Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

С.Алексіевіч: "Чарнобыль ідзе далей за Галакост"


Юры Дракахруст, Прага Ці стаў Чарнобыль для беларусаў нацыянальнай траўмай такога ж маштабу, як для габрэяў – Галакост, ці для армянаў – генацыд 1915 году? Чым адрозьніваецца сьвядомасьць жыхароў Чарнобыльскай зоны ад сьвядомасьці беларусаў астатняй часткі краіны? Ці трэба беларусам забыць Чарнобыль, каб жыць далей?

Гаворыць пісьменьніца Сьвятлана Алексіевіч:

(Алексіевіч: ) "Я прыгадваю, як прысутнічала пры эвакуацыі адной вёскі. І вось мы стаім з палкоўнікам, які кіруе эвакуацыяй, падбягаюць салдаты і гавораць, што адна старая ня хоча сыходзіць са свайго дому. Мы падыходзім да гэтага дому, стаіць бабка са сваім катом, трымае ікону ў руках, і яна, убачыўшы мяне, адну жанчыну сярод мужчынаў, кажа: "Дзетачка мая, ну хіба гэта вайна? Я ж перажыла вайну, тады страляюць, бамбардзіруюць, чужыя салдаты, а тут жа сонейка сьвеціць, салдаты свае, птушкі лётаюць, нават мышку сёньня маленькую бачыла. Чаму я павінна сыходзіць? Хіба гэта вайна?" Вось гэта культура вайны, культура нашай сьвядомасьці.

І ані я, ані гэты палкоўнік, ані вучоны, які падышоў пазьней, не маглі адказаць на пытаньне гэтай старой. Толькі потым я зразумела, што гэтая бабка сфармулявала галоўнае пытаньне, якое зьявілася ў гэтым пасьлячарнобыльскім сьвеце. Так – гэта вайна, але зусім іншая. І людзі ня ў стане яе асэнсаваць, у іх няма гэтага інструмэнта.

Мы спыняем сваё асэнсаваньне на ўзроўні пакутаў. Вось гэта і ёсьць наша праца – культура галашэньня. Але праца інтэлектуальная ня зробленая, ня зробленая ані грамадзтвам, ані асобнымі інтэлектуаламі.

Чарнобыль ідзе далей за Галакост. Чаму? Таму што ён адчыняе бездань зьнішчэньня. Гэта зьнішчэньне нават не асобнай нацыі, гэта зьнішчэньне ранейшага ўяўленьня пра сьвет. Гэта ўсё ўзарванае. Стала відавочна, што гэта шлях да самазьнішчэньня, што чалавек паставіў сябе ў гэтым сьвеце не на тое месца. Чалавек зьнішчае сябе, дрэва, птушку, усе навакольныя біялягічныя віды. Галакост – гэта агромністая трагедыя, гэта трагедыя ня толькі габрэйскага народу, гэта трагедыя ўсясьветнай культуры. Але Чарнобыль – яшчэ далей.

Гэтая вайна ідзе кожны дзень, яна забівае нас гэтымі малымі дозамі, забівае вада, зямля, ежа.

Я памятаю, самае дзіўнае ўражаньне, якое ў мяне было ў зоне, гэта тое, што гэтым ліквідатарам выдавалі аўтаматы.

Сьмерць паўсюль, сьмерць пад новым абліччам, нельга ляжаць, сядзець на зямлі, нельга доўга каля дрэва стаяць, лічыльнік шчоўкае, а чалавек ходзіць з аўтаматам. Былі там лётчыкі, якія прыляцелі з Аўгана. Яны кажуць :"Што мы тут робім, з кулямётамі на борце? Мы атрымліваем дозы і больш нічога." У каго яны павінны былі там страляць?

На маіх вачах абрыналася культура вайны, культура ранейшага сьвету, як дачарнобыльскі чалавек ператвараўся ў чарнобыльскага.

А паколькі ў нас сёньня сыстэма закрытая, сыстэма аўтарытарная, то мы робім злачынства і супраць уласнага народу, і супраць чалавецтва. Чаму? Мы сталі гіганцкай чарнобыльскай лябараторыяй. Але мы гэтыя веды хаваем і ад сябе, і ад уласнага народу.

Тое, што з намі адбылося, тое, чым стане Чарнобыль для нас і для ўсяго чалавецтва, гэта будзе асэнсавана, але для гэтага можа быць спатрэбіцца яшчэ 10-20 гадоў".
XS
SM
MD
LG