Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Кастрычніцкім пляцы ў Менску быў устаноўлены намёт


Радыё Свабода, Менск Сёньня ўвечары на Кастрычніцкім пляцы быў пастаўлены жоўта-блакітны намёт з чырвоным надпісам “Нас не спыніць”. Намёт прастаяў дзьве хвіліны – людзі ў цывільным скінулі яго ў падземны пераход, зламалі і вынесьлі ў мэтро. За мужчынам, які нібыта меў дачыненьне да намёту, пагналіся міліцыянты...

На Кастрычніцкім пляцы пасьля 19-ай гадзіны быў заўважаны кіраўнік палка міліцыі спэцыяльнага прызначэньня Юры Падабед. На падыходах і па пэрымэтры разьмеркаваліся пераапранутыя ў цывільнае супрацоўнікі міліцыі. А 8-й вечара яны правялі першае затрыманьне. Міліцыянты пазналі былога абаронцу намётавага гарадка Ільлю Шыманскага, які накіроўваўся на плошчу разам са сваімі сябрамі.

(Дзяўчына: ) “Падабед ходзіць за намі літаральна па пятах. Залезьлі ў пакет, пабачылі лістоўкі – “Пройдзем!”

(Юнак: ) “Калі я падышоў, то ўжо два спэцназаўцы ў камуфляжнай форме трэсьлі яго. Хацеў забраць сумку, але было позна. Ільля вось толькі 22-га красавіка выйшаў. Ён сядзеў 10 сутак, як толькі ўзялі намётавы гарадок, пасьля 7-га красавіка яго зноў тут узялі”.

(Другі юнак: ) “Яго прывялі вось сюды, да аркі, якая насупраць Палацу рэспублікі. Пад’ехаў мікрааўтобус, і яго ўпіхнулі туды”.

На момант прадрыхтоўкі матэрыялу дзяжурны Цэнтральнага райаддзелу міліцыі Менску пацьвердзіў, што Ільля Шыманскі знаходзіцца пад вартай.
XS
SM
MD
LG