Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Сойме Літвы прыняты праект рэзалюцыі адносна Чарнобыльскай катастрофы


Тацяна Поклад, Вільня Сёньня парлямэнцкі камітэт замежных справаў Літвы зацьвердзіў праект рэзалюцыі адносна 20-годзьдзя катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Ініцыятар, літоўскі парлямэнтар Вацлаў Станкевіч, заявіў, што Літва павінна абараняць інтарэсы пацярпелых ад трагедыі беларусаў на міжнароднай арэне, паколькі беларуская афіцыйная ўлада знаходзіцца ў міжнароднай ізаляцыі і ня можа гэтага рабіць належным чынам.

У прынятым праекце рэзалюцыі літоўскі Сойм выказвае салідарнасьць зь беларускім, украінскім і расейскім народамі і ўсімі пацярпелымі ад Чарнобыльскай навалы, выказвае свае спачуваньні ўсім пацярпелым і іх блізкім і заклікае ўрад Літоўскай Рэспублікі, ўрады іншых краінаў Эўразьвязу і ўсяго сьвету памятаць пра гэтую катастрофу і актыўна дапамагаць у ліквідацыі наступстваў аварыі.

На паседжаньні парлямэнцкага камітэту замежных справаў, калі прыймаўся праект рэзалюцыі, старшыняваў Аўдроніс Ажубаліс. Ён сказаў для нашага радыё пасьля паседжаньня ў Сойме:

(Ажубаліс: ) “Гэта не якая-небудзь сьвяточная прынагодная рэзалюцыя. Гэта дакумэнт пра стаўленьне Сойму да вялікага няшчасьця, катастрофы, пра нашае спачуваньне. Мы заклікаем да дапамогі пацярпелым і нагадваем пра гэта міжнароднай супольнасьці, і разам з тым заклікаем літоўскі урад прыкласьці намаганьні, каб пацярпелыя і іх блізкія не засталіся бяз падтрымкі”.

Літоўскі парлямантар Вацлаў Станкевіч, які ініцыяваў гэтую рэзалюцыю, нагадвае, што “Чарнобыльская аварыя сталася супольнай трагедыяй”, аднак “міжнародная супольнасьць патроху забываецца на гэтую трагедыю”. В. Станкевіч сказаў нашаму радыё:

(Станкевіч: ) "Хацеў бы асабліва падкрэсьліць становішча Беларусі. Ізаляваная палітычна Беларусь ня мае шмат магчымасьцяў уздымаць праблемы наступстваў Чарнобыльскай трагедыі для свайго народу на міжнароднай арэне. Суседняя Літва павінна ўздымаць гэтае пытаньне на ўзроўні Эўразьвязу, магчыма і на ўзроўні НАТО, і дапамагчы свайму суседу, беларускаму народу.

Літва хаця і невялікая краіна, але удзельнічае ва ўсіх структурах Эўразьвязу. Нашыя суседзкія і чалавечыя суадносіны абавязваюць нас працаваць у гэтым накірунку. І я запрапанаваў як першы крок гэтую рэзалюцыю. Магчыма, гэта і не вельмі вялікі крок, але колькі я буду працаваць у Сойме Літвы, я буду імкнуцца, каб Чарнобыльская праблема, асабліва ў дачыненьні да Беларусі, сталася б прыярытэтам для літоўскага ўраду, для парлямэнту, і асабліва для міністэрства замежных справаў, каб гэта было прыярытэтам працы ў замежнай палітыцы, каб такім чынам дапамагчы нашаму суседняму беларускаму народу".

Рэзалюцыя “Адносна 20-годзьдзя катастрофы на Чарнобыльскай АЭС” стаіць на парадку дня пленарнага паседжаньня Сойму Літвы напярэдадні 26 красавіка.

На здымку: літоўскі парлямэнтар Вацлаў Станкевіч, сябра парлямэнцкай групы “За дэмакратычную Беларусь”.
XS
SM
MD
LG