Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чарнобыльскі шлях пройдзе з абразам Маці Божай і Чарнобыльскім звонам


Радыё Свабода, Менск Сёньня ўвечары прайшло паседжаньне арганізацыйнага камітэту па правядзеньню Чарнобыльскага шляху. Яго ўдзельнікі прынялі да ведама, што маршрут шэсьця праляжа ад Акадэміі навук па галоўным праспэкце Менску і вуліцы Сурганава да Чарнобыльскай капліцы, якая месьціцца ў парку Дружбы народаў, ля плошчы Бангалор.

Старшыня арганізацыйнага камітэту Віктар Івашкевіч паведаміў, што гарадзкія ўлады адвялі на мерапрыемства тры гадзіны: ад 18-й да 21-й 26-га красавіка. Складанасьць становішча палягае ў тым, што першапачаткова пачынаць шэсьце зьбіраліся на Кастрычніцкай плошчы. З гэтым адрасам падрыхтавалі ўлёткі. Але паколькі ўлады катэгарычна адмовіліся даць дазвол зьбірацца на плошчы, прыходзіцца тэрмінова ўносіць зьмены. Таму мяркуецца, што Аляксандар Мілінкевіч загадзя прыдзе на Кастрычніцкую плошчу, дзе патлумачыць сытуацыю і заклікае ўсіх перайсьці да Акадэміі навук. І ўжо адтуль ісьці да Чарнобыльскай капліцы. Гэты маршрут ўзгоднены з міліцыяй, якая абяцае перакрыць дарожны рух падчас шэсьця.

Сёлета Чарнобыльскі шлях пройдзе пад дэвізам “Свабода. Праўда. Справядлівасьць”, які быў агучаны падчас выбарчай кампаніі камандай Аляксандра Мілінкевіча. Арганізатары акцыі мяркуюць, што яна будзе мець і экалягічны, і палітычны характар, бо аварыя на ЧАЭС была ня толькі тэхнагеннай катастрофай, але і палітычнай праблемай, наступствы якой доўгі час замоўчваліся.

Аргкамітэт прызначыў вядомага мастака Аляксея Марачкіна адказным за афармленьне калёны. Паводле яго, гэтым разам усё будзе традыцыйным:

(Марчакін: ) "Як заўсёды, наперадзе абраз Маці Божай ахвяраў Чарнобыля. Гэта той самы Абраз, які дзесяць гадоў таму быў зьбіты, памяты падчас вядомых падзеяў на праспэкце Скарыны. І традыцыйны Чарнобыльскі звон. Мы думалі, што, магчыма, мог быць і звон Свабоды. Але ён цяпер за кратамі. І расьцяжкі: "Мы хочам жыць у свабоднай краіне, улады якой не ілгуць сваім грамадзянам", "Мы хочам быць здаровымі", "Мы хочам, каб нашыя галасы праўдзіва лічылі".

Я пацікавіўся ў спадара Марчакіна лёсам звана Свабоды:

(Марачкін: ) "Вялікі звон Свабоды быў арыштаваны 20-га сакавіка і знаходзіцца ў міліцыі Цэнтральнага раёну Менску. Няма ніякіх прычынаў яго там трымаць, бо ён зроблены легальна. На ім вядомыя словы Васіля Быкава, Кастуся Каліноўскага, Льва Сапегі, Францішка Скарыны пра свабоду. Але ўлады зацягваюць зь яго вяртаньнем. І я разумею, чаму. Для ўлады страшныя ня толькі носьбіты ідэяў свабоды, якія былі арыштаваныя і сядзелі за кратамі, але і сымбаль свабоды – наш Звон".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG