Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Традыцыі кірмашу


Вячаслаў Ракіцкі, Менск (эфір 20 красавіка) Новая перадача сэрыі “Беларуская Атлянтыда” Удзельнічае этнакультуроляг Тацяна Валодзіна.

(Вячаслаў Ракіцкі: ) “Цяжка ўявіць сабе жыцьцё бяз рынкаў. У Менску — Камароўка, Дынама, Ждановічы… У кожным вялікім, ці малым горадзе ёсьць свае базары. А нашыя бацькі называлі іх кірмашамі. І сёньня вабяць гэтыя месцы ня толькі патрэбай штосьці купіць, але й памкненьнем “на другіх паглядзець ды сябе паказаць”. Можна згадаць і аб’яднаньне гандляроў, што тут працуюць, як выразнікаў пэўнага вольнага духу й асаблівай атмасфэры. Словам — кірмаш. Месца і працэс тых дзеяў у жыцьці грамадзтва, якія, як цьвердзяць барадатыя клясыкі, паступова вядуць да ідэалаў зусім некамэрцыйных — свабоды, роўнасьці, узаемапавагі”.

(Тацяна Валодзіна: ) “Кірмаш як месца, час і ўласна працэс пашыранага гандлю ў пэўнай мясцовасьці ў народных уяўленьнях беларусаў вылучаўся з штодзённага жыцьця, набліжаўся да сьвяточнага часу і насычаўся сымбалічнымі дзеяньнямі. Кірмаш часта прымяркоўваўся да храмавых (прыхадзкіх) сьвятаў з набажэнствамі, часьцей праваслаўнымі, а таксама да народных сьвятаў. У існасьці, кірмаш раней быў традыцыйным абрадам, які сымбалізаваў пэўнае касьмічнае дзеяньне каляндарнага цыклю й адлюстроўваў далучанасьць чалавека працы да прыроднага й грамадзкага жыцьця”.

(Ракіцкі: ) “Кірмаш як зьяву можна назіраць і сёньня, як у вялікіх гарадах, так і мястэчках. Але якім кірмаш быў раней?”

(Валодзіна: ) “Найперш у апісаньнях адзначаецца рознабаковасьць, поліфункцыянальнасьць кірмашу як такога, немагчымасьць зьвесьці яго толькі да працэсу куплі-продажу. Вось як з уласьцівым яму досьціпам апісвае кірмаш Часлаў Пяткевіч:

“Ніводнага з кірмашоў паляшук не прапускае, абавязкова едзе ці ідзе, хоць і не заўсёды маючы патрэбу купіць ці прадаць. Робіць ён гэта па звычцы, па прыкладзе іншых, а часьцей, адчуваючы патрэбу ў новай кампаніі. Не падлягае сумненьню, што да гэтай вылазкі цягне яго таксама пэрспэктыва выпіўкі ў новым акружэньні. Такіх на кірмашы бывае найболей: тых, якія купляюць і займаюцца абменным гандлем, значна меней, а яшчэ меней тых, хто прадае за наяўныя грошы. На староньняга гледача бязладны рух гэтага тлуму робіць уражаньне мурашніка, а характэрны гул — гоман — набліжэньня навальніцы. Празь некалькі гадзінаў тлум пачынае радзець; адны, зрабіўшы справы, едуць альбо ідуць дадому, іншыя з прычыны заканчэньня гандлю ці заключэньня нейкіх іншых пагадненьняў сьпяшаюцца ў карчму, каб замачыць гэтыя інтарэсы — піць магарыч — і пакупкі, а сьледам за тым здараюцца там і беспрычынныя — прыключкі да піятыкі. — Ну што, кум (альбо) сват? Хадзем і мы да разап’ем кварту. — А можа, — кажа трэці, — і мая кварта прыгадзіцца? —Да што там будзем цыркаць па квартачцы, — адгукаецца адразу некалькі. — Ось складземся да пастаўма сабе гарнец, то хаць паглядзець будзе на што”.

Відавочна, што падчас правядзеньня кiрмашоў мяняўся ўвесь жыцьцёвы лад гарадоў i мястэчак, быцьцё напаўнялася новым сэнсам. I.Крашэўскi ў сваёй брашуры “Зэльвенскi кiрмаш”, выдадзенай у 40-я гады ХІХ стагодзьдзя, пiсаў, што з даўняга часу Зэльва й яе жыхары падпарадкоўваюцца дзіўнаму праву, калi адзінаццаць месяцаў у год яны марнеюць, i толькi месяц — кірмашовы — жывуць”.

(Ракіцкі: ) “Вы згадалі, што кірмашы прымяркоўваліся да пэўных сьвятаў, хрысьціянскіх або народных. Але якіх сьвятаў? І чаму?”

(Валодзіна: ) “Па ўсёй Беларусі былі распаўсюджаныя кірмашы на Юр’я, Дзявятнік, Міколу, Тройцу, Ільлю, Узьвіжаньне, Пакроў. На Ўзьвіжаньне ў Мёрскім раёне яшчэ ў канцы ХІХ стагодзьдзя з былога ўніяцкага храму выносілі на пакланеньне цудатворную статую ў невялікай труне й ставілі яе на цьвінтары. Побач садзіліся манахі й прымалі ахвяраваньні ў выглядзе воўны, лёну, палатна, грошай і г.д. Каля царквы раскладалі свае тавары гандляры. У мястэчку Пагост Жыткавіцкага раёну на Ўзьвіжаньне на пакланеньне каменнаму крыжу сыходзіліся тысячы людзей, пасьля чаго ладзіўся кірмаш. Прычым, у мясцовых жыхароў на продаж тавараў існавала своеасаблівае табу, яны маглі толькі купляць тыя ці іншыя рэчы”.

(Ракіцкі: ) “Правілы гандлю практычна нязьменныя ва ўсе часы. Але ж вакол гандлю разгортвалася сваё жыцьцё. Што ж на такіх імпрэзах дазвалялася або забаранялася?”

(Валодзіна: ) “Як гэта ня дзіўна й, можа, нават непрыемна, але часам моладзі з навакольных вёсак дазваляліся вольныя паводзіны. Маўляў, які кірмаш без крадзяжу і свавольства. Таму яны перад кірмашом, уначы, “гудзілі” — гэта значыць, сваволілі, а больш дакладна — спальвалі шапкі на вогнішчах, абразалі цуглі на конях, кралі трубы для адпужваньня ваўкоў і г.д.). Тым, хто “гудзіў”, на наступны дзень на кірмашы дазвалялася красьці, асабліва шапкі. Тут мы назіраем як бы рытуальна санкцыяваную сваволю”.

(Ракіцкі: ) “А правілы самаго гандлю? Што рабілі, каб выгадна прадаць або набыць?”

(Валодзіна: ) “Існуе значная колькасьць магічных прадпісаньняў, якія суправаджалі падрыхтоўку да кірмашу ды рэглямэнтавалі паводзіны чалавека на ім. Так, каб гаспадару спрыяла ўдача, яго сямейныя, пакуль той яшчэ ня выехаў са двара, зачынялі печ засланкай. Калі ў таго, хто прадае, першым пакупніком акажацца мужчына, то продаж пойдзе ўдалы, калі жанчына — наадварот. Пры продажы свойскай жывёлы ўважліва сачылі за яе паводзінамі. Паўсюль у Беларусі лічылася, што прадаваць карову трэба разам зь вяроўкаю, а каня — з аброцьцю, каб ён не вярнуўся да старога гаспадара. Верылі, што, калі пасадзіць парася ў мех наперад галавой, трымаючы за заднія ногі, то ў прадаўца гэтая скаціна перавядзецца, а ў пакупніка распладзіцца”.

(Ракіцкі: ) “Вядома ж, як і цяпер, так і раней, на кірмашах люд вірыў, перамяшчаўся хаатычна й інтэнсіўна, адбываліся розныя, часам і не зусім здатныя апэрацыі. Акрамя таго, рынак — месца асабліва відавочнай прысутнасьці чужых. Наколькі ўплываў такі расклад на стаўленьне да кірмашу? Зь якім знакам ён успрымаўся?”

(Валодзіна: ) “Па праўдзе, усё гэта прыводзіла да разуменьня кірмашу як патэнцыйна небясьпечнага лёкусу, што, у сваю чаргу, вымагала выкананьня шэрагу забаронаў. Небясьпека, “інфэрнальнасьць” кірмашоў выяўляецца ня толькі ў этнасацыяльным (“бяз злодзеяў кірмаш не жыве”), але і ў міталягічным пляне. Пры гэтым паказальна, што чорт, які любіць зьяўляцца на кірмашы і пад’юджваць людзей на крадзяжы, ашуканства, п’янства й сваркі, прымае выгляд “чужынца”: “паніча”, “немчыка”, “чорнага маскаля”. Разам з тым, кірмаш у традыцыйным сьветаглядзе беларусаў зьяўляецца і тым месцам, дзе можа адбыцца знакавая сустрэча чалавека і Бога. У беларускім казачным фальклёры герой зьдзяйсьняе на кірмашы надзвычайныя куплі-продажы. Пры гэтым сьвядома парушае звычаёвыя правілы і лёгіку гандлю. Прыкладам, прадае харта без павадка, вала безь вяроўкі, купляючы дарагое нашмат таньней і дасягаючы тым самым перамогі над ворагамі, шчасьця й дабрабыту”.

(Ракіцкі: ) “Гэта ўсё ж бачаньне кірмашу сялянствам, традыцыйнай вёскай. Але ж кірмашы ладзіліся ў гарадах і, натуральна, меркавалі нейкія імпрэзы для гараджанаў і нават прадстаўнікоў вышэйшай клясы. Што вядома на гэты конт?”

(Валодзіна: ) “Насамрэч, гандлёвыя дзеяньнi штогоднiх сьвяточных таргоў пры захаваньнi традыцыйнай формы куплi-продажу набывалi розныя ўвасабленьнi. Складнікам гандлёва-гульнявой дзеi стаў кiрмашовы тэатар. Разам з батлейкай на беларускiх кiрмашах зьяўляецца “тэатар-фрай”. Сутнасьць яго заключалася ў наступным: на кiрмашовай плошчы на зямлi акрэсьлiвалi кола, якое атачалi канатамi, i ў гэтым крузе артысты вандроўных гуртоў паказвалi цыркавыя прадстаўленьнi альбо выступалi з вакальнымi й танцавальнымi нумарамi. Затым артысты абыходзiлi па коле гледачоў i зьбiралi грашыма або харчамi плату за прагляд. Вось як апiсвае граф Патоцкi баўленьне часу сьвецкiмi асобамi на Сьвiслацкiм кiрмашы 1816 году:

“Усе прысутныя паселi на баркi й пры водгуках музыкi пачалi плаваць па ставе. Калi наблiзiлiся да адной з выспаў, пад расьцягнутым багатым шатром убачылi Канстанцiна Астроскага, якi спачываў на ложы. Ён быў накрыты буркаю, навакол быў разьвешаны вайсковы рыштунак. Побач сядзела дачка. Малады збраяносец каля ног, падыгрываючы на лiры, сьпяваў... пра перамогу пад Воршаю. На другой высьпе спатканьне Рахiлi зь Якавам каля студнi. На трэцяй было разыграна некалькi сцэнаў з “Дон Кiхота” Сэрвантэса: змаганьне зь ветракамi й разьвiтаньне вандроўнага рыцара з Дульцынэяю”.

Паралельна з варыянтамi кiрмашовага тэатру на беларускiх штогоднiх сьвяточных таргах узьнiкаюць, разьвiваюцца пацехi й забавы масавага характару, якiя ладзiлi як у час гандлю, так i пасьля яго. Часта на кiрмашах ладзіліся танцы. На гарадзкiх i вясковых кiрмашах Беларусi ХІХ стагодзьдзя існавалі й азартныя гульнi”.

(Ракіцкі: ) “Такім чынам, зьбіраліся й зьбіраюцца на кірмашы з рознымі мэтамі: купіць, прадаць, адпачыць душою, падзяліцца думкаю ды чаркаю”.

(Валодзіна: ) “Сымбалічная ж неадназначнасьць кірмашу ў міталягічнай карціне сьвету беларусаў бачыцца, з аднаго боку, у прымеркаванасьці яго да хрысьціянскіх сьвятаў, ды сьвятых месцаў, а зь іншага — абавязковасьцю карчмы, якая была, дый ёсьць неад’емным атрыбутам кірмашовай прасторы. Усё разам прэзэнтуе кірмаш у сьвеце людзей як сакральную (боскую), так і інфэрнальную (чортаву) сфэры сьветабудовы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG