Лінкі ўнівэрсальнага доступу

В.Чарнамырдзін: “Беларусь і Расея асобныя дзяржавы? Ай, не выдумляй!”


Сяргей Навумчык, Кіеў Сёньня ў Кіеве праходзяць дзьве міжнародныя канфэрэнцыі, прысьвечаныя наступствам Чарнобылю. На абедзьвюх канфэрэнцыях аварыю на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі прызнаюць за найбольшую тэхнагенную катастрофу ў гісторыі чалавецтва.

На ўваходзе ў опэрны тэатар, дзе адбываецца міжнародная канфэрэнцыя ў праблеме Чарнобылю, трэба прайсьці праз мэталадэтэктар. Ахоўнікі прапанавалі мне расчыніць валізку і пачалі прасьвечваць фотаапарат нейкім адмысловым ліхтаром. Мужчына, які ішоў за мной, быў вымушаны затрымацца ў мэталашукальніку.

“Ну што так доўга...” – сказаў ён незадаволена, але і не зласьліва, з разуменьнем спэцыфікі працы ахоўнікаў. Нешта ў тэмбры голасу падалося мне знаёмым. Абярнуўся. За мной стаяў ня хто іншы, як Віктар Сьцяпанавіч Чарнамырдзін – цяперашні амбасадар Расеі ва Ўкраіне і колішні прэм’ер Расеі.

Дарэчы, у 1911 годзе якраз у гэтым будынку быў сьмяротна паранены іншы прэм’ер Расеі Пётар Сталыпін; зусім магчыма, што Віктар Сьцяпанавіч менавіта таму і паставіўся да дзеяньняў аховы з разуменьнем.

Хацеў запытацца ў Чарнамырдзіна пра абставіны падпісаньня пры ягоным пасярэдніцтве ў лістападзе 1996 году дамовы паміж Лукашэнкам, Шарэцкім і Ціхінем, якая “пахавала” імпічмэнт. Але адказ, напэўна, патрабаваў бы шмат часу. Ды і тэма мерапрыемства вымагала размаўляць пра іншае.

Запытаўся, ці дагэтуль Чарнамырдзін зьяўляецца прыхільнікам “беларуска-расейскага саюзу” і ці можа такі саюз, калі ён будзе, хоць неяк паспрыяць вырашэньню чарнобыльскай праблемы. Зрэшты, гэтая тэма была ня менш аб’ёмная.

Я забыўся, што Чарнамырдзін – агульнапрызнаны майстра кароткага адказу і трапнай фразы.

“А пры чым тут саюз і пры чым тут Чарнобыль? – перапытаў Чарнамырдзін і дадаў, што пра саюз ня трэба казаць у будучым часе: – Саюз – чаму ня будзе? Ён – ёсьць”. “Дык асобныя ж дзяржавы – Беларусь і Расея”, – запярэчыў я. “Ай, не выдумляй!” – параіў мне Чарнамырдзін. На гэтым гутарка скончылася.
XS
SM
MD
LG