Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прызыў беларускіх актывістаў у войска – “мэтад часоў расейскага царызму”


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава У Польшчы прызыў беларускіх актывістаў дэмакратычнага руху на вайсковыя зборы напярэдадні “Чарнобыльскага шляху” называюць выкарыстоўваньнем “мэтадаў часоў расейскага царызму”, калі царскія ўлады забіралі ў расейскае войска магчымых арганізатараў нацыянальна-вызвольных паўстаньняў на тэрыторыях Польшчы і Беларусі.

Паводле шэрагу польскіх назіральнікаў, беларускія ўлады выкарыстоўваюць досьвед, добра выпрабаваны царскімі акупацыйнымі ўладамі, якія пасьля падзелу Рэчы Паспалітай спрабавалі здушыць нацыянальна-вызвольны рух на гэтых землях, у тым ліку і праз прызыў у войска – пра гэта напісаў найвялікшы польскі штодзёньнік “Gazeta Wyborcza”.

Гістарычныя паралелі тут бачыць і Ян Мэнцвэль – адзін зь лідэраў ініцыятывы “Вольная Беларусь”:

(Мэнцвэль: ) “Шчыра кажучы, параўнаньні міжволі прыходзяць на думку. Такія мэтады могуць быць мэтадамі дыктатуры, якая ў наш час зьяўляецца абсалютным перажыткам. Не ўяўляю сабе, каб у нейкай іншай эўрапейскай краіне нешта падобнае адбывалася. Адначасова гэта сьведчаньне страху, бо калі беларускія ўлады робяць такія рэчы, дык значыць, яны баяцца вынікаў пратэстаў”.

Беластоцкі гісторык, прафэсар Алег Латышонак пацьвярджае, што масава ў войска забіралі беларусаў і палякаў, напрыклад, напярэдадні студзеньскага паўстаньня 1863 году, якое ў Беларусі вядомае як паўстаньне Кастуся Каліноўскага.

(Латышонак: ) “Ведаеце, гэта ня толькі царская ўлада так рабіла, іншыя таксама. Але агульнавядома, што шмат людзей забралі ў рэкруты перад студзеньскім паўстаньнем”.

Ян Мэнцвэль лічыць, што такія захады беларускіх ўладаў наўрад ці прынясуць спадзяваныя вынікі.

(Мэнцвэль: ) “Можа, на кароткі тэрмін гэта і дасьць якія вынікі, але ў пэрспэктыве – не. Пра гэта ж даведаюцца людзі і падумаюць – што гэта за ўлада, якая, каб утрымацца, выкарыстоўвае такія мэтады!?”
XS
SM
MD
LG