Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Студэнтам БНТУ пагражаюць, выклікаюць на гутаркі супрацоўнікі КДБ


Радыё Свабода Студэнтаў Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўнівэрсытэту, якія ўдзельнічалі ў акцыях пратэсту на Кастрычніцкай плошчы Менску, выклікалі на гутарку з супрацоўнікам КДБ. Прадстаўнік Камітэту дзяржбясьпекі пагражаў студэнтам адлічэньнямі за магчымы ўдзел у Чарнобыльскім шляху 26 красавіка, а таксама заклікаў да супрацоўніцтва.

Каля дзесяці студэнтаў факультэту інфармацыйных тэхналёгіяў, якія адбылі адміністрацыйны арышт, выклікалі ў дэканат і папярэдзілі пра абавязковасьць сустрэчы з прадстаўніком КДБ. Супрацоўнік КДБ Дзьмітры Сьвістун шмат распытваў кожнага студэнта пра падзеі 19—25 сакавіка, а таксама папярэджваў, каб яны ня ўдзельнічалі ў будучых акцыях пратэсту, кажа адзін са студэнтаў Андрэй.

(Андрэй: ) “Спачатку ён казаў, маўляў, гэта ў тваіх інтарэсах, каб ты не хадзіў больш на плошчу, што каб 26 красавіка вас там нікога не было. Але калі ты там будзеш, то цябе абавязкова выключаць”.

Потым спадар Сьвістун прапанаваў студэнту супрацоўніцтва, паабяцаўшы посьпехі ў вучобе й будучы кар’ерны рост, але той адмовіўся. Тым ня менш, Андрэй лічыць, што гэтая сустрэча была не апошняя.

(Андрэй: ) “Мяне будуць выклікаць, бо я бачыў інтарэс да сябе. Бо я размаўляў зь ім на адным узроўні й псыхалягічна я не слабейшы — а, магчыма, й мацнейшы за яго”.

Праз аналягічную гутарку прайшлі таксама й іншыя студэнты БНТУ, але паводле Андрэя, ягоных сяброў гэта не напалохала. Пэрсанальную сустрэчу з прадстаўніком КДБ мела таксама студэнтка эканамічнага ўнівэрсытэту Вольга Вашкевіч. Акрамя таго, на сходзе групы дэканат запатрабаваў ад студэнтаў узяць яе пад кантроль, кажа Вольга.

(Вольга: ) “Сказалі, што павінна быць паручальніцтва. Гэта значыць, што яны павінны гарантаваць, што я нікуды больш не пайду й ня буду ўдзельнічаць ні ў якіх акцыях, але я адмовілася ад гэтага й больш нічога не казала”.

Праваабаронца Юры Чавусаў называе гэта акцыяй запалохваньня грамадзка актыўных студэнтаў напярэдадні Чарнобыльскага шляху 26 красавіка.

(Чавусаў: ) “Відавочная акцыя запалохваньня моладзі перад наступнай акцыяй дэмакратычных сілаў, якая адбудзецца 26 красавіка. Спэцслужбы ціснуць на моладзь, каб не дапусьціць новае пакаленьне, якое ўжо сфармавалася, да ўдзелу ў гэтай акцыі”.

Днямі ў Беларускім дзяржаўным эканамічным унівэрсытэце прайшлі сходы датычна студэнтаў, якія адбылі адміністрацыйны арышт за ўдзел у акцыях пратэсту на Кастрычніцкай плошчы Менску. Кіраўніцтва ўнівэрсытэту дамагалася, каб студэнткі Тацяна Дзядок, Вольга Сныткіна й Марына Вашкевіч пакаяліся перад аднагрупнікамі за свае погляды, а студэнты асудзілі іхныя паводзіны.

Раней кіраўніцтва БДЭУ выключыла студэнтку Тацяну Хому за ўдзел у Міжнародным форуме студэнтаў у Францыі.
XS
SM
MD
LG