Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне Свабоды: ці адчуваеце Вы сябе ў бясьпецы пасьля Чарнобылю?


Радыё Свабода, Менск 20 гадоў мінула пасьля Чарнобыльскай катастрофы. Ці можна быць упэўненымі, што небясьпека беларусам не пагражае, што экалёгія ў парадку і што людзі спажываюць чыстыя прадукты? Наша карэспандэнтка цікавілася меркаваньнямі менчукоў.

(Карэспандэнтка: ) "Ці адчуваеце Вы зараз, што мы жывем у поўнай бясьпецы?"

(Спадарыня: ) "Калі пра гэта не задумвацца, то можна быць спакойнымі, што жывем у поўнай бясьпецы. А калі задумацца – то становіцца страшна".

(Хлопец: ) "Не. І хоць кажуць, што зямля чыстая, экалёгія чыстая – думаю, што гэта няпраўда".

(Спадар: ) "Як сказаць.... Ваду п''ем мы брудную, вось я на ногі пакутую ўжо гадоў 10. Канечне, вінаваты Чарнобыль. А што зробіш?"

(Спадарыня: ) "Ня веру, ня веру, ня веру. 20 гадоў – гэта мала. Як цяпер сьцьвярджаюць, што старыя там не паміраюць, бо ў іх гэтая атрута – радыяцыя даходзіць даўжэй. А моладзь памірае... Не, нават калі мы далёка знаходзімся ад Чарнобыля, і тое колькі непрыемнасьцяў! Я не дажыву да таго, калі гэты Чарнобыль стане бясьпечным для людзей!"

(Карэспандэнтка: ) "Прайшло 20 гадоў пасьля Чарнобылю. Ці верыце Вы, што зараз усё бясьпечна, чыстае асяродзьдзе?"

(Спадар: ) "Я не магу сказаць, таму што я некампэтэнтны ў гэтых пытаньнях".

(Хлопец: ) "Ды не, канечне! Таму што пэрыяд распаду цэзію – 200 гадоў".

(Карэспандэнтка: ) "Ці можна неяк засьцерагчыся?"

(Хлопец:) "Не, ад гэтага ўжо ніяк не засьцерагчыся. Бессэнсоўна. Яшчэ і ўнукам нашым хопіць".

(Спадарыня: ) "Я ня ведаю".

(Спадарыня: ) "Хочацца верыць. Але хутчэй за ўсё, гэта ня так".

(Карэспандэнтка: ) "Вы калі-небудзь правяралі прадукты?"

(Спадарыня: ) "Вельмі даўно, адразу пасьля Чарнобылю. А цяпер – не. Сэнсу няма".

(Спадар: ) "Раней правяраў, цяпер – не".

(Карэспандэнтка: ) "Ці можна зараз быць ўпэўненымі, што чыстая экалёгія, чыстыя прадукты?"

(Спадарыня: ) "Я думаю, што так. Усё чыстае. Час прайшоў, у мяне знаёмая там жыве. Усё нармальна".

(Карэспандэнтка: ) "А Вы хоць раз правяралі тут прадукты?"

(Спадарыня: ) "Не, але я перакананая, што ўсё нармальна".

(Спадар: ) "Не, таму што і так ведаю, што забруджаныя".

(Студэнт: ) "Я веру, што ў нас усё ў парадку. Прадукты чыстыя. Я не правяраў, але веру, што ўсё добра".

(Спадар: ) "Я не магу дакладна сказаць, таму што ў мне няма замераў. Але тое, што я купляю ў краме, лічу, што чыстае".

(Карэспандэнтка: ) "А правяралі раней ці зараз?"

(Спадар: ) "Ніколі я не правяраў, нават ня ведаю, дзе знаходзіцца праверачны пункт".

(Спадарыня: ) "Мы перакананыя, што ўсё чыстае".

(Студэнтка: ) "Наўрад ці чыстае паветра, наўрад ці нешта зьмянілася. Думаю, што, наадварот, экалёгія пагоршылася".

(Карэспандэнтка: ) "Ці правяраеце Вы прадукты, можа, неяк засьцерагаецеся: не ўжываеце грыбы, ягады?"

(Студэнтка: ) "Не, я не правяраю нічога, я ўсё ем. Але лічу, што трэба правяраць".

(Спадарыня: ) "Мы не правяраем. Не зьвяртаем на гэта ўвагі".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG