Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Аляксандар Мілінкевіч ачоліць Чарнобыльскі шлях-2006


Радыё Свабода, Менск Сёлета Чарнобыльскі шлях пройдзе пад дэвізам “Свабода. Праўда. Справядлівасьць”, які быў агучаны падчас выбарчай кампаніі Аляксандра Мілінкевіча. Тым самым, на думку арганізатараў акцыі, яна атрымае як экалягічны, так і палітычны характар.

Спадар Мілінкевіч сёньня вярнуўся з Нарвэгіі, дзе два дні вёў перамовы з вышэйшымі афіцыйнымі асобамі гэтай скандынаўскай краіны. Тэма мінімізацыі наступстваў Чарнобыльскай навалы была ў гэтых размовах адной з самых галоўных. Прадстаўнікі нарвэскіх уладаў паабяцалі больш дапамагаць жыхарам Беларусі, асабліва дзецям, якіх зачапіла гэтая бяда.

Зьмена маршруту акцыі (сталічны гарвыканкам, як мы ўжо перадавалі, дазволіў шэсьце ад Акадэміі навук да Чарнобыльскай капліцы ў парку Дружбы народаў) ня ставіць пад сумнеў яе правядзеньне, гаворыць Аляксандар Мілінкевіч:

(Мілінкевіч: ) "Мы – арганізатары. І, зразумела, ня маем права ня ўдзельнічаць у акцыі. Апошнія два тыдні мы займаліся правядзеньнем гэтага мерапрыемства".

На афіцыйным сайце Аляксандра Мілінкевіча зьявіўся ягоны роздум "Спынім палітычны Чарнобыль", прымеркаваны да 20-годзьдзя катастрофы. Некаторыя тэзы гэтага матэрыялу стануць асновай выступу лідэра дэмакратычных сілаў Беларусі 26-га красавіка.

Мастак Аляксей Марачкін, сябра аргкамітэту "Чарнобыльскага шляху – 2006", адзначае, што яго асабліва кранае з гэтых словаў:

(Марачкін: ) "Вось гэты вось лёзунг мне асабліва падабаецца ў Аляксандра Мілінкевіча: "Ня бойцеся! Будзем разам – і мы пераможам".

Яшчэ адзін сябра аргкамітэту, Сяргей Альфэр, лічыць, што на сёньняшні дзень тэхнічна Чарнобыльскі шлях падрыхтаваны, распаўсюджана шмат улётак:

(Альфэр: ) "Думаю, што ў бальшыні паштовых скрынак сталіцы ўлёткі былі. Астатняе залежыць ад таго, колькі народу зьбярэ "Чарнобыльскі шлях". Ва ўсякім выпадку, многія людзі, якія ня ўдзельнічалі ў падзеях 19 сакавіка, казалі, што яны пойдуць на "Чарнобыльскі шлях". Калі так адбудзецца, дык народу будзе істотна больш, чым 19 ці 25 сакавіка".

У панядзелак на паседжаньні палітычнай рады дэмакратычных партыяў абмяркуюць апошнюю падрыхтоўку да шэсьця. А ўвечары таго ж дня ў сядзібе Партыі БНФ адбудзецца адкрыцьцё выставы, прымеркаванай да 20-годзьдзя Чарнобыльскай катастрофы.
XS
SM
MD
LG