Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Намэнклятура сябе адчувае пераможцам, і таму яна прыдумвае ўсё новыя сродкі, каб абавязкова прынізіць апанэнтаў”


Радыё Свабода Водгукі слухачоў за 23 – 24 красавіка. Круглыя суткі вы можаце тэлефанаваць па менскім нумары 290-39-52 і пакідаць свае водгукі на нашым аўтаадказьніку.

(Пэнсіянэрка Вашкевіч, Менск: ) “Паважаныя грамадзяне Беларусі! 26 красавіка спаўняецца 20 гадоў з дня чарнобыльскай катастрофы – самы чорны дзень для нашага народу. Дык давайце 26 красавіка запалім сьвечкі ў сваіх дамах у памяць аб тых людзях, якія загінулі, абараняючы нас, нашых унукаў і дзяцей. Нізкі паклон ім і сьветлая памяць!”

(Лідзія Пянькоўская: ) “Вельмі добра, што існуе рубрыка “Званкі на “Свабоду”. Вы ўяўляеце, колькі лукашыстаў, затаіўшы дыханьне, прыпалі да прымачоў у чаканьні, агучаць ці не агучаць іх прамовы. Асабліва мне падабаюцца іх катэгарычныя выказваньні. Гэта паказчык”.

(Міхаіл: ) “Раней вас перадавалі з добрай чутнасьцю. Сёньня пачуць вас немагчыма. Перадавайце, калі ласка, у дыяпазонах 25 і 31 мэтраў на двух частотах”.

(Васіль Бабіцкі: ) “Я праслужыў 18 гадоў на атамнай лодцы “Камсамолец”. А цяпер пачуў па радыё, што атам усё зьнішчае. Вы кажаце, што трэба змагацца з атамам. Калі адбылася катастрофа ў Чарнобылі, не было разумных людзей, якія маглі прадбачыць гэтую аварыю. У нас тэмпэратура падымалася да 1000 зь нечым градусаў, плавілася лодка, мы стваралі ўсе сыстэмы. А цяпер вы асуджаеце, кажаце, што дрэнна. Я ня ведаю, я б з такой пазыцыяй змагаўся… Што вы кажаце? Што вы робіце з народам? Трэба змагацца з усім гэтым, жыць трэба, выжываць, працаваць. А пужаць эканомікай, газам… Мы эканоміку падарваць можам… Лукашэнка для нас ніхто. Мы Лукашэнку можам прынізіць, але эканоміку, людзей прынізіць…”

(Міхаіл: ) “Далёка да выбараў я ведаў, што апазыцыя праваліцца з праграмай і прэзыдэнцкімі выбарамі. Чаму? Таму што не было ў апазыцыі свабоднай народнай газэты. Неабходна Канстытуцыяй увесьці народную незалежную газэту. Гэта па-першае. Па другое, Джугашвілі сказаў, што няважна, хто галасуе, важна, хто падлічвае. Фальсыфікацыя відавочная! Неабходна ў Беларусі стварыць дзьве партыі: гарадзкую народна-дэмакратычную партыю і сялянскую дэмакратычную партыю. І толькі мы ў Беларусі наладзім нашае жыцьцё! Толькі так трэба!”

(Спадар, Маладэчна: ) “Рэжым гэты абрыд! Хочацца проста адпачыць, пабыць дома зь любай жонкай. Я звычайны чалавек, хачу проста адпачыць. Я звычайны пацан, я проста хачу свабоды!”

(Спадарыня: ) “Прэзыдэнт стварае новы ўрад: маўляў, хопіць хавацца за яго сьпіну, ідзіце і працуйце. Так што ж? Скажа ім зрабіць якую подласьць, калі хто зь ня зробіць, дык вон з ураду?”

(Спадарыня: ) “Мілінкевіч быў невядомы. А цяпер хаця б ягонае прозьвішча шмат хто ведае. А дзейнасьць трэба рэклямаваць праз даступныя праграмы, каб большасьць чула і бачыла”.

(Спадарыня: ) “Сёньня будуць выбіраць новы ўрад. Але беларускія бюракраты кажуць, што ён тых самых паставіць, што былі, і што нічога ня зьменіцца. Мы верым, што пакуль Лукашэнка будзе пры ўладзе, лепш ня стане. Мы хочам, каб калгасы разабралі ва ўласнасьць, тады ня будзе гэтага бюракратызму. І хачу сказаць, каб Амэрыка паўплывала на Фідэля Кастра, каб Куба не пускала лукашэнкаўскіх чыноўнікаў. Бо самі ведаеце, што будуць зараз зброю вазіць, як у Ірак, на Кубу і ў Беларусь. І хочам, каб была мяжа з Расеяй. І трэба другія выбары рабіць, каб яго больш не было ў кандыдатах”.

(Уладзімер: ) “Наконт пакаяньня студэнтаў. Рэч у тым, што намэнклятуры, а рэктараў ВНУ таксама можна аднесьці да намэнклятуры, пакаяньне ў прынцыпе не патрэбнае, бо яны дакладна ведаюць, што студэнты ў асноўным не пакаяцца. Але для таго, каб чарговы раз прынізіць апанэнта, вось для гэтага і служыць такое вынаходзтва, як публічнае пакаяньне. Намэнклятура сябе адчувае пераможцам, і таму яна прыдумвае ўсё новыя сродкі, каб абавязкова прынізіць апанэнтаў. Гэта ўжо такая наша рэчаіснасьць”.

(Анастас Семяновіч: ) “Таварыш Лукашэнка просіць апазыцыю выказаць свае прапановы наконт чарнобыльскіх жыхароў. Я прапаноўваю, па-першае, скараціць на 100 % здаровых амонаўцаў і байцоў іншых спэцпадразьдзяленьняў. Пакінуць максымум 10 чалавек, каб вас ахоўваць ад народу. Гэта будуць вялікія сродкі. Па-другое, скараціць вайсковыя незаслужаныя пэнсіі, якія вы асабіста ім прызначылі. Яны павінны атрымліваць пэнсіі, як любы грамадзянін Беларусі. А пэнсіі чарнобыльцаў павінны быць павялічаныя як мінімум у 2 – 3 разы, як у вайскоўцаў на цяперашні момант. За кошт паляпшэньня харчаваньня іх жыцьцё павялічыцца ў два разы. Вось адкуль трэба браць сродкі для чарнобыльцаў”.

(Спадарыня: ) “Хачу сказаць, што Лукашэнка ў Менску робіць перастаноўку толькі ў сябе. А што да іншых мясьцінаў – тут такія князі парабіліся за 12 год, кіраўнікі калгасаў, райвыканкамы, аблвыканкамы, на якіх Лукашэнка нават не зьвяртае ўвагі, і яны што хочуць, тое і робяць. Дык як нам гэта цярпець? І, я лічу, што і выбіраюць прэзыдэнта вось гэтыя князі, таму Лукашэнка і ня хоча іх мяняць, бо яны яго выбіраюць. І атрымліваецца нейкі ланцуг – трымаюць адзін аднаго. Мне падаецца, што трэба з гэтым канчаць.

Наш прэзыдэнт – Мілінкевіч. Мы яго выбіралі. І Казуліна людзі выбіралі. Таму хай Мілінкевіч і кіруе нашай Беларусьсю, мы яму давяраем. А Лукашэнка з Масквы ўказаньні атрымлівае і кіруе так, як Маскве падабаецца. А ў Беларусі людзі хочуць жыць па-іншаму. І выбіралі яны Мілінкевіча!”

(Спадар: ) “Тут адзін лукашыст выступае супраць Мілінкевіча: маўляў, той нічога не абяцае, толькі свабоду, справядлівасьць – і больш нічога. А вось Лукашэнка нічога не абяцаў, а як толькі перамог, падняў цэны на прадукты, на лекі. А гэта ўжо будзе стабільная сьмяротнасьць, і стабільна будзе працаваць пахавальнае бюро. Так што нам век свабоды і справядлівасьці не відаць.

Па Радыё Свабода перадалі вынікі незалежнага апытаньня. За Лукашэнку прагаласавала недзе каля 60 %. Значыць, 40% за яго не прагаласавалі, і гэта ня кучка адмарозкаў, ён павінен з намі лічыцца, весьці з намі перамовы. Таму Мілінкевіч павінен зь ім сустрэцца і ад нашага імя весьці зь ім перамовы, выступаць па радыё, па тэлебачаньні так, як робяць у Расеі”.

(Ганна: ) “Забыць, выкінуць з памяці… Можа, камусьці гэта можна, камусьці так неабходна. А канкрэтны чалавек… Нарадзіўся Саша ў 1984-м. У 1995-м, у 11 гадоў – леўкемія, 80-працэнтнае паражэньне сьпіннога мозгу. Такі дыягназ паставілі хлопчыку ў 1-й клініцы Менску. Колькі дзяцей пайшло з жыцьця з такім дыягназам. Застаўся жывы Саша. Сказалі, яшчэ і з той прычыны, што маладая доктарка ў Лунінцы дала накіраваньне адразу ў рэспубліканскі цэнтар. Атрымаць пасьведчаньне інваліда Чарнобылю было не прасьцей, чым беларусам атрымаць прэмію Нобэля. Застаўся са сваім Чарнобылем сам-насам. Жыве хлопчык. Цяпер ужо 22. І каб ён не збудаваў да канца над сабой свой асабісты саркафаг... Адгукніцеся. Лунінец: 2-45-62”.

(Спадар: ) “У рабоў у Беларусі малая патрэба. Ім чарка, ім скварка, і лустачка хлеба”.

(Алехна, Менск: ) “Гвалтоўны і публічны прымус адмовіцца ад ідэалаў маральна зьнішчае асобу, ператварае яе ў істоту са статку. Успомніце 37-ы год. Тады шмат хто з пакаянцаў маральна зламаных скончыў жыцьцё самагубствам. Ганьба тым рэктарам, якія штурхаюць моладзь да самазьнішчэньня!”

(Віктар Буто: ) “Чаму ніякай працы апазыцыя не праводзіць праз сродкі масавай інфармацыі Расеі, дзе яшчэ можна беларусам даваць дакладныя зьвесткі пра Беларусь і апазыцыі пра сябе. Расейскія ўлады даюць грамадзянам Расеі заведама лжывыя зьвесткі пра беларускую апазыцыю, пра прэзыдэнта Лукашэнку, пра тое, што адбываецца ў Менску і ў Беларусі. Беларускія ўлады разам з расейскімі адкрыта і нахабна ператвараюць Менск і Рэспубліку Беларусь у найбольш прадажныя і небясьпечныя тэрыторыі для пражываньня”.

(Ніна Аляксееўна: ) “Малады чалавек хваліў Лукашэнку, што той разагнаў тусоўку са ста сарака чалавек. У гэтага лукамольца яўна нелады з матэматыкай. Адкуль узяліся яшчэ сотні арыштаваных патрыётаў? Паведаміце яшчэ раз па радыё, колькі было арыштаваных. Яго ж не адарваць ад прымача”.

(Спадарыня: ) “Я часта слухаю па расейскай “Свабодзе” праграму “Грани времени”. Гэта жывая размова з радыёслухачамі, дзе абмяркоўваюцца розныя надзённыя пытаньні. Ці нельга на Радыё Свабода таксама арганізаваць такую сувязь, такі вось дыскусійны клюб?”

(Віктар: ) “Хачу зьвярнуцца з гэтымі словамі, бо няма ўжо ніякага цярпеньня. Проста забадала нас Расея. Нас, рускіх, якія жывуць у Беларусі, недзе 15 працэнтаў. Але хачу сказаць парлямэнту Расеі, што ня варта ўмешвацца ў справы Беларусі. Мы разам зь беларускім народам сьцяной станем і абаронім дэмакратыю!

А цяпер зьвяртаюся да Мілінкевіча. Мы з вамі! І мы пераможам! Жыве Беларусь!”

(Спадарыня: ) “Чаму няма ў продажы дазымэтраў? Людзі самі кантралявалі б сваю ежу. Але, напэўна, улады працягваюць замоўчваць Чарнобыль, баяцца праўды”.

(Спадар: ) “Шчыра дзякую нашай моладзі за гераічны ўчынак 19 – 25 сакавіка. Яны не спалохаліся ўлады і выйшлі на плошчу Кастуся Каліноўскага абараняць незалежнасьць Беларусі. Вось каго трэба ўзнагароджваць ордэнамі Францыска Скарыны. Зь Вялікаднем, сябры! Хрыстос уваскрос! Жыве Беларусь!”

(Спадарыня: ) “Віншую ўсіх са сьвятам, зь Вялікаднем, у тым ліку Мілінкевіча і Казуліна! Жыве Беларусь!”

(Спадарыня: ) “Пытаньне. А як будзе з тымі, хто не стаяў на Кастрычніцкім пляцы, але пацярпеў ня менш ад гэтага сталінскага ГУЛАГу? Напрыклад, маё дзіцё, якое хадзіла ў школу: усяго толькі за тое, што мы казалі праўду, зь яго настаўнікі зьдзекаваліся як жандары. І для нас дзень вызваленьня – гэта выхад з той рэзэрвацыі, са школы. А таксама дактары зьдзекаваліся ўсяго толькі за тое, што сказалі праўду пра іх, як яны бяруць хабар – асабліва гэта здараецца ў раённых цэнтрах і ў маленькіх гарадах. Ці будзе аказаная падтрымка такім людзям? Гэта ж таксама барацьба за праўду, барацьба супраць улады”.

(Віктар Буто: ) “У мяне ніякага даверу да лукашыстаў, але і да тых, хто знаходзіцца ў апазыцыі. Хто б зь іх ні аказаўся пры ўладзе, яны займаюцца толькі адыманьнем правоў і на правы, і на свабоду ў мяне і ў іншых ліквідатараў ЧАЭС з артыкулам 19. Бо для тых, хто знаходзіцца пры ўладзе і для іх прадстаўнікоў, законы ня пісаныя. Ліквідатары ЧАЭС выканалі грамадзянскі абавязак, а не яны. У забруджаную зону прымусова накіроўвалі, калі існаваў Савецкі Саюз. То бо я належу да тых грамадзянаў Беларусі, якія больш за ўсіх пацярпелі ад чарнобыльскай катастрофы”.

(Спадар: ) “У сваіх перадачах вы ўвесь час Мілінкевіча называеце лідэрам дэмакратычнай апазыцыі. Цалкам з гэтым ня згодны. Каб стаць лідэрам, трэба зрабіць значную падзею. Напрыклад, Пазьняк стварыў Народны фронт, праводзіў шматлікія акцыі пратэсту і г.д. А хто такі Мілінкевіч? Гэта нікому невядомы чалавек, якога дэмакратычная апазыцыя на сваім зьезьдзе выбрала кандыдатам у прэзыдэнты. І ўсё. І Мілінкевіч на палітычным полі Беларусі нічога не зрабіў, каб называцца лідэрам. Нават калі павялі людзей на Акрэсьціна, то ўзначаліў іх не Мілінкевіч, а Казулін. Так што да лідэра Мілінкевічу яшчэ вельмі і вельмі далёка”.

(Спадарыня: ) “Хачу адказаць чалавеку, які назваў студэнтаў, які знаходзіліся ў намётавым гарадку, тусоўкай. У мяне такое ўражаньне, што гэты чалавек альбо сьляпы, альбо нейкі хворы. Назваць такую акцыю тусоўкай, выбачайце, і назваць замест 50 тысяч 140 чалавек... У мяне проста няма словаў, каб ахарактарызаваць гэткі тып! Незразумела, дзе ён жыве, можа, у нейкай яме, што ён нічога ня бачыць і слухае толькі БТ. Гэта такі абмежаваны чалавек, які сядзіць у нейкіх вузкіх рамках... Хай мне даруюць, але гэта проста ненармальны чалавек. Назваць тусоўкай такую акцыю людзей!

Ад прыхільнікаў Лукашэнкі часта чую, што рэвалюцыя правалілася. Калі яны ведаюць значэньне слова рэвалюцыя... Сапраўдная рэвалюцыя калі пачнецца, яе немагчыма перамагчы. І не пераможа яе ні Лукашэнка, ні БРСМ. Спрабавалі сумленна Аляксандар Казулін і Аляксандар Мілінкевіч, спрабавалі навесьці парадак у Рэспубліцы Беларусь. Але так атрымалася, што перамагла хлусьня, падман. Канечне, прасьцей перамагчы хлусьнёй і падманам, бо сумленным шляхам перамагчы Лукашэнка ня можа. Яму пагражаў другі тур, якога ён вельмі баяўся, бо другі тур ён бы прайграў”.

(Панькоў:) “Я афіцэр запасу. Але я ня згодны з палітыкай Лукашэнкі”.

(Спадарыня: ) “Хачу адказаць мужчыну, якому 65 год, які ня верыць, што ён дажыве да зьмены лукашэнкаўскага рэжыму. Мне вельмі шкада гэтага чалавека, бо ён лічыць лепшым мэтадам раз на месяц напіцца, каб нават ня ведаць, дзе ён там жыве. Хай ён ведае, што гэтым мэтадам ён проста губіць сваё здароўе. Калі ён будзе весьці правільны, здаровы лад жыцьця, калі ён будзе нейкім чынам садзейнічаць, хай нават пойдзе да суседзяў, пагутарыць, нават дасьць тэлефон Радыё Свабода, каб людзі выказалі сваё меркаваньне, ён ужо людзям дапаможа. А вось гэты мэтадам, калі ён там напіваецца, хай і адзін раз на месяц, то што зробіш гэтым п’янствам? Калі мы ўсе нап’емся, то мы сапраўды не дачакаемся. Трэба хоць нешта рабіць, ён жа можа зь кімсьці пагутарыць, падзяліцца, нешта падказаць. Ён жа дарослы чалавек, і адчуваецца, што ён супраць таго, што цяпер адбываецца”.

(Уладзімер Міхайлавіч, Смаргонь: ) “Што апазыцыя зьбіраецца цяпер рабіць? І што можа зрабіць менавіта для вас, апазыцыі, асобны чалавек?

Вы дасылаеце СМС-паведамленьні. Вялікі дзякуй, але гэтую інфармацыю я атрымліваю з вашага радыё”.

(Спадар: ) “Шмат на сьвеце цудаў, ёсьць і такое. Вялікая дзяржава энэргетычная. Цуд другі – вялікая аўтамабільная дзяржава, скакуноў арабскіх вырабляе. Ёсьць яшчэ адзін цуд – вялікая пральная машына. Пытаньне ў тым, што будуць адмываць, колькі атрымае прачка? Вось такія ў мяне пытаньні ўзьнікаюць. Першай краінай кіруе маленькі палкоўнік, другой краінай кіруе вялікі дурань, а трэцяй – вялікі паўбог. Вось такія ў мяне пытаньні і загадкі...”
XS
SM
MD
LG