Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Рабочых бабруйскага заводу прымушаюць пакінуць Свабодны прафсаюз


Радыё Свабода, Менск У Бабруйску на заводзе трактарных дэталяў і агрэгатаў пачаўся ціск на суполку Свабоднага прафсаюзу. Яго сяброў прадстаўнікі адміністрацыі прадпрыемства прымушаюць пакідаць прафсаюзныя шэрагі.

Антыпрафсаюзная кампанія ў Бабруйску пачалася пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. Рабочыя заводу трактарных дэталяў і агрэгатаў, якія зьяўляюцца сябрамі Свабоднага прафсаюзу, адчулі ціск з боку начальства. Вось што паведаміў пра гэта лідэр прафсаюзнай суполкі Міхаіл Кавалькоў:

(Кавалькоў: ) “Адбываецца звычайна. Прыходзіць начальнік цэха альбо старшы майстра і кажа: “Давай, хлопец, выходзь са Свабоднага прафсаюзу. Бо інакш, паколькі ў вас вось кантракты заканчваюцца, іх працягваць з вамі ніхто не будзе. І наагул, дырэктар даў указаньне ўсіх вас павыганяць”. Ходзяць і людзей шантажуюць”.

Паводле спадара Кавалькова, у яго ёсьць пісьмовыя заявы ад рабочых, у якіх тыя інфармуюць пра ціск прадстаўнікоў адміністрацыі. Начальства агітуе выходзіць з шэрагаў дэмакратычнага прафсаюзу і ўступаць ў заводзкую суполку афіцыйнага прафсаюзу, што ўваходзіць у Фэдэрацыю прафсаюзаў.

Некалькі дзесяткаў чалавек не вытрымалі гэтага ціску і ўжо паведамілі пра выхад з шэрагаў дэмакратычнага прафсаюзу.

Між тым, кіраўніцтва заводу афіцыйна прызнаць гэты ціск адмаўляецца. Вось, напрыклад, як патлумачыў Радыё Свабода пазыцыю адміністрацыі намесьнік дырэктара прадпрыемства Пётр Слабадчук:

(Слабадчук: ) “Ніякага ціску няма. Абсалютна. Ёсьць закон аб прафсаюзах і мы яго не парушаем”.

Паводле спадара Слабадчука, падзеі вакол суполкі Свабоднага прафсаюзу выкліканыя міжпрафсаюзнай канкурэнцыяй на заводзе. Як вынікае зь яго тлумачэньня, рабочыя са Свабоднага прафсаюзу па ўласным жаданьні пераходзяць у афіцыйны прафсаюз.

Інакш лічыць старшыня рэспубліканскай арганізацыі Свабоднага прафсаюзу Генадзь Быкаў, які вывучаў сытуацыю ў Бабруйску. Ён паведаміў, што на заводзе трактарных дэталяў і агрэгатаў самая вялікая суполка гэтага прафсаюзу – больш як трыста сяброў. І таму, паводле яго тлумачэньня, улады маюць намер зьнішчыць яе:

(Быкаў: ) "Сутнасьць у тым, што кіраўніцтва прадпрыемства атрымала загад пачаць “наезд”. “Наязджаць” як? “Выбіваць” людзей з прафсаюзу. Гэта працяг ранейшай палітыкі, толькі цяпер мэтады больш жорсткія і нахабныя".
XS
SM
MD
LG