Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каля 70 сваякоў катыньскіх ахвяраў падалі скаргу на Расею ў Страсбур


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Сваякі польскіх афіцэраў, настаўнікаў, сьвятароў – ахвяраў Катыньскай трагедыі (гэта аб’яднаўчая назва расстрэлаў 1940-га году ў Катыні, Медным, Харкаве а таксама Курапатах) накіравалі скаргу супраць Расеі ў Страсбурскі трыбунал правоў чалавека, бо Масква адмаўляецца назваць гэтае злачынства генацыдам.

Вітаміла Воўк-Язерска, дачка польскага паручніка Вінцэнта Воўк-Язерскага, які, як і 22 тысячы іншых польскіх палонных, быў расстраляны супрацоўнікамі НКВД у 1940 годзе. Яна кажа, што пазоў – гэта не “палітычная авантура” ці спроба зрабіць прыкрасьць расейцам, але спроба дамагчыся, “каб рэчы называліся сваімі імёнамі”.

(Воўк-Язерска: ) “Гэта будзе барацьба за праўду і гонар нашых сваякоў, якія загінулі ў Катыні”.

Расейская вайсковая пракуратура пасьля 14 гадоў сьледзтва спыніла справу аб Катыньскім злачынстве, заявіўшы, што для яе ўжо мінуў тэрмін даўнасьці. Між тым, польскі бок лічыць, што забойства палонных, якое адбылося па загадзе Палітбюро на чале са Сталіным, было генацыдам, а значыць, злачынствам, якое ня мае тэрміну даўнасьці.

Паводле адмыслоўцаў, у дадзеным выпадку Расею можна прыцягнуць да адказнасьці за парушэньне Эўрапейскай канвэнцыі правоў чалавека, паводле якой дзяржава мае абавязак правесьці ў справе гвалтоўнай сьмерці чалавека “эфэктыўнае сьледзтва, асабліва калі да справы маюць дачыненьне дзяржаўныя служачыя”.

(Мэляк: ) “Гэтыя забойствы не ўчыніў натоўп, гэта не здарылася выпадкова. Загад аб расстрэле далі вышэйшыя кіраўнікі савецкай дзяржавы”, – кажа Стэфан Мэляк з Аб’яднаньня катыньскіх сем’яў.

Разам пазовы супраць Расеі ў Страсбур маюць намер накіраваць каля 70 палякаў, у тым ліку і цяперашніх грамадзянаў ЗША, Вялікабрытаніі.
XS
SM
MD
LG