Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзярждума Расеі прыняла заяву аб неўмяшаньні Захаду ў справы Беларусі


Радыё Свабода Сёньня Дзярждума Расеі ўхваліла заяву “Аб недапушчальнасьці ўмяшаньня ва ўнутраныя справы Беларусі”. Ініцыявалі заяву дэпутаты-камуністы. Яе аўтарамі былі старшыня камітэту Думы па справах СНД Андрэй Какошын, кіраўнік міжнароднага камітэту Канстанцін Касачоў ды іншыя.

Дэпутаты Думы асудзілі пэрсанальныя візавыя санкцыі краінаў Захаду супраць вышэйшага кіраўніцтва Беларусі, якія былі ўведзеныя пасьля несумленных і фальсыфікаваных выбараў 19 сакавіка, і выказалі занепакоенасьць замежнымі “спробамі ўмяшаньня ва ўнутраныя справы сувэрэннай дзяржавы”, выкарыстаньнем “падвойных стандартаў” з боку Эўрапейскага зьвязу.

Дзярждума Расеі назвала рэакцыю Захаду на беларускія выбары “грубай непавагай да выбару беларускіх выбарцаў, якія 19 сакавіка 2006 года падтрымалі курс кіраўніцтва краіны, аддаўшы за дзейнага прэзыдэнта рэспублікі абсалютную большасьць галасоў”.

Расейская Дума адкінула таксама абвінавачваньні з Захаду і на адрас Расеі ў падтрымцы дыктатарскага рэжыму Лукашэнкі. Расейскі парлямэнт сьцьвярджае, што Расея дае “грамадзянам Беларусі ўсебаковую падтрымку і разьвівае ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва”.

Апрача таго дэпутаты Дзярждумы пацьвярджаюць сваю прыхільнасьць далейшай пабудове так званай "саюзнай" дзяржавы Расеі і Беларусі.

Заява расейскіх дэпутатаў будзе накіраваная ў Парлямэнцкую асамблею Рады Эўропы, АБСЭ, Эўрапарлямэнт і ў Нацыянальны сход Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG