Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Прыватны дзёньнік: Андрэй Сідаровіч


Андрэй Сідаровіч, Ворша Новая перадача сэрыі “Прыватны дзёньнік”. Свае асабістыя нататкі мінулага тыдня прадстаўляе Андрэй Сідаровіч — сьвятар з Ордэну айцоў марыянаў, які служыць у рымска-каталіцкай і грэцка-каталіцкай парафіях гораду Воршы і які быў зь людзьмі ўвесь час пратэстаў на Кастрычніцкай плошчы ў Менску і потым 15 сутак у Жодзінскай турме.

Субота, 15 красавіка

Апошнія гадзіны перад сьвяткаваньнем Пасхі. Стараюся маліцца сёньня шмат, разважаю таксама нямала. Паўстрыманьне ад ежы абвастрае пачуцьцё ўласнай безабароннасьці, кволасьці, нават не пабаюся сказаць — нікчэмнасьці. Гэта добра, што так думаю — тут нараджаецца давер да Госпада, абсалютная залежнасьць і падпарадкаваньне Ягоным плянам.

Сёньня чарговы дзень унутранага змаганьня — рыхтуюся да казані. Пытаньняў самому сабе задаю нямала і маім парафіянам таксама хачу задаць. Думкі пра каштоўнасьці, іх герархію, пра годнасьць чалавека, свабоду, праўду, справядлівасьць... Кавалак хлеба таксама. Думаю пра вартасьць людзкога жыцьця й пра маіх братоў марыянаў — айца Юрыя Кашыру і айца Антонія Ляшчэвіча, што сваё жыцьцё скончылі ў полымі. Б’юся з думкамі пра кампрамісы з сумленьнем: дзе тая мяжа, калі трэба сказаць “не” хлусьні, зьдзекам, несправядлівасьці. Веру, што кожны, хто жыве згодна з Эвангельлем Ісуса Хрыста, мае гэтую мяжу, інакш чым мы адрозьніваемся ад іншых.

Нядзеля, 16 красавіка, Пасха Гасподняя

Хрыстос Уваскрос! Такой Пасхі ў маім жыцьці яшчэ не было. Як не было таксама такога Вялікага Посту з адседкай, як не было такой канфрантацыі зь людзьмі ў часе казані. Але што я магу зрабіць, калі гісторыя выхаду Габрэяў з Эгіпту такая, а ня іншая. Так, яны пайшлі за Майсеем, каб быць свабоднымі, але пры першым выпрабаваньні недахопам ежы гатовыя вярнуцца назад... Куды вярнуцца? У Эгіпет? Што чакала іх там? Пастаяннае насільле прыгнёту, бізуны, непасільная праца, забіваньне ўласных дзяцей... Адным словам — рабства. Яны гатовыя вярнуцца ў рабства. Страшна.

Цяпер час сьведчаньня. Расказваю пра тое, што бачыў і пра што не магу не казаць. У храме скрыгатаньне зубоў, часам лёгкі шумок неадабрэньня. Пасьля службы выходжу да людзей, чакаю... Гатовы прыняць іхнае меркаваньне, абурэньне таксама. Цікава, што падыходзяць толькі падзякаваць, нават падазрона, што няма супраціву.

Так стомленым даўно сябе не адчуваў. Але ў гэтай стоме ёсьць пачуцьцё выкананай місіі — абвяшчэньня Эвангельля.

Вечарам размаўляю з айцом архімандрытам Сяргеем, гэтага чалавека магу слухаць бясконца доўга.

Панядзелак, 17 красавіка

Па дарозе ў Полацак і Віцебск зноў шмат думаю. “Так і думаньнікам неўзабаве можна стаць”, — сьмяюся зь сябе самога. Гэта цікава, што напружаньне ўнутранага дыялёгу ўва мне так падскочыла. Шчыра, дык нават да болю галавы. І пачуцьцё, што думкі ня могуць супыніцца — толькі, як статак коней нясуцца і нясуцца ў далечыню. Думаю пра маіх вернікаў. Пра абавязак быць пастырам для ўсіх. Думаю пра абавязак навучаць іх так, каб не былі суўдзельнікамі зла, каб адрозьнівалі праўду ад маны. Сам сабе задаю пытаньні пра супраціў сумленьня. Дзе тая мяжа, калі чалавек павінен сказаць: “Годзе — я ня быдла”. Колькі разоў чуў: “Ударылі цябе па правай шчацэ, падстаў левую”. Але ж гэта заклік Хрыста, каб не адказваць злом на зло. Сам Хрыстос зьвяртаецца да жаўнера, што Яго б’е: “Калі я вінаваты, то скажы, якая мая віна, а калі не, то чаму мяне б’еш?”

Паездка плённая, сустрэча са сьвятарамі, якіх шаную, да якіх прыслухоўваюся.

Аўторак, 18 красавіка

Кожны дзень — новае падарожжа. Сёньня — Барысаў. Сустрэча з маімі братамі марыянамі. Молімся разам, разважаем Божае Слова, дзелімся плянамі на будучыню. Пытаюць, як было ў Жодзіна? Адказваю, што ўжо ёсьць знаёмствы, магу арганізаваць для цікаўных адседку, толькі за артыкул не адказваю. Усе сьмяюцца. Гляджу на маіх аднакурсьнікаў. Твары сур’ёзныя і так па-мужчынску зацятыя. Напэўна, такімі былі айцец Фабіян Абрантовіч і айцец Андрэй Цікота. Першага бальшавікі закатавалі ў Бутырках, другога згнаілі ў ГУЛАГу. Нават неяк не пазнаю маіх маладых марыянаў — выдаецца, і бачыліся ня так даўно — падаросьлелі. У іх не сумняваюся, гэтыя, калі б трэба было, лягуць за мяне касьцьмі. Яны ня толькі мае браты, яны сябры. Верныя, адданыя да канца.

Чацьвер, 20 красавіка

Сёньня адведваю Менск. Дваццаць хвілін размовы з маім ігуменам. Божа, як мудрых людзей Ты нам спасылаеш! Разумеемся з паўслова. Ня трэба зашмат тлумачэньняў і дэклярацыяў. Айцец Ігумен быў нашым выхаваўцам у сэмінарыі. Тры першыя курсы я мог узрастаць, дзякуючы ягонай апецы і кіраваньню. Дзесьці толькі цяпер разумею, якая гэта адказнасьць — мець уладу над кімсьці, нават, а можа перадусім, калі гэта ўлада духоўная.

Пятніца, 21 красавіка

Чакаю на сустрэчу з малодшым братам. Заканчвае школу, думае пра свой лёс і шукае волі Гасподняй у сваім жыцьці. Адзінаццатая кляса — час прымаць рашэньне. Хоча параіцца. Чакаю Юрася. Зь ім размаўляю як з дарослым. Бо ён і ёсьць дарослы. Нейкі год таму зьдзівіў мяне вельмі. Захварэла мама, было небясьпечна, а ён, мой малодшы брацік, настаўляў мяне ў веры. Напісаў у лісьце, што ўсё ў руках Божых, і што Госпад не дае выпрабаваньняў па-над нашыя сілы. Вось гэта і ёсьць прыклад сілы Эвангельля. Бо Юрась гэтыя словы не прыдумаў — гэта Слова Божае, якое дае надзею і супакой.

Вечарам размаўляем і молімся разам, аддаючы нашыя пляны ў рукі Гасподнія.
XS
SM
MD
LG