Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Чарнобыльскі шлях”: міліцыя не дазваляе незарэгістраванай сымболікі


Радыё Свабода, Менск Старшыню арганізацыйнага камітэту для правядзеньня “Чарнобыльскага шляху” Віктару Івашкевічу ў панядзелак у гарадзкім упраўленьні міліцыі паведамілі, што падчас правядзеньня “Чарнобыльскага шляху” забаронена выкарыстоўваць незарэгістраваную сымболіку.

Адразу па завяршэньні гутаркі з кіраўніцтвам менскай міліцыі старшыня арганізацыйнага камітэту для правядзеньня “Чарнобыльскага шляху” Віктар Івашкевіч паведаміў “Свабодзе”:

(Івашкевіч: ) “Сказалі, што нельга падчас масавых мерапрыемстваў выкарыстоўваць незарэгістраваную сымболіку і падалі зь юрыдычнай камісіі даведку, што на сёньняшні дзень ніякая партыйная сымболіка не зарэгістраваная. Але я сказаў, што БНФ свае сьцягі будзе несьці ў любым выпадку. Мне сказалі, што за гэта я буду адказваць ці папярэджаньнем, ці штрафам, ці 15 суткамі. Я падпісаў”.

Намесьнік старшыні партыі БНФ Віктар Івашкевіч паведаміў яшчэ пра адно абмежаваньне. Раней міліцыя абяцала перакрыць дарожны рух падчас шэсьця, аднак цяпер менскія ўлады вызначылі, што ўдзельнікі “Чарнобыльскага шляху” павінны ісьці па ходніках.

(Івашкевіч: ) “Сказалі. Я зь імі ў дыскусіі не ўступаў. Сказаў, што прымаю да ведама і распавяду ўсім сваім сябрам”.

Менгарвыканкам дазволіў правесьці шэсьце ад Акадэміі навук па галоўным праспэкце Менску і вуліцы Сурганава да Чарнобыльскай капліцы, якая месьціцца ў парку Дружбы народаў, ля плошчы Бангалор. Першапачаткова пачынаць шэсьце зьбіраліся на Кастрычніцкай плошчы. З гэтым адрасам былі падрыхтаваныя ўлёткі. Але ўлады адмовілі ў просьбе зьбірацца на плошчы.

Мяркуецца, што Аляксандар Мілінкевіч загадзя прыйдзе на Кастрычніцкую плошчу, дзе патлумачыць сытуацыю і заклікае ўсіх перайсьці да Акадэміі навук і ўжо адтуль кіравацца да Чарнобыльскай капліцы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG