Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як менчукі ставяцца да абароны Расеяй Аляксандра Лукашэнкі?


Радыё Свабода Напрыканцы мінулага тыдня Дзяржаўная Дума Расеі прыняла заяву “Пра недапушчальнасьць умяшаньня ва ўнутраныя справы Беларусі”. “Свабода” пацікавілася ў мінакоў на вуліцах Менску – як яны ставяцца да абароны Расеяй Аляксандра Лукашэнкі і трох дзесяткаў чыноўнікаў, адносна якіх Эўразьвяз увёў візавыя санкцыі.

Суразмоўцы “Свабоды” адзначалі наўпроставую сувязь паміж заявай Дзярждумы Расеі, ейнымі геапалітычнымі інтарэсамі і асобаю Аляксандра Лукашэнка. Маўляў, “рука руку мые”.

(Спадар: ) “Расея мае права выказаць сваё меркаваньне... Але, зь іншага боку, Расея і так занадта шмат умешваецца ва ўнутраныя справы Беларусі... Гэткі шэры кардынал, які нябачна кіруе і дапамагае Лукашэнку. У дадзеным выпадку слушныя санкцыі Эўразьвязу – бо гэткім чынам ён спрабуе абараніць насельніцтва Беларусі ад праяваў таталітарнага рэжыму.”

(Спадар: ) “Гэта зусім не зьдзіўляе. І гэта чарговая ілюстрацыя сапраўднага стаўленьня кіраўніцтва Расеі да таго, што адбываецца на Беларусі і вакол Беларусі”.

(Спадарыня: ) “Яны падтрымліваюць уладу Беларусі толькі ў сваіх уласных мэркантыльных інтарэсах.”

(Спадар: ) “Тое, што Лукашэнка апошнім часам выходзіць з-пад кантролю Расеі – гэта сьмешна. Ня можа выйсьці з-пад кантролю арганізма сэрца. Лукашэнка – частка Расеі. Паводле сваёй сьвядомасьці і паводле сваёй палітыкі.”

(Спадарыня: ) “Калі Расея лічыць, што ў Беларусі ўсё законна і ўсё нармальна, то яна мае права падтрымліваць прымаць дэлегацыі і працягваць стасункі. Але складваецца ўражаньне, што рука руку мые.”

(Спадарыня: ) “Расею нельга апраўдаць!”

(Спадар: ) “Яны маюць права рабіць якія заўгодна заўвагі, бо гэта іх канстытуцыйнае права.”

Некаторыя з рэспандэнтаў Свабоды падкрэсьлівалі, што заява Расеі – частка яе спрадвечнай палітычнай стратэгіі.

(Спадар: ) “Гэта яшчэ раз вызначае Расею як гэткага двухгаловага арла, які з аднаго боку глядзіць у бок дэмакратыі, а зь іншага боку – падтрымлівае шматлікія дыктатуры і рэжымы – прыкладам, Хамаз... Куба... Расея – гэта Расея. Мала што зьмянілася ў ейных інтарэсах і мэтадах з часоў Савецкага Саюза.

(Спадар: ) “Для расейскай дзяржаўнай сыстэмы ўтрымаць у арбіце свайго ўплыву Беларусь - гэта стратэгічная задача, якая сфармавалася яшчэ ў 17-м стагодзьдзі. І дагэтуль яна ня страціла актуальнасьці для расейскіх афіцыйных колаў. І ўсё, што адбываецца супраць гэтай заганнай традыцыі, выклікае абурэньне ў расейскіх афіцыйных уладаў.“

Шмат хто з суразмоўцаў лічыў прынцыпова інакш ці наагул ня меў цікавасьці да пытаньня:

(Спадар: ) “На маю думку, адэкватная рэакцыя.”

(Спадар: ) “Правільна”.

(Спадар: ) “Мне цяжка сказаць. Сумняюся... Дый наагул не цікаўлюся палітыкай. Я да гэтага абыякавы.”
XS
SM
MD
LG