Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нямецкія праваабаронцы: "У Беларусі брутальна зьневажаюць правы жанчыны"


Радыё Свабода, Прага "Арыштаваным жанчынам пагражалі згвалтаваньнем" – так называецца справаздача Міжнароднага таварыства правоў чалавека (IGFM) у Франкфурце-на-Майне, якая зьявілася ў шэрагу нямецкіх мэдыяў і ўтрымлівае шматлікія факты парушэньня правоў жанчын у часе і пасьля ліквідацыі намётавага лягеру на Кастрычніцкай плошчы ў Менску.

Справаздача, якую падрыхтавала Міжнароднае таварыства правоў чалавека, утрымлівае некалькі падрабязных паведамленьняў пацярпелых беларускіх жанчын, а таксама абагульненыя фрагмэнты паказаньняў дзясяткаў вязьніц з турмы на Акрэсьціна. Як гаворыцца ў справаздачы, гэта сьведчаньні “брутальнай зьнявагі правоў жанчыны ў Беларусі”.

Вось патаемна перададзеная на волю запіска адной арыштаванай месяц таму дзяўчыны:

"Нам далі пяць хвілінаў, каб пакінуць намётавы лягер, але не прайшло і адной хвіліны, як людзі, апранутыя ў чорнае, кінуліся на нас. Некаторых дзяўчат цягнулі за валасы да машынаў. Адна жанчына ўзяла мэгафон і папрасіла, каб нас не чапалі, паколькі гэта мірная акцыя. Аднак пасьля яе зваротаў міліцыянты сталі яшчэ больш агрэсіўнымі".

Супрацоўнік Міжнароднага таварыства правоў чалавека Ёганэс Фрызэн у размове са Свабодай зьвяртае ўвагу і на іншыя акалічнасьці ў часе арышту беларускіх жанчын на Кастрычніцкай плошчы.

(Фрызэн: ) "Асноўнае– гэта пагрозы згвалтаваньнем з боку ці то АМОНу, ці то міліцыі на этапе, у грузавіку... Пасьля таго, як іх загрузілі ў грузавікі, то амонаўцы пагражалі ім згвалтаваньнем. Наколькі сур''ёзнай была пагроза – пытаньне іншае. Гэта магла быць страшылка, каб псыхалягічна зламаць дзяўчат".

У справаздачы таксама гаворыцца і пра працэдуру распрананьня на Акрэсьціна, якую праходзілі жанчыны. У часе яе некаторыя зь іх нават гублялі прытомнасьць – настолькі зьняважліва супрацоўнікі турмы абыходзіліся зь імі пад час асабістага дагляду.

(Фрызэн: ) "Працэдура распрананьня заўсёды зьневажальная. Я нават ня ведаю, хто прысутнічаў пры ёй міліцыянты– жанчыны ці мужчыны, аднак улічваючы тое, што ўсіх узялі агулам і абшуквалі, распраналі... Не магу выключыць таго, што і мужчыны-міліцыянты таксама прысутнічалі".

Як вынікае са справаздачы, у турме на Акрэсьціна цалкам ігнаруюцца спэцыфічныя асаблівасьці жаночага арганізму, у тым ліку наяўнасьць жаночых месячных цыкляў. Гігіенічныя ўмовы ў беларускіх турмах – недапушчальныя, сьведчаць прадстаўнікі Міжнароднага таварыства правоў чалавека.

Арганізацыя лічыць неабходным, каб пра гэтую сытуацыю з правамі беларускіх жанчын у зьняволеньні даведаліся як мага болей людзей. Гаворыць Ёган Фрызэн:

(Фрызэн: ) “Акрамя інтэрнэту, акрамя нашай старонкі (www.igfm.de) гэта ўжо разышлося па ўсіх СМІ Нямеччыны, газэтах, радыё і тэлебачаньні. У Менск мы гэта не дасылаем, таму што я ня думаю, што гэта будзе мець нейкі сэнс. Гэта праігнаруюць, як праігнаравалі ўсё дагэтуль. Тое, што мы зрабілі, гэта спроба абудзіць нямецкую і міжнародную грамадзкасьць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG