Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Л.Арлоў: беларускі бок ня траціў грошай ТАСІС не па прызначэньні


Любоў Лунёва, Менск Дэпутаты Эўрапарлямэнту ў Бруселі патрабуюць спыніць дзеяньне праграмы ТАСІС. Яны прыйшлі да высновы, што большасьць грошай эўрапейскіх падаткаплатнікаў была выкарыстаная не па прызначэньні. Выканаўчы дырэктар каардынацыйнага бюро праграмы ТАСІС у Беларусі Леанід Арлоў запэўнівае, што фінансавы скандал ня тычыцца беларускіх партнэраў. Старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту Тацяна Процька лічыць, што ў сёньняшніх умовах недзяржаўныя арганізацыі пазбаўленыя магчымасьці рэалізоўваць праекты ТАСІС.

Грашыма, якія накіравалі СНД у рамках праграмы ТАСІС на разьвіцьцё рынку і дэмакратыі, скарысталіся не па прызначэньні – такія высновы зрабілі аўдытары. Расея была галоўнай краінай-удзельніцай праграмы. Паводле праверкі, з 29 праектаў толькі 9 дасягнулі сваіх мэтаў. Прычым працаваць пачалі толькі 5 праграмаў. Сябра бюджэтнага камітэту Эўрапарлямэнту Ганс-Пэтэр Марцін заявіў: “Гэта сур’ёзны скандал для Эўразьвязу. Чаму Эўракамісія не рабіла ніякіх захадаў амаль 15 гадоў? Яна мусіла неадкладна спыніць фінансаваньне ТАСІС”.

Выканаўчы дырэктар каардынацыйнага бюро праграмы ТАСІС у Беларусі Леанід Арлоў паведаміў, што не было выпадкаў, калі беларускія партнэры выкарыстоўвалі грошы не па прызначэньні. Ён зазначыў, што ў Беларусі не праводзілася аўдытарская праверка, але пры канцы кожнага праекту абавязкова робіцца яго аўдыт эўрапейскімі спэцыялістамі.

Супраць старшыні Беларускага Хэльсынскага камітэту Тацяны Процькі пракуратура двойчы пачынала крымінальную справу менавіта з-за ўдзелу БХК у праграме ТАСІС. Паводле міжнародных дамоўленасьцяў, удзельнікі праекту вызваляюцца ад сплаты падаткаў. Але ў Беларусі льготы ў падаткаабкладаньні рэгулююцца дэкрэтамі Аляксандра Лукашэнкі. Праз паўгоду пасьля пачатку працы ў праекце ТАСІС пракуратура запатрабавала ад БХК 75 000 даляраў падаткаў і штрафаў. Гаворыць Тацяна Процька:

(Процька: ) “Справа БХК сьведчыць пра тое, што кіраўніцтва нашай краіны не выконвае сваіх абавязаньняў у адносінах да Эўразьвязу і Эўрапейскай камісіі. Людзі, якія працуюць па праектах ТАСІС, могуць быць прыцягнутыя да крымінальнай адказнасьці. Таму тыя грошы, якія Эўразьвяз дае на падтрымку грамадзянскай супольнасьці, на сёньняшні дзень ня пойдуць у Беларусь”.

Праграму тэхнічнага судзеяньня былым рэспублікам СССР (апроч краінаў Балтыі) ТАСІС заснавалі ў 1991 годзе з мэтай паспрыяць эканамічным, сацыяльным і дэмакратычным пераўтварэньням на постсавецкай прасторы. Праграма не прадугледжвае фінансаваньня інвэстыцыйных праектаў, а чыніць кансультацыйна-тэхнічнае судзеяньне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG