Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галасы і твары Плошчы: Алег Граблеўскі


Радыё Свабода Мы працягваем расказваць пра тых прыхільнікаў пераменаў, якія за падтрымку намётавага лягеру на Кастрычніцкай плошчы ў Менску былі арыштаваныя, аштрафаваныя, асуджаныя на зьняволеньне.

На пытаньне, чаму ён паехаў на Кастрычніцкую плошчу ў намётавы гарадок, трыццацігадовы юрыст з Воршы Алег Граблеўскі адказаў так.

(Граблеўскі: ) “Мне хацелася ўбачыць людзей, якія не збаяліся, ведаючы, колькі тэхнікі туды было нагнана, колькі міліцыянтаў. І заява Сухарэнкі , што вы, маўляў, сядзеце ў турму за тэрарыстычную дзейнасьць, – яна мяне так абурыла, узрушыла і падмацавала жаданьне ісьці туды!”

Алег Граблеўскі кажа, што прыкладна з такімі самымі думкамі ехаў ў 2004-м годзе на кіеўскі Майдан. Самае моцнае ўражаньне, паводле ягоных словаў, – гэта адчуваньне еднасьці пратэстоўцаў і іхных землякоў, гатовых прынесьці на Майдан апошняе, што ў іх ёсьць. У сакавіку 2006-га году тое самае Алег адчуў і на Кастрычніцкай плошчы.

(Граблеўскі: ) “Людзі проста прыходзілі і пыталіся: што вам трэба? Адных тэрмасаў там стаялі сотні! І я асабіста нават такое назіраў: стаіць спэцназавец і кажа: “Вось сволачы, яны там ядуць, а нам за суткі толькі сто грам рысу далі!” Дзяўчаты нашы гатавалі каву, гарбату. Усе мужчыны стаялі ў ачапленьні, а бабулькі сталага ўзросту зранку і ўвечары прыбіралі сьмецьце, нават за спэцназаўцам недапалкі прыбіралі. І я ня бачыў там ніякіх “наркаманаў ды радыкальных алькаголікаў,” – “статку маладых адмарозкаў”, як выказаўся Зімоўскі.

Рэпартажы БТ Алегу паглядзець не давялося: на той час ён ужо быў на Акрэсьціна. Гэта ягоная жонка, Алеся, застаўшыся дома з двума дзецьмі – сямігадовым Хведарам і паўтарагадовым Сьцяпанам – углядалася ў тэлевізійны экран, спадзеючыся ўбачыць мужа. А ёй паказвалі зусім іншае.

(Граблеўская: ) “Шпрыц там быў такі, як Маргунову ад яшчура прышчэпку рабілі! Такі шпрыц там паказалі, што для наркотыкаў быў! А што зь людзьмі сталася, дык нічога не сказалі! Білі ці ня білі? Ці ён жывы, ці адбілі што? А пасьля высьветлілася, што на марозе столькі трымалі! Ён, як прыехаў, казаў, што ныркі яму нешта баляць – можа, падстудзіў трохі...”

Алегу Граблеўскаму далі 10 сутак. Юрыст Вольнага прафсаюзу зь вялікім судовым досьведам абароны чужых правоў, ён кажа, што даводзілася толькі дзівіцца ўбачанаму ды пачутаму на ўласным працэсе ў Партызанскім судзе.

(Граблеўскі: ) “Судзьдзя запытала, ці патрэбны мне адвакат. Адказваю: “Канечне!” Тут жа сядзіць адвакат з пачакам квіткоў на аплату... Я пачынаю яму гаварыць пра нормы права – пра тое, як мы будзем бараніцца. А ён паглядзеў на мяне ды кажа: “Ты што, ня ведаеш, супраць каго ты пайшоў? Якая табе абарона! Давай, пайшлі хутчэй!” І ўвесь працэс прайшоў за сем хвілін. Мне гэта было вельмі цікава з прафэсійнай кропкі гледжаньня!”

Сёньня Алесі ўжо здаецца, што тых 10-ці сутак на Акрэсьціна нібыта не й было. Алег, як звычайна, працуе за кампутарам, старэйшы сын у школе, а меншы сядзіць у яе на руках. Ён яшчэ ня ўмее размаўляць, хаця й дужа імкнецца ўставіць у матчыны ўспаміны сваё слова.

(Граблеўская: ) “Як заходзіла ў бугальтэрыю плаціць грошы за свайго вязьня, дык выйшаў мужчына, каб абвестку нам нейкую зрабіць, і пытаецца: “Хто ў вас сядзіць?” Кажу: “Муж”. А ён: “Дык як жа вы яго адпусьцілі? А самі што?” “Сама, – кажу, – з дзецьмі сяджу, двое дзяцей на руках”. Пытаецца: “А каб ня дзеці, таксама б паехалі?” “Канечне!”—адказваю. Ён так паглядзеў на мяне, і ў вачох чыталася: “Ну, канец гэтаму рэжыму, неўзабаве нешта зьменіцца!”
XS
SM
MD
LG