Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Амапавец сарваў гэтую майку, разарваў і пачаў запіхваць шматкі яму ў рот"


Радыё Свабода, Менск Агляд перадачаў з цыклю “Галасы і твары плошчы”, якія прагучалі на тыдні. Мы працягваем расказваць пра тых прыхільнікаў пераменаў, якія былі арыштаваныя, асуджаныя на зьняволеньне, зьбітыя ў часе тыдня пратэсту на Кастрычніцкай плошчы ў Менску.

У намётавым лягеры студэнтка філялягічнага факультэту БДУ Валерыя Саўчанкава была з самага першага дня: удзень хадзіла на заняткі, а ўначы ішла на Плошчу. Затрымалі яе разам зь іншымі абаронцамі пад раніцу 24 сакавіка. З усяго перажытага 19-гадовай дзяўчынай і ў марозныя ночы на плошчы, а затым і ў турме, для яе невытлумачальнай застаецца найперш агрэсія спэцназаўцаў.

(Валерыя: ) “У іх каронная фішка была: “Теперь знайте, что спецназ – это не кучка пи…сов”. Усе гэтыя не “пі…сы” выйшлі са зброяй на маладых хлопцаў, але цэлая іх рота ня вартая аднаго нашага хлопца. Усе яны пры гэтым расказваюць, як стаяць за дзяржаву, бо давалі прысягу. А тое, што яны насамрэч ахоўваюць толькі аднаго чалавека (хоць з другога боку на вагах яшчэ 10 мільёнаў) – гэта дробязь. Праўда, ужо потым, калі нас у суд звазілі, міліцыянты пачалі пра сваё жыцьцё жаласьлівыя гісторыі расказваць. Некаторыя зь іх, мабыць, пачалі разумець, што міліцыя – з народам”.

Аляксандр Макаеў, прадпрымальнік, які працуе на рынку будаўнічых матэрыялаў у Ждановічах і ўзначальвае Каардынацыйны савет прадпрымальнікаў сталіцы, трапіў на Акрэсьціна на 15 сутак. Гэта было ўжо другое затрыманьне, першы раз далі 10 сутак за арганізацыю страйку прадпрымальнікаў.

Аляксандру 36 гадоў, гадуе дваіх дзяцей, чакае прыбаўленьне. Як удзел у палітыцы ўплывае на сям’ю?

(Макаеў: ) “Пакуль ніяк. Але тут ужо выбар, ведаеце, зроблены сэрцам. Лепшая для нас абарона – тое, што за намі закон, за намі праўда. Але жонцы цяжка. Яна тут нэрвавалася… Гэта вялікі мой боль. Трэба пастаянна шукаць кампраміс, таму што сям’я патрабуе сілаў, бізнэс, і, зразумела, тым, чым займаюся аддаю душу”.

Сакавіцкі страйк 2005 году ўцягнуў Аляксандра Макаева ў прадпрымальніцкі рух. А што ўвогуле вымушае прадпрымальнікаў ісьці на пратэст?

(Макаеў:) “Мы стварылі гэты рух, зыходзячы менавіта з эканамічных рэалій. Нам улада замінала працаваць. Год вялі перамовы і ўпэўніліся, што ніякія эканамічныя свабоды не існуюць без палітычных свабодаў. Мы бачым: для адных ёсьць закон, а для другіх ён ня пісаны. Для ўлады ён не дзейнічае. Мы хочам права для ўсіх”.

У сям’і Жылінскіх з Рагачова – тры былыя палітвязьні. Турэмным зьняволеньнем былі пакараныя ўсе дарослыя. Вось што галава сям’і Віктар Жылінскі кажа пар сябе.

(Віктар Жылінскі: ) “Я тут у Рагачове з 1989 году. Зьяўляюся прыхільнікам дэмакратычных пераменаў. Я ніколі не хаваў сваіх поглядаў”.

Гэтыя погляды спачатку падзяліла Віктарава жонка Сьвятлана, а затым і дзеці – Кацярына і Кастусь. Усе яны бралі актыўны ўдзел у нядаўняй прэзыдэнцкай кампаніі. 18 сакавіка Віктара Жылінскага арыштавалі. Ягоная дачка Кацярына дагэтуль уражаная прычынамі зьняволеньня:

(Кацярына Жылінская: ) “Недзе а 12-й гадзіне майму бацьку патэлефанавалі з гарвыканкаму. Ён выйшаў з пад’езду, і яго ўжо чакалі людзі. Спэцыяльна для гэта ўзялі чалавека, далі ў рукі бутэльку піва: ён як бы сутыкнуўся з маім бацькам, кінуў яму бутэльку пад ногі і пачаў нецэнзурна лаяцца. Ішлі два міліцыянты і затрымалі іх. На судзе майго бацьку абвінавацілі ў хуліганстве”.

Кацярыну ды ейную маці Сьвятлану затрымалі ўначы з 23 на 24 сакавіка іх пры ліквідацыі намётавага лягеру. Прыгадвае Сьвятлана Жылінская:

(Сьвятлана: ) “У мяне пытаюцца: навошта ты туды паехала? Бо я ж ведала, чым гэта ўсё можа скончыцца. Страшна было адпускаць Кацю адну. І калі выехалі на плошчу гэтыя “скрыні” здаравенныя, “аўтазакі”, нават ня страшна было, а шкада, што гэта ўсё скончыцца – сьвята Свабоды... Так было добра на душы – я б стаяла там заўсёды! Каб нас не разагналі, стаяла б там, пакуль бы ні перамаглі. Трэба сказаць, што Каця ўвесь час стаяла ў ачапленьні гарадка. І мы ўвесь час былі побач – да самага суду. Потым ужо разьвялі...”

Больш як тры тыдні правёў за турэмнымі кратамі моладзевы актывіст з Жодзіна Сяржук Гудзілін. 18-гадовы Сяржук Гудзілін – адзін з актывістаў жодзінскай каманды лідэра аб’яднанай апазыцыі Аляксандра Мілінкевіча. У сярэдзіне сакавіка пры распаўсюджваньні агітацыйных матэрыялаў юнак быў затрыманы мясцовымі міліцыянтамі і абвінавачаны ў хуліганскіх дзеяньнях. Суд пакараў Сяржука сямю суткамі арышту:

(Гудзілін: ) “У Жодзінскім ізалятары ўмовы, вядома, складаныя: адсутнасьць вэнтыляцыі, выводзяць у прыбіральню два разы на дзень – раніцай і ўвечары. Вельмі складана зь перадачамі – залежыць ад суб’ектыўнага стаўленьня дзяжурных. Адзін можа перадачу ўзяць і перадаць, другі – ня ўзяць. Нас пратрымалі паўтара сутак у Жодзіне і перавялі ў ізалятар часовага ўтрыманьня Барысава. Яны матывавалі гэта тым, што няма месца – у Жодзіне толькі чатыры камэры”.

Паводле ўжо вядомай статыстыкі, сярод абаронцаў намётавага лягеру на Кастрычніцкай плошчы пераважалі студэнты і навучэнцы. Але там былі й прадпрымальнікі, інжынэры... Цяпер дакладна вядома, што быў на Кастрычніцкай плошчы і свой цырульнік.

Калі амапаўцы схапілі 21-гадовага Канстанціна Ўсянка, то знайшлі ў ягонай торбе прафэсійныя нажніцы. Імі міліцыянт і адрэзаў хлопцу некалькі пасмаў валасоў. Шмат хто быў сьведкам таго інцыдэнту, потым вязьні згадвалі пра яго ў сваіх успамінах... Але Рамана Вахрамеева, якога затрымалі разам з Канстанцінам ля Кастрычніцкай плошчы, больш уразіла тое, што адбылося на хвіліну раней.

(Вахрамееў: ) “На Косьцю была надзетая майка з надпісам “Stop terror in Belarus”. У міліцэйскім аўтобусе амапавец адразу да яго прычапіўся, пачаў біць, сарваў гэтую майку, разарваў яе на шматкі і загадаў зьесьці. Косьця супраціўляўся, і тады амапавец пачаў запіхваць шматкі яму ў рот. Магчыма, нешта яму пашкодзіў, бо Косьця потым ў камэры тры дні ня мог нармальна есьці і піць”.

Пры размове з Косьцем Усянком паўстала пытаньне: ці былі нечым адметныя фрызуры абаронцаў лягеру? Малады спэцыяліст адразу згадаў пра фатаздымкі амэрыканскіх равесьнікаў 1960-х гадоў.

(Усянок: ) “Людзі, у якіх вольны дух, ніколі ня будуць паддавацца на штампы і ўраўноўваньні. Такіх людзей немагчыма прывесьці да аднаго стандарту”.
XS
SM
MD
LG