Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Польскія палітыкі – пра практыку публічных пакаяньняў


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава У Польшчы працягваюць уважліва сачыць за тым, што адбываецца ў Беларусі пасьля выбараў. Апошнія паведамленьні пра змушэньне беларускіх студэнтаў да публічных пакаяньняў за ўдзел у акцыях пратэсту ў Польшчы называюць “практыкай сталінскіх часоў, якая не прынясе ніякіх вынікаў”.

Былы паплечнік Леха Валэнсы, легендарны апазыцыянэр і палітвязень, а потым дэпутат Сэйму і чалец ураду вольнай Польшчы Генрых Вуец лічыць, што змушэньне студэнтаў да публічнага каяньня прынясе адваротны вынік.

(Вуец: ) “Мэта гэтага – прынізіць тых, хто браў удзел у акцыях пратэсту, шантажаваць і пагражаць стратай месца ў ВНУ, што для маладога чалавека, натуральна, вельмі важна.

Але гэта ня дасьць ніякіх вынікаў, бо калі чалавека змушаюць каяцца, дык ён робіць гэта не ад чыстага сэрца, але яшчэ больш ненавідзіць усю гэтую сыстэму. Гэта нагадвае мне камуністычныя, сталінскія часы, і такія рэчы прывядуць толькі да ўзмацненьня незадаволенасьці і нянавісьці да людзей, які змушаюць рабіць нешта насуперак уласнаму сумленьню.

Мы не павінны маўчаць у такой сытуацыі, асабліва калі Менск робіць нейкія захады, каб палепшыць дачыненьні з Польшчай. Але як можна казаць пра нармальныя дачыненьні, калі такія рэчы адбываюцца ў Беларусі, калі парушаюцца фундамэнтальныя правы чалавека”.

Беластоцкі гісторык, прафэсар Яўген Мірановіч прыгадвае, што ў Польшчы практыка публічных пакаяньняў была найбольш распаўсюджаная у 1950-я гады.

(Мірановіч: ) “У камуністычнай Польшчы ў 50-я гады, гэта была штодзённая практыка. Гэта прыйшло, вядома, з Савецкага саюзу і выкарыстоўвалася ў часы поўнай залежнасьці ПНР ад СССР”.

Між тым Філіп Лібіцкі – дэпутат Сэйму з Познані ад кіруючай партыі “Права і справядлівасьць”, адзначае, што кожны беларускі студэнт, які адмовіцца “прызнаць свой удзел ў акцыях пратэсту памылковым” і будзе выключаны з ВНУ, павінен мець магчымасьць працягнуць навучаньне ў Польшчы.

(Лібіцкі: ) “Я зьвязваўся з кіраўнікамі ВНУ Познані ў гэтай справе і магу сказаць, што пераважная большасьць зь іх, я нават быў уражаны, вельмі ахвотна гатовыя дапамагчы. Так што беларускія студэнты напэўна змогуць давучыцца ў нас”.

***

Нагадаем, што два дні таму ў Беларускім дзяржаўным эканамічным унівэрсытэце (БДЭУ) адбыўся студэнцкі сход у справе студэнткі 4-га курсу Тацяны Дзядок. Яна адбыла 10 сутак арышту за ўдзел у пратэстах на Кастрычніцкай плошчы Менску. Кіраўніцтва навучальнай установы патрабавала, каб студэнты асудзілі сваю аднагрупніцу, а сама Тацяна Дзядок публічна пакаялася за свае паводзіны. Каяцца Тацяна Дзядок.

Былы прарэктар Белдзяржунівэрсытэту Анатоль Паўлаў заявіў, што яму сорамна за такіх выкладчыкаў, бо нават у часы сярэднявечча ўнівэрсытэт заставаўся крыніцаю свабоднай думкі.

Гл.таксама • У БДЭУ адбыліся яшчэ два "таварыскія" сходы • Дэкан БДЭУ патрабаваў публічнага пакаяньня студэнткі • Экс-прарэктар БДУ: "Гэта не пэдагогі, а прыслужнікі!" • А.Казулін асудзіў дзеяньні рэктара БДЭУ Шымава • Былая намесьніца міністра адукацыі, прарэктар ЭГУ: "Калі ўнівэрсытэт становіцца такім, то ў краіны няма будучыні" • Якая практыка публічных пакаяньняў у Беларусі?
XS
SM
MD
LG