Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Імёны Свабоды: Зора Кіпель


Уладзімер Арлоў, Менск 1.7.1927, Менск – 14.4.2003, ЗША

Зора нарадзілася ў сям’і менскіх інтэлігентаў у гады першай беларусізацыі. Яе маці Апалёнія працавала настаўніцай і была блізка знаёмая з Уладзіславаю Луцэвіч, жонкаю Купалы. Бацька, Лявон Савёнак, меў вядомасьць як здольны рэпарцёр і фэльетаніст, за што ў 1933-м атрымаў у якасьці ганарару тры гады Сыбіры.

Навуку Зора здабывала ў Беларускай гімназіі імя Янкі Купалы ў Нямеччыне, у Лювэнскім унівэрсытэце ў Бэльгіі й Ратгерскім у ЗША.

Там, у Амэрыцы, яна пражыла большую частку жыцьця. Там выйшла замуж за школьнага сябра, аднаго зь сёньняшніх лідэраў нашай эміграцыі Вітаўта Кіпеля. Там нарадзіла й выхавала беларусамі дачку Алесю й сына Юрку.

Сваім другім домам спадарыня Кіпель называла Нью-Ёрскую публічную бібліятэку, дзе працавала амаль чатыры дзесяцігодзьдзі. Дзякуючы ёй вельмі значна пашырыўся беларускі кнігазбор бібліятэкі, былі наладжаныя дзясяткі тэматычна зьвязаных зь Беларусьсю выставаў, сэмінараў і канфэрэнцый. Разам зь Вітаўтам Зора ўклала такія фундамэнтальныя кнігі як “Янка Купала і Якуб Колас на Захадзе”, “Беларуская дзяржаўнасьць”, “Беларускі і беларусаведны друк на Захадзе”. Яна колькі гадоў рэдагавала газэту “Беларус”. Зорынаму пяру належыць надрукаваны ў ЗША ангельскі пераклад беларускае вэрсіі знакамітай рыцарскай “Аповесьці пра Трышчана”.

Яе імя было з шэрагу тых, што служылі своеасаблівымі візытоўкамі Беларусі ў вольным сьвеце.

Ад пачатку 1990-х Зора і Вітаўт штогод прыяжджалі на Бацькаўшчыну. Мы шмат вандравалі разам па Беларусі, і ў гэтых паездках – у Полацку, Віцебску, Магілёве, Рэчыцы, Крычаве – Кіпелі заўсёды пачуваліся не гасьцямі, а гаспадарамі, ня раз даючы прыклад тым, хто ўсё жыцьцё жыве на сваёй зямлі, нібыта прыхадзень – ня ведаючы ні яе мовы, ні гісторыі, ні традыцыяў.

У адказ на мой віншавальны ліст з нагоды прыняцьця яе і Вітаўта ў ганаровыя сябры Саюзу беларускіх пісьменьнікаў сп-ня Зора напісала: “ Мы ўсё сваё жыцьцё аддалі БЕЛАРУСКАСЬЦІ”. Яна мела права казаць так, магчыма, як ніхто іншы.

Цяпер у Беларусь зноў і зноў вяртаецца Зорына душа.


На здымку: Зора і Вітаўт Кіпелі.
XS
SM
MD
LG