Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрты: ад “чарнобыльскага” раку памрэ да 60 тысяч чалавек (фота)


Сяргей Навумчык, Кіеў У Кіеве праходзяць дзьве міжнародныя канфэрэнцыі, прысьвечаныя наступствам Чарнобылю. На абедзьвюх канфэрэнцыях аварыю на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі прызнаюць за найбольшую тэхнагенную катастрофу ў гісторыі чалавецтва, аднак погляды на наступствы Чарнобылю ва ўдзельнікаў канфэрэнцыяў разыходзяцца, і часам радыкальна.

Навукова-прыктычная канфэрэнцыя “20 гадоў чарнобыльскай катастрофы: погляд у будучыню” адбываецца ў будынку опэрнага тэатру – з удзелам прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Юшчанкі, прэм’ера Юрыя Еханурава, міністраў і амбасадараў, намесьніка генэральнага сакратара ААН, старшыні ЮНЭСКО, прадстаўнікоў Эўразьвязу.



У сваім уступным слове – яно было даволі эмацыйнае і пранікнёнае – Віктар Юшчанка сказаў, што эпоха ігнараваньня законаў маралі скончылася ядзерным ударам. Віктар Юшчанка між іншым адзначыў, што ад Чарнобылю ня менш за ўкраінцаў пацярпелі і беларусы, і выступіў з ініцыятывай правесьці ў Кіеве міжнародную донарскую канфэрэнцыю з удзелам ААН, Эўразьвязу і ЮНЭСКО. Тэма Беларусі гучала і ў выступах замежных удзельнікаў. Рэспубліку Беларусь прадстаўлялі намесьнік старшыні дзяржкамітэту ў пытаньнях Чарнобылю і дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.

Перад будынкам опэрнага тэатру сабраліся пікетоўцы з партыі зялёных і антыядзернага руху, якія нэгатыўна ацэньваюць нядаўнюю справаздачу МАГАТЭ, у якой, як яны лічаць, вынікі чарнобыльскай трагедыі істотна заніжаныя.



У тым, што МАГАТЭ неаб’ектыўнае, перакананыя і ўдзельнікі іншай канфэрэнцыі “Чарнобыль плюс 20: напамінак пра будучыню”, якая праходзіць ў палацы, дзе ў студзені 1918 году была абвешчаная Ўкраінская Народная Рэспубліка. Канфэрэнцыю арганізавала фракцыя партыі зялёных Эўрапарлямэнту і фонд Генрыха Бёля.

Ужо ва ўступным слове дэпутат Эўрапарлямэнту Рэбэка Хармс адзначыла, што Чарнобыль – ня толькі праблема Ўкраіны, Беларусі і Расеі. Кіраўнік нацыянальнай украінскай камісіі ў пытаньнях радыяцыйнай абароны насельніцтва акадэмік Дзьмітро Градзінскі рэзка скрытыкаваў справаздачу МАГАТЭ.



Дастаткова сказаць, што рак шчытападобнай залозы ў дзяцей узьнікае ў тысячу разоў часьцей, чым да аварыі на ЧАЭС. Наагул, сёньня ва Ўкраіне, Беларусі і Расеі дыягнаставана больш як 6 000 выпадкаў раку шчытападобнай залозы.

У альтэрнатыўнай справаздачы, падрыхтаванай брытанскімі навукоўцамі Енам Фэйрлі і Дэйвідам Самнэрам адмыслова для гэтай канфэрэнцыі, гаворыцца, што ва ўсясьветным маштабе можна чакаць 60 тысяч сьмерцяў ад раку менавіта ў выніку Чарнобылю. Рэч у тым, што радыяцыя ў той ці іншай ступені закранула 30 краінаў Эўропы (падрабязна пра гэта – у наступным рэпартажы).

Навукоўцы не выключаюць, што радыяцыйнае паражэньне людзей дзетароднага ўзросту можа мець вынікам рост частаты генэтычных захворваньняў у іх нашчадкаў. Дасьледаваньні насельніцтва Магілёўскай вобласьці сьведчаць пра падвышэньня ўдвая частаты мінісатэлітных мутацыяў у ДНК.

Удзельнікі канфэрэнцыі адзначылі павелічэньне захворваньняў на рак малочнай залозы ў жанчын, а таксама рост нэгатыўнага ўплыву радыяцыі на зрок і сардэчна-судзінную сыстэму.

У канцы 1980-х некаторыя навукоўцы, блізкія да МАГАТЭ, скептычна ставіліся да трывожных прагнозаў і нават абвінавачвалі іх аўтараў у панікёрстве. Але цяпер, калі пасьля выбуху на 4-м энэргаблёку ЧАЭС прайшло 20 гадоў, хваробы пачалі праяўляцца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG