Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпутаты Эўрапарлямэнту патрабуюць спыніць праграму ТАСІС


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Дэпутаты Эўрапейскага парлямэнту заяўляюць пра неабходнасьць ліквідацыі праграмы тэхнічнай дапамогі краінам СНД ТАСІС, у рамках якой выдзяляюцца сродкі і Беларусі. Паводле парлямэнтароў, сродкі у рамках праграмы ТАСІС раскрадаюцца, выкарыстоўваюцца неэфэктыўна, а ў выпадку Беларусі імі карыстаюцца таксама і беларускія ўлады.

Напярэдадні Эўрапейскі аўдытарскі трыбунал у Люксэмбургу – орган, які кантралюе выдаткі і фінансавыя апэрацыі Эўразьвязу – распаўсюдзіў справаздачу, у якой адзначаецца, што большасьць сродкаў, выдаваных Эўразьвязам на дапамогу Расеі (а гэта прыкладна 200 мільёнаў эўра штогод ад 1991 году), змарнаваная.

Аўтар справаздачы, аўдытар трыбуналу Яцак Учкевіч заявіў, што з 29 расейскіх праектаў, рэалізацыя якіх была правераная, толькі ў 9 выпадках мэты праектаў былі цалкам дасягнутыя. Паводле Яцка Ўчкевіча, вінаватыя ў неэфэктыўнасьці дапамогі як расейскі бок, так і Эўрапейская камісія.

Гэтая справаздача, хаця у ёй гаворка вялася выключна пра Расею, дадала аргумэнтаў тым дэпутатам Эўрапейскага парлямэнту, якія ўжо працяглы час выступаюць за зьмену формаў цяперашняй эўразьвязаўскай дапамогі Беларусі ў рамках праграмы ТАСІС.

Гаворыць дэпутат Эўрапарлямэнту з дэлегацыі ў справах Беларусі прафэсар Барбара Кудрыцка:

(Кудрыцка: ) “Калі браць пад увагу праблемы, якія ўзьнікаюць пры дапамозе ў рамках праграмы ТАСІС, я лічу, што было б правільна яе ліквідаваць. Нельга дапусьціць, каб сродкі марнаваліся, а тым больш каб зь іх меў нейкую карысьць рэжым Лукашэнкі. Гэта, вядома, ня значыць, што Беларусі ня трэба дапамагаць – дапамога будзе, але яна будзе больш празрыстая і будзе служыць абароне правоў чалавека ці разьвіцьцю дэмакратыі”.

На практыцы ад 2007 году ўступае ў сілу новы бюджэт Эўрапейскага Зьвязу, у якім прадугледжаныя новыя інструмэнты дапамогі краінам-суседзям аб’яднанай Эўропы ў рамках гэтак званай “суседзкай палітыкі”.

Са старшынём бюджэтнай камісіі Эўрапарлямэнту прафэсарам Янушам Левандоўскім мне ўдалося пагаварыць адразу пасьля заканчэньня паседжаньня камісіі, у часе якога сярод іншага абмяркоўвалася і пытаньне праграмы ТАСІС.

(Левандоўскі: ) “Мы маем новую фінансавую пэрспэктыву і новыя інструмэнты замежнай палітыкі. ТАСІС ніколі асабліва не крытыкавалі, але на дадзены момант уводзіцца новая сыстэма. Трэба больш эфэктыўна выдаваць сродкі – тут справа не ў назьве праекту. Вось, напрыклад, “Эўрапейскае радыё для Беларусі” – гэта непаразуменьне, бо гэтага радыё не чуваць у Беларусі. Прычынаў для непакою няма – Беларусь застаецца ў цэнтры нашай ўвагі: будзе дапамога студэнтам, мэдыям, але ня толькі”.

Спадар Левандоўскі кажа, што ў Эўропе ўсё больш разумеюць, што дапамога Беларусі павінна быць скіраваная перадусім грамадзянскай супольнасьці.

(Левандоўскі: ) “Я падам вам іншы прыклад – калі ласка, не параўноўвайце, але нешта агульнае ў гэтым ёсьць. Эўразьвяз мае вельмі шмат праграмаў дапамогі палестынскай моладзі, але цяпер, калі да ўлады прыйшоў ХАМАС, дык гэтыя грошы пойдуць фактычна ў рукі тэрарыстычнай арганізацыі. Пакуль што мы спынілі дапамогу. Так што гэтая праблема ня новая, і яе спрабуюць вырашыць”.
XS
SM
MD
LG