Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня павінен быць сфармаваны новы ўрад Беларусі


Уладзімер Глод, Менск Панядзелак, 24 красавіка, як дату канчатковага вызначэньня структуры і складу новага ўраду назваў намесьнік міністра эканомікі Андрэй Тур на эканамічным форуме, які праходзіў напрыканцы мінулага тыдня ў Менску.

Калі прагноз Андрэя Тура збудзецца, дык тады можна цьвердзіць, што фармаваньне ўраду скончыцца з другой спробы. У мінулую сераду кандыдатаў на адказныя пасады сабраў у сябе Аляксандар Лукашэнка. Але тады ён не прыняў канчатковага рашэньня і запатрабаваў ад Сяргея Сідорскага, каб той цягам некалькіх дзён дапрацаваў структуру кабінэта і вызначыўся з усімі прэтэндэнтамі на высокія пасады.

(Лукашэнка: ) "Ад гэтага часу прэзыдэнт ня будзе больш бегчы наперадзе ўраду альбо любога іншага чыноўніка. Той, хто павінны ісьці на амбразуру першым, той на яе і пойдзе. Хто не пойдзе, той, калі ласка, сыходзьце. Хопіць хавацца за сьпіну кіраўніка дзяржавы".

Вядомы беларускі эканаміст Леанід Злотнікаў упэўнены, што нейкія нязначныя зьмены ў структуры ўраду адбудуцца, так як гэта рабілася і раней. Але сур’ёзных зьменаў у эканамічным курсе Беларусі бліжэйшым часам ня будзе. Нават, калі б урад гэтага і пажадаў. Спадар Злотнікаў лічыць, што курс вызначае кіраўнік дзяржавы, а на долю міністраў застаюцца чыста тэхнічныя, выканальніцкія функцыі.

Эканаміст прагназуе, што ў новай пяцігодцы вызначальнымі для ўраду Сяргея Сідорскага будуць два фактары. Першы, ці зможа ён залучыць дастатковую колькасьць інвэстыцыяў.

(Злотнікаў: ) "У мінулым дзесяцігодзьдзі эканамічны рост адбываўся за кошт, па-першае, выкарыстаньня рэзэрваў нявыкарыстаных раней магутнасьцяў, а па-другое, за кошт зношваньня асноўных фондаў. І на гэта не патрабавалася багата інвэстыцыяў. Цяпер жа, каб павялічыць ВУП, а на гэтай аснове і заробкі, патрэбныя інвэстыцыі. Ёсьць такія разьлікі: каб павялічыць ВУП на 1 адзінку, трэба павялічыць інвэстыцыі на 1,4—1,6 адзінкі. Ці будуць яны? Вось гэта самае цяжкое пытаньне для ўраду".

Другі – магчымае падвышэньне цэнаў на газ для Беларусі. Спадзяваньні прэм’ера Сідорскага на тое, што расейскі "Газпром" павінен прытрымлівацца роўных умоваў для гаспадарчых суб''ектаў Беларусі і Расеі, на думку Леаніда Злотнікава, могуць прывесьці да вельмі небясьпечных для Беларусі рэчаў.

(Злотнікаў: ) "Калі нашы патрабуюць роўных умоваў для суб''ектаў гаспадараньня, дык і расейцы запатрабуюць роўных умоваў для сваіх суб''ектаў на тэрыторыі Беларусі. А гэта вельмі небясьпечна. Да гэтага часу Беларусь штучна стрымлівала патокі расейскіх тавараў і паслугаў на сваю тэрыторыю. Але калі гэтага не стане, дык адразу высьветліцца, што беларуская і расейская эканомікі не ўзаемадапаўняльныя, а канкурэнтныя. Хутка "ляжа" беларуская лёгкая прамысловасьць, хлынуць расейскія будаўнічыя матэрыялы, прадукты ды іншае. Тут Беларусь больш страчвае, чым знаходзіць".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG