Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вялікдзень па-беларуску


Валянціна Аксак, Менск Дванаццаць маладых дзяўчат апраналіся ў новыя белыя кужэльныя кашулі і басанож выходзілі на досьвітку ў двор і плугам вакол кожнай хаты абводзілі сымбалічную абярэжную разору. Гэтак у нашых продкаў пачыналася сьвята Вялікадня, сьвята, якое ў старажытнасьці азначала прыход новага году. Якія з даўнейшых звычаяў захаваліся сёньня ў велікоднай абраднасьці беларусаў высьвятляла нашая карэспандэнтка.

Мастацтвазнаўца Валянціна Трыгубовіч пасьля ўсяночнай літургіі прынесла дахаты асьвячоныя велікодныя прысмакі і кожнаму сямейніку падарыла пафарбаванае ў цыбульным шалупіньні яечка. А потым усе разам частаваліся яйкамі, пірагом, тварожна-разынкавай пасхай і адмыслова запечаным кумпяком. Усё гэта даставала спадарыня Трыгубовіч з-пад вышыванага ручніка, якім накрываўся адмыслова для паходу ў царкву традыцыйна сплецены лазовы кошык. Так рабіла яе мама і так будуць рабіць, яна спадзяецца, і яе ўнукі.

(Трыгубовіч: ) “Да сьвята трэба было прыйсьці самому прыбранаму і каб у хаце ўсё блішчэла. І гэтае традыцыі мы зь сёстрамі пільнуемся – ў чысты чацьвер абавязкова мыем вокны”.

На ўзроўні такіх побытава-храмавых традыцыяў сьвяткуе цяпер Вялікдзень бальшыня беларусаў. Сапраўдны сэнс гэтага сьвята незваротна страчаны, лічыць фальклярыстка Антаніна Хатэнка:

(Хатэнка: ) “Яно ўсё цяпер на гульнёвай аснове, ператварылася ў пацешку, у забаву. А пацешку і забаву адзін робіць, іншы – не, а трэці й робіць, як зазвычаена, але не ўкладае ў гэта той сэмантыкі, якая па сутнасьці паслугуе повязі чалавека і Бога, повязі чалавека і Космасу”.

Вялікдзень прыйшоў у наша жыцьцё з дахрысьціянскіх часоў. У беларусаў ён азначаў пачатак новага прыроднага цыклю. На яго спалучанасьць зь векавечным Космасам і былі скіраваныя ўсе абрады: абярэжная разора вакол хаты, зробленая цнатлівымі дзяўчатамі ў белых кашулях, чырвоныя яйкі на сьвяточным стале, як сымбаль плоднасьці, валачобнікі зь віншавальнымі песьнямі-зычэньнямі на шчасьлівы час да новага Вялікадня. У сучасным урбанізаваным сьвеце гэтыя архаічныя звычаі і незразумелыя, і немагчымыя, кажа спадарыня Хатэнка. Што ж застаецца?

(Хатэнка: ) “Застаецца пост, як зьява ачышчальная, як зьява лучнасьці з сабою глыбокім, з сабою сутнасным, калі ўсё павярхоўнае счышчаецца, сьціраецца і дастае сваю існасьць. Людзі разумеюць пост толькі дачынна ежы, але ён куды шырэйшы, куды больш глябальны. Мы вычышчаем сябе, мы пераўзнаўляемся, а Вялікдзень жа ў нашай традыцыі – гэта новы год. Адтуль засталіся яшчэ на падсьвядомасьці звычкі дарыць”.

Звычка дарыць абновы на Вялікдзень зафіксавана ў фальклёры. Трэба паспрабаваць угадаць, што б хто хацеў атрымаць, і дарыць абновы зь вялікай любоўю, – кажа спадарыня Хатэнка, – каб яны спрычыніліся да абнаўленьня чалавека, уваскрашэньня ягонага да новага духоўнага жыцьця. Зрэшты, безь любові ня мае сэнсу ніякі звычай, як бы дакладна ён не выконваўся.
XS
SM
MD
LG