Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Фармаваньне ўраду Беларусі адтэрміноўваецца на нявызначаны час


Радыё Свабода, Менск Пры канцы мінулага тыдня намесьнік міністра эканомікі Андрэй Тур заявіў, што 24 красавіка мае быць зацьверджаная структура беларускага ўраду. Фактычна з 8 красавіка, дня інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі, Савет міністраў толькі аўтаматычна працягваў выконваць свае функцыі. Аднак з-за таго, што нечакана зацягнуўся афіцыйны візыт Сяргея Сідорскага на Кубу, а дакладней – дарога ўрадавай дэлегацыі дадому, працоўны тыдзень прэм’ер-міністра і шэрагу міністраў пачнецца толькі заўтра. Чарговы тэрмін рэструктурызацыі ўраду мае прызначыць Аляксандар Лукашэнка.

У аэрапорце “Менск-2”, паводле зьвестак на 15.00, нічога не ўдакладнілі наконт прызямленьня ўрадавага самалёта, пры гэтым дадаўшы, што інфармацыю пра дакладны час прылёту афіцыйных дэлегацыяў службы аэрапорту не даюць. Празь дзьве гадзіны пасьля гэтага ў прэсавай службе Савету міністраў на пытаньне, ці вярнуўся з Кубы прэм’ер-міністар, адказалі адным словам: “Канешне”.

Напярэдадні амэрыканскія ўлады адмовіліся даць паветраны калідор беларускаму ўрадаваму самалёту з прэм’ер-міністрам Сяргеем Сідорскім на борце, які вяртаўся з Кубы. Дзеля загружанасьці авіялініяў лайнэр зьмяніў курс і паляцеў у бок Беларусі праз Барбадос і Канарскія выспы.

За чатыры дні гэта ўжо другая прыгода пасажыраў “Боінга 737-500”, узятага на пракат у кампаніі “Белавія”. На мінулым тыдні па дарозе на Кубу ўлады Канады адмовіліся прыняць на дазапраўку беларускае судна на той падставе, што ў складзе дэлегацыі знаходзіліся неўязныя ў Эўразьвяз, ЗША і Канаду дарадца Лукашэнкі ў пытаньнях ідэалёгіі Алег Праляскоўскі і старшыня Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі Аляксандар Зімоўскі. Чыноўнікі мусілі застацца дома, аднак непрыемнасьці для беларускай дэлегацыі на гэтым ня скончыліся.

Кіраўнік аналітычнага цэнтру “Стратэгія” Леанід Заіка ў сувязі з гэтым лічыць, што візыт беларускай дэлегацыі адметны адным: нават на камуністычную Кубу могуць трапіць ня ўсе найвышэйшыя чыноўнікі.

(Заіка: ) “Шчыра кажучы, гэты візыт нават не зьяўляецца тэмай для сур’ёзных абмеркаваньняў. Ну, а потым, чаму прэм’еру ўзяць і ня зьезьдзіць на Кубу ў гэты час? Там цяпер цёпла, сонца. Бо трэба ж прэзыдэнту па-чалавечаму паставіцца да прэм’ера. Таму што прэзыдэнт яго выбіраў, ухваляў. І дазволіў яму невялікі адпачынак”.

Як паведамляюць інфармагенцтвы, у выніку шасьцігадзінных перамоваў Сяргея Сідорскага зь Фідэлем Кастра быў падпісаны шэраг эканамічных і палітычных пагадненьняў. Перад журналістамі Сідорскі падзяліўся ўражаньнямі пра свайго суразмоўцу: ён назваў яго чалавекам з унікальнай палітычнай харызмай, які добра ведае Беларусь. Як удакладніў спадар Сідорскі, Кастра перадусім добра знаёмы зь беларускімі трактарамі, якія працуюць на Кубе. Цяпер чарга пазнаёміцца зь беларускімі аўтамабілямі і аўтобусамі, якія неўзабаве будуць адпраўленыя на Кубу.

А вось назад, мяркуючы па ўсім, акіянскія паромы будуць ісьці паўпарожнія. Адзінае выключэньне – цукар, адна з асноўных галінаў кубінскага экспарту. Да канца году ў Беларусь будзе пастаўлена на перапрацоўку 100 тысяч тонаў цукру-сырцу.
XS
SM
MD
LG