Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Пра Чарнобыль я даведаўся з Радыё Свабода. Гэта, можна сказаць, праверка часу, дзе кажуць праўду"


Радыё Свабода Званок на Свабоду. Водгукі слухачоў за пятніцу, 21 красавіка. Круглыя суткі вы можаце тэлефанаваць па менскім нумары 290-39-52 і пакідаць свае водгукі на нашым аўтаадказьніку.

(Сухарэцкі Вячаслаў Іванавіч: ) “Хачу выказаць вялікую падзяку рэдакцыі “Народнай Волі”, асабліва Іосіфу Паўлавічу, а таксама Сьвятлане Калінкінай за іх вялікую працу на карысьць Беларусі. А кіраўнікам апазыцыі папрок за недастатковую дапамогу рэдакцыі.

Паважаная Сьвятлана! У мяне прапанова рэдакцыі, можа, яна пакажацца незвычайнай, але тым ня менш. На мой погляд, яе патрэбна ўзьнімаць рэгулярна на старонках газэты. Прэм’ер Сідорскі заявіў, што плянуюць улады будаваць атамную станцыю. Чуў, што і навукоўцы гэта падтрымліваюць. Сумна ўсё гэта. Замест таго, каб у 3-4 разы зьменшыць затраты энэргіі на ўсе віды чалавечай жыцьцядзейнасьці, яны плянуюць убухаць сродкі ў энэргію на выкарыстаньне ўрану, які таксама небясконцы. Недзе год таму я пісаў аб гэтым у “Народную Волю”, на жаль, мае прапановы не былі выкарыстаныя. Магчыма, захаваліся, то прашу апублікаваць.

Жадаю супрацоўнікам рэдакцыі здароўя і мужнасьці!”

(Спадарыня: ) “Па радыё адзін настаўнік прапанаваў перавыхоўваць тых, хто разганяў людзей на Дзень Волі, зьбіваў моладзь і ня толькі, кідаючы ў аўтобусе, абражаючы, пагражаючы весьці ў Курапаты. Гэта былі натрэніраваныя для чорных спраў – язык не паварочваецца назваць іх людзьмі – нелюдзі ў чорным, асатанелыя, раскормленыя крумкачы, якія выканаюць любы злачынны загад сваіх гаспадароў, бо плаціць ім будуць вельмі шчодра: павышаць па службе, заахвочваць з нашых пэнсіяў і мізэрных заробкаў. Я спрабавала не адзін раз тлумачыць, задаваць пытаньні, чаму яны паводзяць сябе так непрыстойна, агрэсіўна. Адказаў не атрымала, адзін раз толькі пачула: задача такая пастаўленая. Значыць, гэта не абмяркоўваецца, яны робаты. А мы ж на Плошчы напаміналі ім: міліцыя ж з народам! Дарма! І таму сьпісы неўязных павінны дапоўніцца гэтымі паўлічэнкаўцамі, таксама так званымі сьведкамі, хлусьліўцамі, якія падпісвалі пратаколы затрыманьняў, і абавязкова ўсімі судзьдзямі, якія чынілі злачынствы пры вынясеньні рашэньняў на суткі і штрафы. А пра кіраўнікоў навучальных установаў, прадпрыемстваў і г.д. – дык гэта само сабой. Яны павінны быць неўязнымі, павінны быць дыскваліфікаваны і прыцягнуты да адказнасьці. Іх халуйская сутнасьць зламала шмат лёсаў сумленных людзей. Які ж прыклад яны паказваюць сваім падначаленым, студэнтам…”

(Спадарыня: ) “Зь вялікай трыбуны прадстаўнікі ўраду кажуць: “У нас няма алігархаў”. А, як вядома, толькі алігархі маюць свае рахункі ў замежных банках. Паўстае пытаньне: якія грошы ў чыноўнікаў у замежных банках і чаму яны іх там трымаюць? Усе грошы павінны быць у нашых банках і працаваць на карысьць нашай гаспадаркі. Таму замарожваць іх рахункі няма сэнсу. Няхай гэтыя грошы перавядуць у нашы банкі. А калі гэта немагчыма, няхай патлумачаць чаму. Якраз будуць грошы на падтрымку Чарнобыльскай зоны”.

(Спадар: ) “Канадцы забаранілі Зімоўскаму ды Праляскоўскаму знаходзіцца на сваёй тэрыторыі, бо клапоцяцца пра стан свайго здароўя. Гэтыя дзеячы распаўсюдзілі хваробу больш цяжкую, чым птушыны грып. Імя гэтай хваробы – лукашызм”.

(Спадар: ) “Спадарыня Калінкіна! Як Вы ставіцеся да закліку вашага былога калегі Аляксандра Фядуты да лідэраў апазыцыі сысьці ў адстаўку пасьля гэтых выбараў? Чаму Вы сышлі зь “Беларускай дзелавой газэты?”

(Спадар: ) “Шаноўная Сьвятлана Калінкіна! Ці падтрымліваеце Вы прапанову БАЖ уключыць у сьпіс неўязных рэдактараў усіх дзяржаўных газэтаў Беларусі?”

(Міхаіл Леках: ) “Я разумею, паважаныя супрацоўнікі Радыё Свабода, што вы знаходзіцеся на ўтрыманьні і, зразумела, вы несвабодны, бо вам плацяць за гэта амэрыканцы грошы, і вы іх адпрацоўваеце”.

(Спадар: ) “Абурае выраз: дзяржаўныя навучальныя ўстановы – адмовіць у навучаньні. Навучальныя ўстановы існуюць на падаткі народу, на грошы, якія народу не даплачваюць за працу. Я лічу, што адлічыць можна толькі за непасьпяховасьць! Няхай ня ходзяць на заняткі, маюць вольны доступ, але здаюць залікі. Ды і кожны шосты афіцыйна па выбарчых сьпісах супраць рэжыму. Патрэбна патрабаваць вучыць гэтых людзей на грошы гэтай шостай часткі”.

(Бялькевіч, Салігорск: ) “Паважаныя слухачы! Хопіць сварыцца. Давайце пра любоў. Я люблю Мілінкевіча за склад розуму, адукаванасьць, інтэлігентнасьць, здольнасьць устанаўліваць адносіны з высокапастаўленымі асобамі. Мне падабаецца Казулін за сьмеласьць у адстойваньні сваёй ідэі, здольнасьць арганізоўваць і ствараць нешта на, здавалася б, пустым месцы. Іншым падабаецца Лукашэнка. Ён выказвае іх думкі, таму што ў іх аднолькавы ўзровень разьвіцьця. Яны ня лічаць яго адзінкай вымярэньня глупства. Як кажуць: “Любовь зла”.

(Спадарыня: ) “Хачу выказацца наконт пакаяньня студэнтаў за ўдзел у акцыі ў намётавым гарадку. Ну ня ведаю, на што гэта падобна. Па-мойму, каяцца трэба Ярмошынай і Лукашэнку за падман, за падлог, за самазванства. А студэнты, у чым яны павінны пакаяцца? Гэта маладыя людзі, яны толькі жыць пачынаюць, яны нічога такога жудаснага не нарабілі, каб ім каяцца. Гэта ж суцэльнае бязладзьдзе! За што ім каяцца? За тое, што яны хочуць жыць па іншаму, што хочуць жыць нармальна?”

(Радзімоўскі Юры, Бабруйск: ) “Сёньня сустрэў свайго добрага знаёмага, які паведаміў, што з 19-га сакавіка ён быў у намётавым гарадку на Кастрычніцкай плошчы, быў затрыманы з хлопцамі. Сёньня мне паведаміў, што іх выклікалі ў міліцыю, мусіць, унутраных справаў і сказалі: “Ня дай Бог, каб 26-га вы прысутнічалі на плошчы. Як толькі вы зьявіцеся на вакзале, мы вас адразу затрымаем і вернем дахаты”. Якая гэта дэмакратыя? Які гэта незалежны строй? Што гэта такое робіцца, калі ўлады так страхуюць свайго дыктатара любімага?”

(Спадар: ) “26-га красавіка будзе чарнобыльская паніхіда. Як да 26-га вярнуць “Звон свабоды”? Гэта, канечне, немагчыма. Па-другое. Як абараніць хлопцаў, хаця б нават мяне ад чаканага жабрацкага жыцьця? Бо сытуацыя ідзе да таго, што жыцьцё ўсё ж такі пагаршаецца. А калі жыцьцё пагаршаецца, хочацца праяўляць актыўнасьць, хочацца працаваць на дэмакратыю, на тое, каб жыцьцё з часам зьмянілася, каб краіна пачала квітнець. Вельмі непажадана, каб Расейскай імпэрыя праглынула любімую Беларусь. Ні ў ніякім разе гэтага нельга дапусьціць! Але якім чынам гэта зрабіць? Што магчыма зрабіць, каб Захад падзейнічаў на тое, каб гэта не дапусьціць?”

(Спадар: ) “Хачу сказаць. Няхай жыве Рыгор Барадулін! Адбылася прэзэнтацыя яго новай кнігі. Няхай жыве Рыгор Барадулін! Сапраўдны паэт, сапраўдны творца, сапраўдны патрыёт Беларусі, бацькаўшчыны! Дай Бог, каб яму ўручылі Нобэлеўскую прэмію. Гэта гонар нашай бацькаўшчыны”.

(Спадар: ) “Паколькі я валянцёр і актыўны сябра Народнага Фронту, я вельмі разумею і вельмі часта размаўляю зь людзьмі. Людзі настолькі задурманеныя прапагандай ідэалягічнай, прапагандай, якая хлусіць на Захад. Хацелася б, каб людзі зразумелі, што гэта такое жыць бяз Захаду, а толькі з адным расейскім братам, хацелася б, каб яны адчулі. Неабходна ўвесьці эканамічныя санкцыі. Але пры гэтым трэба ўсё зрабіць для таго, каб актыўныя сябры прававых арганізацыяў былі абаронены, абавязкова, каб іхныя сем’і былі абароненыя, каб яны не адчулі, што яны кінутыя на волю лёсу”.

(Пэнсіянэрка: ) “Хацела б зьвярнуцца да тых, хто падтрымлівае Лукашэнку і да старых людзей, пэнсіянэраў, таксама і да моладзі, якая яго падтрымлівае. Хачу запытаць іх: за што яны яго падтрымліваюць? За 12 год, якія ён знаходзіцца пры ўладзе, у нас пагоршылася адукацыя, то бок людзі атрымліваюць няякасную адукацыю, пры чым ня толькі ў школе, а і ва унівэрсытэту. Пасьля таго, як атрымаюць адукацыю, мала таго, што яно стала платным, чалавек, атрымаўшы адукацыю, ня можа ўладкавацца на нармальную працу. Зусім не стабільная гэта дзяржава! Чалавек ня ведае, кім ён будзе працаваць. Калі бацькі яго ўладкуюць на добрую працу, то ён будзе добрыя грошы зарабляць. А калі бацькі ня здольныя ўладкаваць яго, то чалавек будзе альбо беспрацоўным, ці будзе атрымліваць малыя грошы не па сваёй спэцыяльнасьці. А стабільнасьць – гэта калі чалавек ведае, што калі ён ўклаў грошы ў адукацыю, то потым ён атрымае добрую, добра аплачваемую працу; праз пяць год ён атрымоўвае іншую пасаду, больш высокую, і заробак будзе больш высокі, калі ён пакажа добрыя вынікі. Так што вось у чым заключаецца стабільнасьць, а ня ў тым, што ўсё на адным узроўні застаецца. За 12 год у нас стала і мэдыцына платная і няякасная. Жыльлё ж таксама пагоршылася за гэтыя 12 год. А якія кошты на гэта жыльлё!”

(Спадар: ) “У мяне пытаньне. Зьнішчаюцца СМІ, апошнія беларускамоўныя газэты. Беларускай культуры амаль не засталося, бо таксама зьнішчаецца. Зьнішчаецца Саюз пісьменьнікаў Беларусі і г.д. Ніхто ня думае пра тое, што Расея кантралюе ўсе гэтыя пытаньні і самога Лукашэнку кантралюе? Спачатку ў нас зьнішчылі СМІ незалежныя, потым у Расеі іх зьнішчылі, зрабіўшы карэктуры; потым у нас пабудавалі вэртыкаль, потым у Расеі пабудавалі вэртыкаль; у нас зьнішчылі грамадзкія арганізацыі і ў Расеі зьнішчаюць грамадзкія арганізацыі. Так што зьвяртацца да расейцаў, да Пуціна, каб ён дапамог усталяваць у Беларусі дэмакратыю і г.д. Пайшоў бы Пуцін супраць Лукашэнкі – па-мойму, гэта нерэальна. Бо, мяркую, усё гэтае кіраўніцтва з Масквы і ўсё гэта праводзіцца пад кіраўніцтвам Масквы. Так што дарэмна нехта думае, што нехта дапаможа, акрамя саміх беларусаў. Толькі беларусы могуць пабудаваць сябе нармальнае грамадзтва. А Расея толькі практыкуецца на беларусах і глядзіць, як гэта атрымаецца”.

(Віктар Бутто: ) “Рэжым бясчынствуе. І ў гэтым нічога новага няма. Наймальнікі прымушаюць тых, хто пратэстуе рэжыму, пазбавіцца ад сумленьня ці ад праў на правы і свабоду з дапамогай прадажных судзьдзяў, паклёпаў на сябе, што ў вялікай колькасьці прымалася ў расправе на нармальнымі і прыстойнымі грамадзянамі, калі існаваў Савецкі Саюз і пасьля 1991-га году”.

(Спадар: ) “Дарагі Сяргей Дубавец! Шчырае дзякуй табе за твае перадачы, за твой голас, за тваё сумленьне, за тое, што ты так можаш выкласьці думкі, спадзяюся, мільёнаў беларусаў. Вось гэтая крыштальная сумленнасьць, гэты звон тваёй душы будзіць і абуджае, дае надзею і самае галоўнае ён абараняе нас ад роспачы, ад таго злога і чорнага, што сее гэты рэжым. Дзякуй табе. Посьпехаў табе! Часьцей будзь у эфіры”.

(Спадарыня: ) “Слухала размовы людзей пра тое, наколькі лжывая нашая цяперашняя ўлада, бо прымушаюць бухгальтараў ЖКХ даваць зьвесткі, што запазычанасьць па квартплаце памяншаецца, а на самой справе яна павялічваецца! І гэтыя жанчыны плачуць, ня ведаюць, што нават ім і рабіць.

А тое, што гэтых на Кубу не пусьцілі – гэта вельмі добра!”

(Спадар: ) “Пытаньне да Радыё Свабода. Навошта праводзіць выбары, калі загадзя вядомы вынік? Чаму Аляксандар Лукашэнка не ідзе па шляху Сапармурата Няязава? Як гэта пракамэнтуе Радыё Свабода? Да сустрэчы на хвалях “Свабоды”!

(Спадар: ) “Як вядома, у Беларусі ідзе бязьлітасная вырубка лясоў і продаж драўніны ў розных варыянтах Захаду. Няўжо Захад ня змог бы пратрымацца хаця б паўгады безь беларускай драўніны? А гэта бы ўдарыла вельмі рэзка па эканоміцы дыктатарскага рэжыму ў Беларусі. А дыктарам беларускага рэжыму прыйшлося б бегчы зь Беларусі”.

(Спадар: ) “Хлопцы! Я ўчора вас павіншаваў з чыстым чацьверам. Думаў, вы змыеце свае грахі. А вы зноў грашыць пачынаеце. Я прасіў на прыкладзе каляровых рэвалюцыяў упэўніць нас, каб і ў нас зрабіць рэвалюцыю. А вы нават у эфір мой выступ не пусьцілі. Усё асноўнае выразалі. Што вам, няма чаго сказаць у адказ? Бачна, што ад рэвалюцыі толку няма. Праўда, баіцеся. Я гляджу, у вас вельмі строгая цэнзура. А вы нам пра нейкую свабоду кажаце. Эх, вы, грэшнікі. Так што чакаю мой выступ цалкам. Вам гэта залічыцца. Усяго добрага”.

(Спадар: ) “Хачу падзяліцца ўспамінамі 1986-га году. Пра Чарнобыль я даведаўся з Радыё Свабода. Гэта, можна сказаць, праверка часу, дзе кажуць праўду. А яшчэ, калі ў траўні ў г. Сьветлагорску адбывалася эвакуацыя дзяцей, калі саджалі іх у цягнікі, на вагонах было напісана: “Спасибо партии за счастливое детство!” Вельмі цяжка было бачыць той цынізм. А зараз у нас кажуць “Спасибо одному за счастливое детство”. Што зьмянілася?”

(Васіль Сіліверст: ) “Вам тэлефануе чарнобыльскі вайсковы ліквідатар, камандзір роты і інвалід другой групы з г. Калінкавічы. Да вас некалькі пытаньняў. Першае. У якой статыстыцы Рэспублікі Беларусь можна пацікавіцца аб колькасьці ўсіх ліквідатараў на сёньняшні дзень? Другое. Колькі ліквідатараў, якім устаноўлена група інваліднасьці, сталі інвалідамі Чарнобылю? Ва Ўкраіне гэта лічба прыкладна каля 70 тысяч чалавек. І апошняе пытаньне. Чаму ў Гомельскай вобласьці шмат чыноўнікаў інваліды Чарнобылю, штампаваць якіх працягваюць міжведамасныя экспэртныя саветы і Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь?”

(Пэнсіянэр, Менск: ) “Дарагая “Свабода”! Прашу агучыць мой зварот да людзей, якія несьлі вахту на плошчы Каліноўскага. Не прасіце ніякага дараваньня! Вы патрыёты радзімы, ні ў чым непавінны! Хай дараваньня спадары Шэйман, Стражаў, Ярмошына, Радзькоў, Рыбакоў, Жураўкова і сьвяцейшы патрыярх Філарэт, менскі і слуцкі, за пастаяннае ім парушэньне запаветаў Сьвятога пісаньня!”

(Спадарыня: ) “У мяне ёсьць меркаваньне наконт прапановы замяніць лідэраў аб’яднанай апазыцыі. Як гэта? Навошта мяняць гэтых двух чалавек? Мілінкевіч Аляксандар і Аляксандар Казулін настолькі ўзрушылі народ, такую працу цяжкую правялі. Ну і што, што ня выбралі, бо яны сутыкнуліся з чалавекам, які зрабіў усё, што толькі магчыма, каб застацца пры ўладзе. Як можна памяняць Мілінкевіча і Казуліна? Хай яны працуюць далей! Хто гэта мог такое прапанаваць? Мяняць такіх людзей, у нас іх і так не хапае. Я за тое, каб Мілінкевіч быў, я за яго галасавала. Я б хацела, каб ён быў нашым прэзыдэнтам. Ён варты гэтага. Уся Эўропа яго запрашае, ён клапоціцца пра студэнтаў маладых, аб рабочых, якіх звольнілі. Ён клапоціцца пра людзей! Як гэта людзі зразумець ня могуць? Як гэта можна замяніць Мілінкевіча? Хто яшчэ можа пайсьці на такое цяпер? Ён мае добрую падтрымку, болей 30% яго падтрымліваюць!”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG