Лінкі ўнівэрсальнага доступу

10 гадоў таму ракетным ударам расейцы забілі Джахара Дудаева


Валер Каліноўскі, Прага 10 гадоў таму ў Ітум-Калінскім раёне Чачні накіраваным ракетным ударам з самалёта быў забіты першы чачэнскі прэзыдэнт Джахар Дудаеў. У час нападу ён размаўляў па спадарожнікавым тэлефоне з расейскім палітыкам Канстанцінам Баравым. На месцы забойства цяпер стаіць гранітны камень з мэмарыяльным надпісам.

Паплечнікі пахавалі Джахара Дудаева ў гарах, але месца пахаваньня дагэтуль трымаецца ў сакрэце. Дудаеў да апошняга спадзяваўся на ўрэгуляваньне адносін з Расеяй, яго забілі за чатыры месяцы да так званага хасаўюртаўскага мірнага пагадненьня.

У 1994 годзе ў інтэрвію журналісту Ітар-ТАСС Джахар Дудаеў казаў:

(Дудаеў: ) “Мы не можам зараз да Расеі адносіцца жорстка і непрымірыма. Расеі патрэбная дапамога, і мы гатовыя яе аказваць, і ўжо аказваем, хоча яна ці не. На ўсе яе дывэрсіі і правакацыі мы адказваем толькі жаданьнем дабра і прыстойнасьцю. Ні аднаго нэгатыўнага кроку з нашага боку ў адносінах да Расеі не зроблена, ні ў якім пытаньні, ні ў эканамічным, ні ў палітычным”.

Сёньня ніякіх грамадзкіх акцыяў да гадавіны сьмерці Джахара Дудаева ні ў Чачні, ні за мяжой не прымеркавана.

У Менску пад час Чарнобыльскага шляху у 1996 годзе лідэр БНФ Зянон Пазьняк заклікаў удзельнікаў мітынгу ўшанаваць памяць забітага чачэнскага прэзыдэнта хвілінай маўчаньня, ён сказаў тады, што чачэнцы змагаюцца і за беларускую свабоду таксама.

Спадар Пазьняк і цяпер заяўляе, што постаць Джахара Дудаева – гераічная.

(Пазьняк:) “Джахар Дудаеў – адна з самых моцных фігур на Каўкаскім небасхіле. Ён яднаў у сабе самыя неабходныя якасьці, якія вымагала эпоха, – якасьці палітыка, дзяржаўнага дзеяча, ваеннага кіраўніка і патрыёта. Па ўзроўні і па справах, ён стаіць побач з такімі характэрнымі фігурамі 20-га стагодзьдзя як Юзаф Пілсудзкі і Шарль дэ Голь. Ён гэтак жа, як і Пілсудзкі, арганізаваў нацыю на ўзброеную вайну за незалежнасьць і выйграў вайну з Расеяй. Ён паказаў і сьцьвердзіў, што чачэнцы ня могуць існаваць інакш, як у свабодзе”.

Забойства Дудаева Зянон Пазьняк назваў подлым ударам з-за вугла.
XS
SM
MD
LG