Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Статкевіча, Севярынца і Клімава ізалявалі да 27 красавіка


Любоў Лунёва, Менск Міколу Статкевіча, Паўла Севярынца і Андрэя Клімава, якія адбываюць пакараньні на так званай “хіміі” за арганізацыю вулічных дэманстрацыяў, ізалявалі да 27 красавіка. Апазыцыянэры зьвязваюць гэта з прызначаным на 26 красавіка “Чарнобыльскім шляхам”.

Сёньня супрацоўнікі спэцкамэндатуры прыйшлі на працу да Міколы Статкевіча і паведамілі яму, што ён мусіць прыбыць у інтэрнат і заставацца там да 27 красавіка. Мікола Статкевіч знаходзіцца на так званым хатнім рэжыме. Ён жыве ў свайго бацькі ў Баранавічах і адзначаецца штодня ў камэндатуры а 7-й вечара, а таксама тэлефануе а 10-й вечара з хатняга тэлефона. Раней палітык быў ізаляваны з 1 да 27 сакавіка на час выбарчай кампаніі.

Мікола Статкевіч пасьпеў сказаць некалькі словаў Радыё Свабода:

(Статкевіч: ) “Мяне зноў ізалююць у маім былым пакоі ў спэцкамэндатуры. Буду там пад аховай. Тлумачэньняў ніякіх няма, але і так зразумела, што гэта зьвязана з “Чарнобыльскім шляхам”. Ну і цяпер гэта прагназавалася, але чамусьці ранавата. Я ня ведаю, чаго ў гэтым больш – страху перада мной, павагі да мяне альбо непавагі да тых палітыкаў, якія засталіся на свабодзе”.

Да Андрэя Клімава, які адбывае пакараньне ў вёсцы Баршчоўка Рэчыцкага раёну, прыйшлі міліцыянты на працу і прапанавалі ўзяць адгулы на 25 і 26 красавіка.

(Клімаў: ) “На два дні ўзяць адгулы, бо казалі, што так трэба. Калі ўлічыць, што альтэрнатывай можа быць толькі рэчыцкі ізалятар часовага ўтрыманьня, для мяне гэта не стала нечаканасьцю. Я думаў, што ўлады захочуць перастрахавацца... Ужо сяджу пад вартай”.

Андрэя Клімава у часе выбараў трымалі восем дзён у ізалятары часовага ўтрыманьня за нібыта парушэньне правілаў унутранага распарадку.

Павал Севярынец мусіць правесьці тры дні ў пакоі інтэрнату ў вёсцы Малое Сітна. У часе выбарчай кампаніі з набліжэньнем даты выбараў яго гэтаксама трымалі ў пакоі спэцкамэндатуры.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG