Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мастакі “Пагоні” адкрылі выставу “Воблака”, прысьвечаную Чарнобылю


Радыё Свабода, Менск У Менску сёньня адкрылася мастацкая выстава, прысьвечаная 20-годзьдзю Чарнобыльскай катастрофы. Зладзіла выставу творчая суполка незалежных мастакоў “Пагоня”.

Месца для паказу сваіх твораў сябры “Пагоні” знайшлі ў сядзібе Партыі БНФ. Вось што паведаміў адзін зь ініцыятараў выставы, намесьнік старшыні суполкі “Пагоня” Аляксей Марачкін:

(Марачкін: ) “Выстава называецца даволі сымбалічна – “Воблака”. Воблака – гэта тое, што 20 гадоў таму пакрыла нашу тэрыторыю. Радыяцыйнае воблака пранеслася праз Беларусь і далей на захад. Чарнобыльская трагедыя – гэта, фактычна, галавацяпства, пралікі чыста тэхнічныя. Але, у нейкім пляне, гэта й пакараньне боскае”.

У чарнобыльскай выставе бяруць удзел каля дзесятка мастакоў “Пагоні”. У іх ліку творцы, якія маюць непасрэднае дачыненьне да радыяцыйнага бедзтва. Жывапісец Генадзь Драздоў нарадзіўся ў той частцы Гомельшчыны, дзе забруджанасьць радыяцыйнымі ападкамі складала каля 15 кюры і адкуль былі адселеныя жыхары:

(Драздоў: ) “Таму я як бы непасрэдна далучыўся да таго, што чарнобыльская радыяцыя закранула маю сям’ю, маю вёску, маю малую радзіму. Я прадставіў дзьве працы: гэта “Адлёт у вырай” і “Разьвітальная сьвечка”. Яны духоўна датычаць чарнобыльскай тэмы. Гэта, безумоўна, ёсьць кара Божая за тыя грахі, якія чалавецтва, грамадзтва дапусьціла, за гэты шлях камуністычна-атэістычнага ладу”.

Сярод удзельнікаў выставы ёсьць і чарнобыльцы-ліквідатары. Мастак Ігар Марачкін прысьвяціў гэтай тэме трыптых “Знак”. Пяць твораў жывапісу прадставіў ліквідатар Лявон Грышук:

(Грышук: ) “Я быў там у 1986-м годзе, адразу пасьля выбуху. Ад ваенкамату. Мы жылі ў палатках у Людвінаве – гэта каля Камарыну Брагінскага раёну. Там быў наш хімбатальён. Давялося быць на даху рэактара. І мы скідвалі з даху радыёактыўны графіт і паліва, якое ляжала на даху пасьля выбуху, у саму гэту дзірку, дзе адбыўся выбух. Працавалі па дзьве хвілінкі. Наша задача была – адбіць кавалачак рэчыва, што ляжала там наверсе. Яно было моцнае, як бэтон і вельмі цяжка было біць. Білі кувадламі, ламамі. Потым падхоплівалі, несьлі і кідалі ў гэтую дзірку, дзе адбыўся выбух. Калі пасьля рэактара мы прыехалі дадому, было вельмі дрэнна...”

Праца на даху Чарнобыльскага рэактара падарвала здароўе мастака. Цяпер Лявон Грышук – інвалід Чарнобыля.
XS
SM
MD
LG