблема сама па сабе страшная. Але яшчэ больш страшнае жаданьне уладаў зьменшыць яе наступствы, падаць яе так, што ўжо нібыта ўсё вырашана. Менавіта такім шляхам ідуць улады, забараняючы мітынг у Гомелі. Цяжка зразумець, чаго больш палохаецца кіраўніцтва Гомельскай вобласьці – ці то адкрытага абмеркаваньня чарнобыльскіх праблемаў, ці таго, што на мітынг прыйдзе некалькі тысяч чалавек? А можа іх наагул спалохала тое, што на мітынг зьбіраўся прыехаць Аляксандр Мілінкевіч?”

Сказаў сакратар абласной арганізацыі ПКБ Уладзімер Сякерка.

Напрыканцы 1980-90-х гадоў мясцовыя ўлады не баяліся чарнобыльскіх мітынгаў. На іх зьбіраліся тысячы людзей, абмяркоўваліся набалелыя праблемы. Пры Лукашэнку мітынгі сталі забараняць. Тады актывісты Гомеля сталі ладзіць у гарадзкім сквэры “Гадзіны смутку”. Зьбяруцца, пагутараць, запаляць сьвечкі жальбы і смутку...

Сёлета з прычыны круглай чарнобыльскай даты і значнага падвышэньня грамадзкай актыўнасьці насельніцтва вырашылі аднавіць колішнюю практыку, аднак атрымалі адмову. Сябры АГП і ПКБ вырашылі паінфармаваць гараджанаў пра забарону мітынгу і канфэрэнцыі. І вось што атрымалася.

Распавядае сябра АГП Андрэй Толчын:

(Толчын: ) “Учора мы раздавалі ўлёткі наконт таго, што ўлады забаранілі правядзеньне мітынгу да 20-х угодкаў чарнобыльскай катастрофы. Але нават і з гэтымі ўлёткамі нас затрымала міліцыя. На маю думку, улады зацікаўленыя, каб людзі жылі з зашытым ротам і стаялі моўчкі, як быдла ў стойле”.

Меркаваньне грамадзкай актывісткі з Гомеля Кацярыны Гаравой.

(Гаравая: ) “Кожны год у чарнобыльскую зону з нагоды чарговых угодкаў прыяжджаюць прадстаўнікі ўлады, асабіста Лукашэнка. А калі людзі хочуць выказаць альтэрнатыўнае меркаваньне, сустрэцца са сваім лідэрам Аляксандрам Мілінкевічам, азначыць чарнобыльскія пытаньні, якія хвалююць, ім гэта забараняюць. Забараняюць нават распаўсюджваць улёткі. Чапляюцца да зарэгістраваных газэтаў. Гэта адбываецца таму, што ўлада хістаецца, баіцца. Яна баіцца таго, што грамадзяне выйдуць на вуліцы”.

Так лічыць актывістка Кацярына Гаравая.
XS
SM
MD
LG